Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка ўдзельнічае ў VII Нацыянальнай выставе Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Казахстан

06 чэрвеня 2013

Выстава «БеларусьЭКСПА-2013» праходзіць у сталіцы Казахстана, горадзе Астане з 5 па 8 чэрвеня 2013 года. Спецыялісты магістралі прадставяць транспартна-лагістычны патэнцыял беларускай магістралі ў сферы транзітных перавозак Усход—Захад—Усход. У дні выставы плануецца правесці перамовы з прадстаўнікамі беларускіх кампаній-вытворцаў з мэтай арганізацыі экспартных і імпартных перавозак чыгуначным транспартам. Акрамя таго, беларуская магістраль мае намер правесці шэраг сустрэч і перамоў з калегамі з АТ «НК» Казахстан Тэмір Жолы «. Размова пойдзе аб транзітных перавозках, а таксама аб узаемадзеянні ва ўмовах Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы.

Свае магчымасці прадставіць на выставе і дзяржаўнае прадпрыемства «Белінтэртранс — транспартна-лагістычны цэнтр» (БТЛЦ) — афіцыйны экспедытар Беларускай чыгункі. Як чакаецца, спецыялісты магістралі і БТЛЦ сумесна правядуць дзелавыя сустрэчы і перамовы з вядучымі экспедытарскімi і аператарскімі кампаніямі Казахстана. Размова пойдзе пра дэталі і ўмовы арганізацыі сумесных грузаперавозак.

 

Для чыгункі такія выставы — гэта унікальны спосаб прадставіць грузаўладальнікам патэнцыял чыгункі, расказаць аб магчымасцях магістралі, нашых транспартна-лагістычных паслугах і ўзмацніць пазіцыі беларускай чыгункі на рынку еўра-азіяцкіх грузавых перавозак.

Даведка:

Беларуская чыгунка выгадна размешчана на стыку каляіны 1435 мм і 1520 мм і, па сутнасці, з'яўляецца сувязным звяном паміж Еўропай і Азіяй. Сёння беларуская магістраль — гэта сучасная транспартная сістэма працягласцю 5,5 тыс. кіламетраў, з якіх каля 900 кіламетраў электрыфікавана.

Беларуская чыгунка мае 6 буйных прадпрыемстваў па тэрмінальнай апрацоўцы грузаў і 44 іх філіялы, якія знаходзяцца ў абласных цэнтрах і буйных гарадах рэспублікі, а таксама ў памежных зонах. Грузавы парк магістралі налічвае больш за 30 000 вагонаў.

Па тэрыторыі Беларусі праходзяць 2-гi міжнародны транспартны калідор ў зносінах краіны ЕС-Расія і далей праз Транссіб і Казахстан у Кітай і краіны Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну і 9-ы міжнародны транспартны калідор паміж краінамі Балтыйскага і Чорнага мораў і далей у краіны Міжземнамор'я і Блізкага усходу. Дарэчы, плануецца, што беларускі ўчастак 9-га міжнароднага транспартнага калідора будзе цалкам электрыфікаваны ў 2015 годзе, што дасць магчымасць забяспечыць больш эфектыўныя і экалагічныя ўмовы транспарціроўкі пасажыраў і грузаў па тэрыторыі Беларусі.

Для павышэння канкурэнтаздольнасці магістралі распрацавана эфектыўная стратэгія развіцця грузавых транзітных перавозак, мадэрнізуецца чыгуначная інфраструктура, удасканальваецца нарматыўна-прававая база, праводзіцца гібкая тарыфная палітыка, укараняюцца сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. Усё гэта дазваляе аптымізаваць схемы дастаўкі знешнегандлёвых грузаў.

Яшчэ адзін істотны фактар, які стварае спрыяльныя ўмовы грузаўладальнікам для арганізацыі транзітных перавозак праз Беларусь, — гэта Мытны саюз. Пры ўвозе грузаў, якія ідуць транзітам праз краіны-ўдзельніцы Мытнага саюза (Беларусь, Расія і Казахстан), мытнае афармленне на беларуска-расійскай і расійска-казахстанскай межах не патрабуецца і выконваецца толькі адзін раз — на знешняй мяжы Мытнага саюза.

Яшчэ адзiн значны напрамак супрацоўніцтва, як з казахстанскімі, так і з еўрапейскімi партнёрамі - кантэйнерныя перавозкі. Напрыклад, у 2012 годзе па беларускай магістралі ўсімі кантэйнернымі цягнікамі - а іх 11 — перавезена 261 тыс. кантэйнераў у дваццацiфутавым эквіваленце (ДФЭ), або 117% да 2011 года. Практычна ўсе перавозкі па тэрыторыі рэспублікі ажыццяўляе афіцыйны экспедытар, які ўваходзіць у структуру Беларускай чыгункі, — дзяржаўнае прадпрыемства «Белінтэртранс — транспартна-лагістычны цэнтр».

Дарэчы, беларускі вопыт арганізацыі кантэйнерных перавозак высока ацэнены на міжнародным узроўні. Асацыяцыя еўрапейскіх інтэрмадальных перавозак прызнала беларуска-літоўска-ўкраінскі кантэйнерны цягнік «Вікінг» лепшым еўрапейскім праектам па перавозках грузаў.

Сумесна з казахстанскімі партнёрамі, беларуская магістраль працуе ў рамках грузаперавозак кантэйнернымі цягнікамі «Мангольскі вектар", "Казахстанскі вектар", "Кітай—Германія», «BMW», «Саўле» і «Шкода». Аб запатрабаванасці гэтых маршрутаў кажуць лічбы. У прыватнасці, цягніком «Казахстанскі вектар» за чатыры месяцы 2013 перавезена 850 кантэйнераў у двадццацiфутавым эквіваленце. Гэта 128,4% да аналагічнага перыяду 2012 года. Цягніком «Кітай— Германія» за чатыры месяцы 2013 перавезена 692 кантэйнера ў двадццацiфутавым эквіваленце. Гэта 286% да аналагічнага перыяду 2012 года. Амаль 400 кантэйнераў у двадццацiфутавым эквіваленце прайшло за 4 месяцы 2013 цягніком «Саўле». Гэта 220,6% да аналагічнага перыяду 2012 года.

Для зручнасці кліентаў беларуская магістраль працуе ў рамках адзінай накладной ЦIM/СМГС. Гэта дазваляе ажыццяўляць перавозкі на ўсім шляху руху па ўсёй Еўразіі па адной накладной без пераафармлення на беларуска-польскай мяжы, паскорыць тэрміны дастаўкі грузаў, удасканаліць пытанні арганізацыі перавозак грузаў і тым самым стварыць умовы для прыцягнення дадатковых аб'ёмаў перавозак.

Асноўныя магутнасці перагрузачнай і складской інфраструктур сканцэнтраваны на беларуска-польскай мяжы і дазваляюць забяспечыць гiбкую сістэму збыту тавараў з краін Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну ў Заходнюю Еўропу з выкарыстаннем розных схем перавозкі.

Да паслуг нашых кліентаў — больш за 148 тысяч квадратных метраў складскіх памяшканняў, у тым ліку ацяпляныя склады часовага захоўвання і мытныя склады, на якіх можна рабiць накапленне, захоўванне грузу, а таксама рабiць драбненне або ўзбуйненне партый, маркіроўку грузаў, камплектаванне пакетаў.

У залежнасці ад схемы перавозкі ёсць магчымасць па жаданні заказчыка арганізаваць далейшую адпраўку грузу канчатковаму атрымальніку ў Заходняй Еўропе аўтатранспартам.

Такім чынам, транзітныя перавозкі праз Беларусь валодаюць цэлым шэрагам пераваг, якія спрыяюць развіццю аптымальнага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з грузаўладальнікам і грузаадпраўшчыкам.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2013 год