Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка ў перыяд школьных канікул праводзіць дэкаду «Дзеці і бяспека»

23 кастрычніка 2015

Комплекс мерапрыемстваў «Дзеці і бяспека» пройдзе з 23 кастрычніка па 1 лістапада на ўсіх шасці аддзяленнях Беларускай чыгункі. У гэты перыяд асаблівая ўвага будзе нададзена дзецям і падлеткам, якія знаходзяцца без нагляду дарослых паблізу чыгуначных шляхоў, на вакзалах, станцыях і ў цягніках.

У рамках дэкады работнікі БЧ сумесна з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, прадстаўнікамі добраахвотных дружын і грамадскіх фарміраванняў правядуць шэраг прафілактычных мерапрыемстваў. У іх ліку — рэйды па кантролі за перамяшчэннем дзяцей на аб'ектах чыгуначнага транспарту.

 

Асобную ўвагу нададуць выяўленню прычын і ўмоў, якія спрыяюць траўміраванню і гібелі грамадзян і прыняццю мер па іх ліквідацыі. У тым ліку на станцыях правераць спраўнасць сістэм аўтаматычнай абвесткі пасажыраў, стан пешаходных пераходаў.

Беларуская чыгунка заклікае грамадзян памятаць пра тое, што чыгунка — гэта зона падвышанай небяспекі! У большасці выпадкаў прычынай трагедыі з'яўляецца невыкананне грамадзянамі правілаў паводзін на чыгунцы і нядбайнае стаўленне да ўласнага жыцця і здароўя. Часта да траўміравання і гібелі людзей прыводзіць пераход у неўстаноўленых месцах, знаходжанне на аб'ектах чыгуначнага транспарту ў стане алкагольнага ап'янення, размовы па мабільным тэлефоне і праслухоўванне музыкі ў навушніках падчас перасячэння чыгуначных шляхоў.

Так, напрыклад, летам гэтага года двое падлеткаў атрымалі траўмы, пераходзячы чыгуначныя шляхі ў навушніках. На станцыі Аранчыцы 14-гадовая дзяўчына, якая зайшла на дах грузавога вагона для фатаграфавання, пацярпела ад паразы электрычным токам кантактнай сеткі. Яшчэ двое маладых людзей былі траўмаваныя цягніком, калі выбягалі на пуці з-за саставу, які стаяў.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2015 год