Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка набудзе чарговую партыю кітайскіх грузавых электравозаў

16 ліпеня 2013

Адпаведныя кантракты паміж Беларускай чыгункай і карпарацыяй па экспарце і імпарце электраабсталявання Кітая «China National Electric Import & Export Corp.» падпісаны у Пекіне ў рамках афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай.

Таксама падпісана крэдытнае пагадненне з Экспартна-імпартным банкам Кітая па рэалізацыі інвестыцыйнага праекта «Электрыфікацыя ўчасткаў Гомель—Жлобін—Асіповічы і Жлобін—Калінкавічы. Другая чарга. Участак Гомель—Жлобін».

 

Дэлегацыю Беларускай чыгункі ўзначальвае начальнік магістралі Уладзімір Марозаў. Праграмай візіту таксама запланавана правядзенне перамоваў аб перспектывах двухбаковага супрацоўніцтва з кіраўніцтвам карпарацыі па экспарце і імпарце электраабсталявання Кітая «China National Electric Import & Export Corp.», а таксама Экспартна-імпартнага банка Кітая.

Развіццё канструктыўнага дыялогу з кітайскімі партнёрамі для беларускай магістралі - гэта адно з найважнейшых напрамкаў міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы транспарту і лагістыкі.

Па кантрактах плануецца набыццё 18 аднасекцыйных грузавых электравозаў, якія будуць пастаўлены на беларускую магістраль на працягу 21 месяца. Кантрактам таксама прадугледжана пастаўка камплектаў запасных частак і матэрыялаў для абслугоўвання новага рухомага саставу. Агульная сума кантракту — 116910000 долараў ЗША. 85% ад сумы кантракту — гэта крэдытныя рэсурсы Эксімбанка Кітайскай Народнай Рэспублікі.

Уся партыя электравозаў будзе выраблена на Датунскiм электравозабудаўнічым заводзе. Згодна з тэхнічным заданнем і ўмовамi кантракту магутнасць электравоза — 7200 кВт, канструкцыйная хуткасць — 120 км / гадзіну. Электравозы, што будуць закуплены, на 80% уніфікаваны з двухсекцыйнымі электравозамi БКГ1, якія былі набытыя раней.

Што тычыцца першай партыі кітайскай электровознай тэхнікі, 9 машын БКГ1 ўжо знаходзяцца ў пастаяннай эксплуатацыі, яшчэ тры праходзяць доследную эксплуатацыю. Прабег першых двух прыбыўшых з Кітая электравозаў перавысіў 150000 кіламетраў. Кітайская тэхніка істотна пераўзыходзіць электравозы ВЛ-80 па тэхнiчных характарыстыках, акрамя таго, яна больш эканамічная.

Калі ўжо эксплуатаваныя на беларускай магістралі двухсекцыйныя электравозы БКГ1 у асноўным выкарыстоўваюцца для транспарціроўкі цяжкавагавых саставаў, якія, у прыватнасці, ідуць з Расіі, то аднасекцыйную мадэль плануецца запусціць у эксплуатацыю на ўсім палігоне электрыфікаваных участкаў Беларускай чыгункі.

- Мы далёка не выпадкова выбралі аднасекцыйную мадэль электравоза — гэта сусветная практыка, — расказаў намеснік Начальніка Беларускай чыгункі Уладзімір Балахонаў. — Набытыя намі электравозы — тэхніка, якая здольна працаваць па сістэме многіх адзінак, г. з. пры неабходнасці за некалькі хвілін мы зможам злучыць некалькі машын і атрымаем адзін магутны электравоз. У цэлым жа з улікам будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі перавод на электрычную цягу — гэта работа, якая станоўча паўплывае на эканоміку не толькі чыгункі, але і ўсёй краіны.

Яшчэ адзін важны беларуска-кітайскі інвестыцыйны праект, які разам з закупкай электравозаў накіраваны на комплекснае развіццё беларускай магістралі - гэта электрыфікацыя. Участак ад Асіповічаў да Бабруйска ўжо здадзены ў эксплуатацыю, да верасня плануецца завяршыць работы паміж Бабруйскам і Жлобінам. Акрамя таго, з 15 красавіка пачаты работы на ўчастку Гомель — Жлобін, цяпер вядзецца ўстаноўка апор кантактнай сеткі.

Агульны кошт электрыфікацыі гэтага ўчастка, згодна з падпісаным у снежні 2012 года кантрактам, складае 94,97 млн. долараў ЗША. 85% ад гэтай сумы — крэдытныя рэсурсы Эксімбанка Кітая.

- Электрыфікацыя, якую мы цяпер вядзем сумесна з кітайскімі партнёрамі - гэта абсталяванне і якасць работ сусветнага ўзроўню, — адзначыў галоўны інжынер Беларускай чыгункі Валерый Шубадзёраў. — Рэалізацыя гэтага вельмі складанага маштабнага праекта, безумоўна, адаб'ецца на сабекошце перавозак. А гэта ў сваю чаргу, не выключана, дасць магчымасць больш выгадных ўмоў перавозак для нашых кліентаў.

У цэлым жа, мяркуючы па папярэдніх ацэнках спецыялістаў, электрыфікацыя участкаў 9-га Агульнаеўрапейскага калідора, а таксама набыццё 18 кітайскіх грузавых электравозаў (з улікам першай партыі ў беларускай магістралі будзе 30 сучасных, магутных і высокатэхналагічных машын) дазволіць Беларускай чыгунцы павялічыць аб'ём перавозак на электрацязе з 28 да 46%.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2013 год