Дэлегацыя Беларускай чыгункі прымае ўдзел у пленарным пасяджэнні XLI сесіі Нарады Міністраў Арганізацыі супрацоўніцтва чыгунак (АСЧ), якое пройдзе 13—14 чэрвеня ў г. Таліне (Эстонская Рэспубліка)
11 чэрвеня 2013
Парадкам дня прадугледжаны разгляд больш за 10 пытанняў. Таксама на пасяджэнні плануецца разгледзець справаздачы аб дзейнасці АСЧ і I, II Камісій АСЧ. Акрамя таго, зацвердзіць Праграму працы АСЧ на 2014 год і наступныя гады. Вынікам 41-й сесіі Нарады Міністраў АСЧ стане падпісанне пратакола, а таксама мемарандума аб супрацоўніцтве ў галіне тэхнічнага, эксплуатацыйнага і камерцыйнага развіцця чыгуначных калідораў АСЧ.
Спецыялісты Беларускай чыгункі прымаюць актыўны ўдзел у працы Пастаянных камісій АСЧ, а кіраўніцтва чыгункі — у сесіях Нарады Міністраў і пасяджэннях Канферэнцыі Генеральных дырэктараў чыгунак.
Дзейнасць Беларускай чыгункі нацэлена на ўмацаванне яе пазіцый на сусветным рынку транспартных паслуг.
У рамках АСЧ распрацоўваюцца канкрэтныя меры, якія прадугледжваюць далейшае развіццё міжнародных чыгуначных перавозак у зносінах Еўропа—Азія—Еўропа з прымяненнем рознага транспартнага права. Таксама прымаюцца рашэнні па эксплуатацыйных, тэхнічных і экалагічных аспектах чыгуначнага транспарту.
Адным з пытанняў развіцця пасажырскіх перавозак, што вырашаюцца магістраллю ў рамках удзелу ў АСЧ, з'яўляецца ўзаемадзеянне з краінамі Еўропы.
У 2011 годзе адноўлены міжнародны маршрут Мінск—Рыга. Сумесна з літоўскімі калегамі ажыццяўляецца рэалізацыя праекта па арганізацыі хуткасных чыгуначных пасажырскіх зносін паміж Мінскам і Вільнюсам, якім запланавана скарачэнне часу руху пасажырскага цягніка з чатырох да двух гадзін.
Беларуская магістраль праводзіць работу па аўтаматызацыі працэдур аплаты і афармлення праязных дакументаў на пасажырскія цягнікі.
У цяперашні час міжнародныя чыгуначныя перавозкі ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляюцца праз 13 чыгуначных пунктаў пропуску. На беларускай магістралі самая пільная ўвага надаецца стварэнню спрыяльных умоў для развіцця транспартнай лагістыкі і павелічэння транзітных перавозак.
У рамках супрацоўніцтва беларускай магістралі з АСЧ пры актыўным ўдзеле спецыялістаў Беларускай чыгункі была распрацавана адзіная ўніфікаваная накладная ЦIМ/СМГС, якая дазваляе ажыццяўляць перавозкі на ўсім шляху руху па адной накладной без пераафармлення.
Па накладной ЦIМ/СМГС ужо ажыццяўляецца большасць кантэйнерных перавозак праз памежны пераход Брэст—Цярэспаль. Сёння па гэтай накладной курсiруюць цягнікі па тэрыторыі Беларусі і Расіі, а таксама іншых краін АСЧ. Да праекта далучаецца ўсё большая колькасць перавозчыкаў з краін Заходняй Еўропы, а таксама чыгунак Казахстана, Манголіі.
Сёння Беларуская чыгунка адкрыта для еўрапейскіх ліцэнзаваных перавозчыкаў праз сухапутныя пераходы на беларуска-польскай мяжы, дзе сканцэнтраваны асноўныя магутнасці перагрузачнай і складской інфраструктур беларускай магістралі.
На базе існуючых прадпрыемстваў Беларускай чыгункі ствараецца разгалінаваная транспартна-лагістычная сетка, удасканальваюцца тэхналогіі перавозак грузаў прамымі паскоранымі цягнікамі, перш за ўсё кантэйнернымі.
Беларуская магістраль з 2007 года ўдзельнічае ў рабоце кантактнай групы ЕЧА/АСЧ, якая створана з мэтай ліквідацыі тэхнічных бар'ераў і аналізу параметраў, якія з'яўляюцца вызначальнымі для захавання тэхнічнай і эксплуатацыйнай сумяшчальнасці чыгуначнай сістэмы каляіны 1520 мм на мяжы СНД—ЕС.
Беларуская чыгунка мае намер усімі сіламі падтрымліваць і садзейнічаць далейшаму развіццю АСЧ, паглыбляць партнёрскія адносіны паміж яе ўдзельнікамі з мэтай далейшай інтэграцыі ў еўра-азіяцкі транспартны рынак, удасканалення перавозак пасажыраў і грузаў у міжнародных зносінах.
ДЛЯ ДАВЕДКІ:
АСЧ была створана ў 1956 годзе ў г. Сафіі (Балгарыя) на Нарадзе міністраў, якiя загадваюць чыгуначным транспартам. Вышэйшы кіруючы орган АСЧ — Нарада міністраў, на ўзроўні чыгунак — Канферэнцыя Генеральных дырэктараў. Да выканаўчых органаў адносяцца 5 камісій, пастаянныя і часовыя рабочыя групы. У працы АСЧ як міжурадавай арганізацыі ўдзельнічаюць 27 краін: Азербайджан, Албанія, Беларусь, Балгарыя, Венгрыя, В'етнам, Грузія, Іран, Казахстан, Кітай, КНДР, Куба, Кіргізія, Латвія, Літва, Малдова, Манголія, Польшча, Расія, Румынія, Славакія, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан, Украіна, Чэхія і Эстонія. Акрамя таго, у якасці назіральнікаў у АСЧ ўдзельнічаюць Нямецкая (ДБ АГ), Французская (СНЦФ), Грэчаская (АСЕ), Фінская (ВР), Сербская (ЖС) чыгункі і ЗАТ «Чыгунка Дьер-Шопрон-Эбенфурт» і далучаныя прадпрыемствы-вытворцы чыгуначнай тэхнікі і абсталявання.
Беларуская чыгунка з'яўляецца членам АСЧ з 1992 года. Дзейнасць беларускай магістралі ў рамках АСЧ накіравана на выкананне задач па далейшаму ўдасканаленню і развіццю міжнародных чыгуначных перавозак, ўдасканаленні нарматыўных і прававых асноў, мэтай якіх з'яўляецца павышэнне канкурэнтаздольнасці чыгуначнага транспарту і пашырэнне спектра паслуг для кліентаў.
Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам
Да спісу навін за 2013 год