Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Кастрычніцкі раён. Пажары з-за выпальвання сухой расліннасці

02 красавіка 2021

З надыходам вясны пачынаецца пажаранебяспечны перыяд. З году ў год паўтараецца адзін і той жа сцэнарый: як толькі ўсталёўваецца сухое вясновае надвор'е, людзі пачынаюць наводзіць парадак на прыдамавых тэрыторыях, спальваючы смецце і леташнюю траву. Паводле статыстыкі ў 2020 годзе зафіксавана 3729 выпадкаў гарэння травы і кустоў на плошчы 3438 га. Ратавальнікі ліквідавалі 1074 лясных пажараў (6543 га) і 225 узгаранняў тарфянікаў (88 га). Ад сухой расліннасці пазбаўляюцца агнём, не задумваючыся аб наступствах. Нярэдка ахвярамі травяных выпальванняў становяцца пенсіянеры, што даказваюць шматлікія прыклады з аператыўных зводак:

29 сакавіка 2020 года: у Карэліцкім раёне мужчына выпальваў сухую расліннасць за тэрыторыяй свайго падвор’я. Калі полымя пачало пагражаць будынкам, пачаў тушыць яго самастойна. У выніку на пенсіянеры загарэлася адзенне. Суседка выклікала выратавальнікаў. Пацярпелы атрымаў апёкі 30% цела.

15 мая 2020 года: з-за неасцярожнага абыходжання з агнём пры спальванні смецця пажар адбыўся ў вёсцы Лоск Валожынскага раёна. Мужчына наводзіў парадак у доме, непатрэбныя рэчы вырашыў спаліць. Месца абраў у пяці метрах ад дома і гаспадарчага будынка. Іскра, якая выляцела з вогнішча, стала прычынай загарання. Пенсіянер своечасова выклікаў выратавальнікаў – пацярпеў толькі гаспадарчы будынак.

Праблема спальвання смецця і леташняй травы займае асобнае месца сярод прычын узнікнення выпальванняў. Аднак, імкненне навесці парадак часам прыводзіць да самых цяжкіх наступстваў – гібелі людзей. Так, у мінулым годзе пры спальванні смецця ў в. Старое Пашкова Магілёўскага раёна загінуў пенсіянер 1950 г. н, а ў в. Галоўчыцы Нараўлянскага раёна пры тушэнні выжары травы ратавальнікі знайшлі абгарэлае цела пенсіянеркі 1935 г.н.

Варта адзначыць, травяныя выжары хутка распаўсюджваюцца, асабліва ў ветраныя дні. Агонь раздзімаецца імгненна, яго вельмі складана ўтрымаць і спыніць. Выжары сухой травы могуць прывесці да ўзгарання дачных будынкаў, драўляных дамоў. Леташняя трава хутка высыхае на моцным вясновым сонцы і лёгка загараецца ад любой кінутай запалкі або цыгарэты:

7 красавіка 2020 года: знаходзячыся на рыбалцы на Камянеччыне, мужчына закурыў і кінуў у траву незатушаную запалку. Праз лічаныя секунды каля яго загарэлася полымя. Мужчына пачаў тушыць пажар падручнымі сродкамі, у выніку чаго атрымаў тэрмічныя апёкі.

18 сакавіка 2020 года: у Глускім раёне згарэла 20 га травы. Работніца ААТ «Зара Камуны» сачыла на поле за буйнай рагатай жывелай. Жанчына запаліла і кінула непатушаны акурак на зямлю. Сухая трава імгненна ўспыхнула. Ад месца загарання да населенага пункта было ўсяго 300 метраў. Ратавальнікі неадкладна выехалі да месца здарэння і пачалі тушыць. У гэты дзень быў моцны вецер і толькі таму, што яго кірунак было ад вёскі, бліжэйшыя дамы і будынкі не пацярпелі.

Падпальваючы сухую леташнюю траву ўздоўж дарог, на ўзлесках лесу, на палях і лугах, многія, магчыма, і не падазраюць, што можа пачацца лясны пажар, які прыводзіць да непапраўных наступстваў. Пры парывістым ветры агонь распаўсюджваецца вельмі хутка – з хуткасцю 25-30 кіламетраў у гадзіну. Лакалізаваць і патушыць такі пажар вельмі не проста:

16 сакавіка 2020 года: позна ўвечары выратавальнікам паступіла паведамленне аб узгаранні каля в. Ятра. На ліквідацыю выжары было накіравана 4 падраздзялення, стварылася пагроза ўзгарання лесу. Пажар адбыўся па віне рыбакоў, якія пакінулі незатушаныя вогнішчы паблізу з возерам. На шчасце, выратавальнікі справіліся з узгараннем.

У Беларусі выпальванне сухой расліннасці забаронена законам. Згодна з артыкулам 16.40 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі выпальванняў вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь. Артыкул 16.41 – за развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжана накладанне штрафу да 12 базавых велічынь. У выпадку прычынення шкоды ў асабліва буйным памеры надыходзіць крымінальная адказнасць. Аднак шмат каго не спыняе нават матэрыяльнае пакаранне:

30 сакавіка 2020 года: мужчына з уласных перакананняў у неабходнасці ачысткі зямельнага ўчастка падпаліў сухую траву ў пойме ракі Лясная ў г. Камянец. За выпальванне сухой расліннасці быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 10 базавых велічынь.

17 сакавіка 2020 года: жыхар в. Будча Ганцавіцкага раёна спальваў смецце на тэрыторыі прысядзібнага ўчастка, у выніку чаго загарэлася сухая трава. За дапушчанае парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 5 базавых велічынь.

Гэты год не стаў выключэннем. Першы выпадак сезонных выпальванняў быў зафіксаваны 07 сакавіка ў Смалявіцкім раёне паблізу р. Пліса. Хтосьці па неасцярожнасці або мэтанакіравана падпаліў леташнюю траву. Далей зводкі МНС папаўнялі аналагічныя выпадкі:

15 сакавіка 2021 года: жыхарка Ганцавіцкага раёна прыбірала свой участак, спальваючы сухую траву на прыдамавой тэрыторыі. З-за інтэнсіўнага гарэння і ўмоў надвор'я паўстала пагроза загарання дома па суседстве. На дапамогу прыйшлі ратавальнікі.

24 сакавіка 2021 года: з-за неасцярожнага абыходжання з агнём была знішчана сухая расліннасць на плошчы 20 м.кв. уздоўж меліярацыйнага канала ў г. Брэсце. У МНС патэлефанавала ўстрывожаная жанчына і паведаміла, што яе бацька атрымаў апёкі, распачаўшы беспаспяховыя спробы патушыць траву, якая загарэлася. Пенсіянер быў шпіталізаваны. Пажар ліквідавалі выратавальнікі.

Правілы навядзення парадку на тэрыторыі прыватных жылых дамоў, дачах:

- развядзенне вогнішчаў дапускаецца на вычышчанай і абкопанай пляцоўцы ў зацішнае надвор'е на адлегласці не менш за 8 метраў ад будынкаў (збудаванняў);

- у даступнасці неабходна мець ёмістасць з вадой, пяском або вогнетушыцель, каб хутка патушыць полымя;

- не пакідайце вогнішча без нагляду;

- пакідыючы, затушыце вуголле да поўнага спынення тлення;

- выпальванне сухой расліннасці, паржышчавых рэшткаў, траў на корані катэгарычна забараняецца!

Яшчэ адна вясновая «праблема» – аматары адпачынку на прыродзе. Адпраўляючыся на «шашлыкі», народ выбірае маляўнічыя месцы. Але, пакідая, людзі забываюць патушыць вогнішча, пакідаюць бітае шкло, кідаюць у траву акуркі. Дык парывам ветру агонь разносіцца на вялікія адлегласці, спальваючы ўсё на сваім шляху.

Каб адпачынак на прыродзе быў сапраўды бяспечным:

- мангал або грыль устанаўлівайце на адлегласці не менш за 2 метраў ад будынкаў (збудаванняў);

- пры распальванні не выкарыстоўвайце гаручыя вадкасці;

- не пакідайце ў месцах адпачынку непатушаныя вогнішчы, запалкі, акуркі, шкляныя бутэлькі (на сонцы яны працуюць як павелічальнае шкло, факусуюць сонечнае святло і падпальваюць траву);

- не праходзьце міма падпаленай травы, пры немагчымасці патушыць пажар сваімі сіламі, паведамляйце пра ўзгаранні ў МНС па нумары «101 або 112».

Да спісу навін за 2021 год