Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка ўвяла ў эксплуатацыю цэх вытворчага харчавання ў Магілёве

20 чэрвеня 2013

У Магілёўскім вагонным дэпо ўведзены ў эксплуатацыю цэх вытворчага харчавання. Праект распрацаваны спецыялістамі Магілёўскага аддзялення магістралі і рэалізаваны за кошт сродкаў аддзялення.

Адкрыццё цэха дазволіць не толькі арганізаваць харчаванне магілёўскіх чыгуначнікаў на якасна новым узроўні, але і скараціць выдаткі вытворчасці. У цэху ўсталявана сучаснае энергазахавальнае абсталяванне. У тым ліку 2 эканамічных параканвектамата замяняюць адразу некалькі відаў тэхналагічнага абсталявання (пліту, смажыльную і духавую печы і інш.) і дазваляюць адначасова гатаваць да 20 розных страў. Якасць гатавання таксама забяспечвае сучаснае халадзільнае абсталяванне і камеры інтэнсіўнага «шокавага» астуджэння.

 

У наш час арганізавана харчаванне працаўнікоў вагоннага дэпо ў сталовай. У найблізкай перспектыве таксама плануецца наладзіць дастаўку паўнавартасных абедаў у тэрмакантэйнерах у хаты адпачынку лакаматыўных брыгад і ў тыя структурныя падраздзяленні, у якіх няма аб'ектаў вытворчага харчавання. Каб атрымаць абед, лакаматыўнай брыгадзе будзе неабходна пакінуць дзяжурнаму заяўку на стравы, а атрымаўшы іх, проста разагрэць у печы ЗВЧ.

Магутнасці цэха разлічаны на забеспячэнне гарачым паўнавартасным харчаваннем усіх працаўнікоў Магілёўскага чыгуначнага вузла (амаль 2 тыс. чалавек). Рэалізацыя дадзенага пілотнага праекта з'яўляецца адным з этапаў мэтанакіраванай працы Беларускай чыгункі па павышэнні сацыяльнай абароненасці сваіх працаўнікоў, матывацыі і прэстыжнасці працы, падаўжэнню прафесійнага даўгалецця чыгуначнікаў.

Адкрыццё цэха вытворчага харчавання ў Магілёўскім вагонным дэпо — першы прыклад укаранення комплекснага падыходу да забеспячэння працаўнікоў магістралі гарачым харчаваннем, які закладзены ў аснову распрацаванай спецыялістамі Беларускай чыгункі Канцэпцыі вытворчага харчавання.

Канцэпцыя прадугледжвае стварэнне ўмоў, пры якіх у перспектыве ўсе чыгуначнікі незалежна ад размяшчэння іх працоўных месцаў будуць забяспечаны паўнавартасным гарачым харчаваннем па даступных цэнах. Для гэтага плануецца не толькі паменшыць нацэнку вытворчага харчавання, але і зрабіць агульную мадэрнізацыю вытворчасці.

На сёння асобныя ідэі Канцэпцыі ўжо паспяхова ўкаранёны ў некаторых аддзяленнях беларускай магістралі. Так, у лакаматыўным дэпо Баранавічы засвоена аўтаматызаваная сістэма разліку за харчаванне. Працаўнікі прадпрыемства разлічваюцца за абеды з дапамогай спецыяльнага чыпа ў рахунак зарплаты. Карпаратыўная сістэма арганізацыі харчавання па безнаяўным разліку з выкарыстаннем асабовых рахункаў засвоена і ў Гомельскім аддзяленні.

У Віцебскім аддзяленні чыгункі арганізавана сістэма вытворчага харчавання лакаматыўных брыгад у пунктах звароту. Машыністы і іх памочнікі могуць зрабіць папярэднюю заяўку дзяжурнаму адміністратару пакоя для адпачынку ці дыспетчару. Пасля завяршэння рэйса яны атрымаюць гарачае харчаванне непасрэдна ў пакоi для адпачынку ў любы час сутак. Так арганізавана выязное харчаванне і ў структурных падраздзяленнях, дзе няма сталовых. У 2012 годзе гэтую сістэму пачалі ўкараняць таксама ў Мінскам і Гомельскім аддзяленнях.

У далейшым паэтапная рэалізацыя Канцэпцыі дазволіць стварыць комплексную сістэму забеспячэння гарачым харчаваннем працаўнікоў усіх арганізацый Беларускай чыгункі.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

 

 

Да спісу навін за 2013 год