Дзіцячая чыгунка Мінскага аддзялення беларускай магістралі 1 мая адкрые новы сезон
23 красавіка 2013
Дзіцячая чыгунка імя К. С. Заслонова РУП «Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі» 1 мая адкрые свой 58-ы сезон. Першы цягнік «Сталічны экспрэс» адправіцца з перона станцыі Заслонава ў 11.00. Перад яго адпраўленнем у 9.00 на станцыі пройдзе ўрачыстая лінейка юных чыгуначнікаў.
У гэтым годзе маленькіх мінчан і гасцей сталіцы па выхадных і святочных днях чакае новая забаўляльная праграма. Дамавічок Кузя запросіць пасажыраў у займальнае падарожжа, якое будзе суправаджацца тэатралізаваным прадстаўленнем, рознымі конкурсамі і гульнямі. Іх удзельнікамі змогуць стаць як дарослыя, так і дзеці. Акрамя таго, па выхадных і святочных днях пасажыры змогуць паглядзець канцэрт на станцыі Заслонава, сфатаграфавацца з казачнымі персанажамі, наведаць летняе кафэ.
Асобная праграма запланавана на 9 мая. У гэты дзень Дзіцячую чыгунку наведаюць і сустрэнуцца з юнымі чыгуначнікамі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. На станцыі Сасновы бор плануецца правесці выставу ваеннай тэхнікі, прысвечаную Дню Перамогі.
Нагадваем, «Сталічны экспрэс», які курсiруе па Дзіцячай чыгунцы, складаецца з 6 вагонаў. Маршрут цягніка пралягае ад станцыі Заслонава праз станцыю Піянерская да станцыі Сасновы Бор і назад. Абслугоўваюць Дзіцячую чыгунку юныя чыгуначнікі, якія выконваюць абавязкі машыніста цягніка, начальніка станцыі, начальніка цягніка, дыспетчара, дзяжурнага па станцыі, праваднiкоў, кантралёраў-рэвізораў і інш.
У маі і верасні «Сталічны экспрэс» будзе курсіраваць па выхадных і святочных днях з 11.00 да 17.10. Улетку Дзіцячая чыгунка чакае наведвальнікаў і ў будныя дні. У сераду «Сталічны экспрэс» будзе курсіраваць з 11.35 да 14.30, у чацвер і пятніцу — з 11.00 да 13.50, а ў суботу і нядзелю — з 11.00 да 17.20.
Тэлефон для даведак — (+375 17) 267 25 22. Адрас у інтэрнэце: www. minsk.rw.by.
Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ
Да спісу навін за 2013 год