Зала чакання Гродзенскага чыгуначнага вакзала адкрые дзверы для пасажыраў 1 жніўня 2013 г.
31 ліпеня 2013
Пасля рэканструкцыі чыгуначны вакзал у Гродне ўвойдзе ў лік самых сучасных у краіне. Па ўзроўні тэхнічнага абсталявання і камфорту заходнія чыгуначныя вароты краіны ў Гродне не будуць саступаць шматлікім еўрапейскім аналагам. Тут палепшацца ўмовы як для працы персанала, так і для адпачынку пасажыраў.
Праект рэканструкцыі прадугледжвае абсталяванне ліфта для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, камфартабельных зон для адпачынку, інтэрнэт-кафэ, канферэнц-залы, а таксама гасцініцы на 27 месцаў. Дарэчы, часткова яна ўжо працуе.
У зале чакання, якая адкрыецца пасля рамонту 1 жніўня 2013 года, будзе ўстаноўлена зручная сучасная мэбля, з'явяцца сучасныя табло, а таксама інфармацыйныя таблічкі на дзвюх мовах, у тым ліку і на англійскай. Новае абсталяванне з'явіцца і ў касавым зале.
Што да будынка ў цэлым, ён абсталяваны сучаснай сістэмай вентыляцыі і кандыцыянавання.
— На гэтым аб'екце мы ўжылі ўсе самыя сучасныя энергазберагальныя тэхналогіі. Гэта рэкуперацыя цяпла, святлодыёдныя свяцільні, цёплыя падлогі, — адзначыў галоўны інжынер Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі Рыгор Пацеюк. — Практычна ўсё, што сёння існуе для энергазберажэння выкарыстана на гэтым вакзале.
Прадугледжаны і сучасныя сістэмы альтэрнатыўнай энергетыкі. У прыватнасці, на даху будуць ўстаноўлены сонечныя батарэі.
Дарэчы, на вакзале ўжо працуе сучасная зала памежнага і мытнага кантролю, якая таксама абсталявана сучасным абсталяваннем.
Гродзенскі чыгуначны вакзал лічыцца адным з найстарэйшых у Беларусі. Ён быў пабудаваны ў 1868 годзе. У 1986-м стары будынак знеслі і пабудавалі новы.
У 2012 годзе паслугамі чыгункі ў Гродне скарысталіся больш за паўтара мільёна пасажыраў. З іх 400 тысяч чалавек здзейснілі паездкі на міжнародных маршрутах. Што тычыцца 2013 года, то за першае паўгоддзе 2013 паслугамі вакзала ў Гродне ўжо скарысталіся каля 700 тысяч пасажыраў.
Рэканструкцыя Гродзенскага чыгуначнага вакзала — гэта частка маштабнай працы па развіцці і мадэрнізацыі інфраструктуры пасажырскага комплексу Беларускай чыгункі.
Працягваецца рэканструкцыя вакзалаў ў Брэсце і Мінску. Што датычыцца Брэста, тут ужо завершаны работы на Маскоўскiм баку вакзальнага комплексу. Пабудаваны новы тунэль, рэканструяваны пасажырскія платформы, адрамантавана міжнародная касавая зала.
— Да чэмпіянату свету па хакеі 2014 года мы плануем ўвесці ў эксплуатацыю Варшаўскi бок вакзала, — распавёў начальнік аддзела капітальнага будаўніцтва Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі Ігар Уласюк. — Захоўваючы гістарычнае аблічча будынка, мы ўжылі шэраг сучасных тэхналогій для забеспячэння камфортнага знаходжання пасажыраў. У прыватнасці, мы выкарысталі тэхналогію цёплай падлогі. Акрамя таго, усталюем камфортную сучасную мэблю.
Пры праектаванні абодвух бакоў вакзалу — Маскоўскай і Варшаўскай — улічваўся еўрапейскі вопыт і стандарты. У прыватнасці, ўсталёўваюцца інфармацыйныя таблічкі на рускай і англійскай мовах. А таксама на дзвюх мовах абвяшчаюць і аб прыбыцці цягнікоў міжнародных ліній.
Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ
Да спісу навін за 2013 год