Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Дзіцячая чыгунка Мінскага аддзялення БЧ 1 мая адкрые свой юбілейны 60-й сезон

30 красавіка 2015

Першага мая ў 9.30 на станцыі «Заслонава» пачнецца ўрачыстая лінейка, прысвечаная адкрыццю 60-га сезона летняй цягніковай практыкі на Дзіцячай чыгунцы імя К. С.Заслонова РУП «Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі» (ДЧ). У мерапрыемстве прымуць удзел юныя чыгуначнікі, былыя выпускнікі Дзіцячай чыгункі, кіраўніцтва Мінскага аддзялення БЧ, прадстаўнікі БРСМ.

11.00 з перона станцыі «Заслонава» адправіцца першы ў цяперашнім сезоне цягнік «Сталічны экспрэс», які правязе пасажыраў па традыцыйным маршруце — ад станцыі «Заслонава» праз станцыю «Піянерская» да станцыі «Хваёвы Бор» і назад.

У бягучым годзе па выхадных і святочных днях пасажыраў цягніка чакае новая забаўляльная праграма. Разнастайныя гульні, конкурсы і віктарыны, многія з якіх будуць прысвечаны гісторыі чыгунак і будучаму юбілею ДЧ, зробяць гэта падарожжа яшчэ больш займальным.

Акрамя таго, кожную нядзелю з 12.00 да 13.00 на станцыі «Заслонава» пасажыры змогуць паглядзець канцэрт калектываў аматарскай мастацкай творчасці Культурна-спартыўнага цэнтра Мінскага аддзялення БЧ, сфатаграфавацца з казачнымі персанажамі, наведаць летняе кафэ.

Да 9 мая рыхтуецца асобная святочная праграма, прысвечаная 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У гэты дзень на станцыі «Заслонава» з 11.00 да 17.00 адбудзецца канцэрт творчых калектываў Культурна-спартыўнага цэнтра Мінскага аддзялення БЧ. Перад наведвальнікамі Дзіцячай чыгункі выступяць Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь цыркавая студыя «Белая Русь», Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль беларускай песні «Цернiчка», Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль эстраднага танца «Азарныя агеньчыкі», Узорны ансамбль народнай песні «Валошкi» і інш.

 

У ліпені бягучага года ў Мінску запланавана правядзенне цэлага шэрагу святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 60-гадоваму юбілею Дзіцячай чыгункі.

Нагадваем, 9 ліпеня 2015 года Дзіцячай чыгунцы імя К. С.Заслонова РУП «Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі» споўніцца 60 гадоў. Гэта знакавая падзея для ўсіх чыгуначнікаў, паколькі менавіта тут многія з іх яшчэ школьнікамі вызначыліся з будучай прафесіяй і выбралі свой жыццёвы шлях.

Дзіцячая чыгунка сёння — гэта перш за ўсё першая ступень прафесійнага карпаратыўнага навучання, якую дзеці праходзяць, займаючыся ў гуртку «Юны чыгуначнік». У траўні 2009 года быў адкрыты новы навучальны цэнтр ДЧ з профільнымі навучальнымі класамі і кампутарным кабінетам. Заняткі ў навучальным цэнтры Дзіцячай чыгункі праводзяцца з кастрычніка па красавік. Юныя чыгуначнікі знаёмяцца з асноўнымі чыгуначнымі дысцыплінамі: «Агульны курс чыгунак», «Вагонная гаспадарка», «Лакаматыўная гаспадарка», «Пуцявая гаспадарка», «Арганізацыя пасажырскіх перавозак» і асвойваюць цэлы шэраг прафесій — правадыр пасажырскага цягніка, начальнік цягніка, памочнік машыніста і машыніст цеплавоза, аператар дзяжурнага па станцыі, дыспетчар, дзяжурны па пераезду і інш.

За час працы вучэбнага цэнтра з 2009 года навучанне ў ім прайшлі больш за 3 тысячы юных чыгуначнікаў. Штогод выпускнікамі ДЧ становяцца каля 40 юнакоў і дзяўчат. За гэты перыяд больш за 80 юных чыгуначнікаў паступілі ў профільныя чыгуначныя навучальныя ўстановы.

Цягнік Дзіцячай чыгункі «Сталічны экспрэс» ў летнім сезоне 2015 будзе курсіраваць:

  • у траўні - па суботах і нядзелях, а таксама ў святочныя дні з 11.00 да 16.40;
  • летам - па серадах, чацвяргах і пятніцах з 11.00 да 14.00, а па суботах і нядзелях — з 11.00 да 16.40;
  • у верасні - па суботах і нядзелях з 11.00 да 16.40.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2015 год