Дарагія чыгуначнікі! Паважаныя пасажыры і дзелавыя партнёры!
29 снежня 2023
Прыміце самыя цёплыя і шчырыя віншаванні з Новым годам і Калядамі!
Гэтыя любімыя беларусамі сямейныя святы – сімвалы надзеі на лепшае, на тое, што збудуцца самыя запаветныя жаданні і ўвасобяцца ў жыццё ўсе намечаныя планы.
Для калектыву Беларускай чыгункі адыходзячы год быў годам напружанай працы і кансалідацыі намаганняў, накіраваных на выкананне пастаўленых задач па забеспячэнні бесперабойнай работы эканомікі краіны. Працягвалася рэалізацыя інфраструктурных праектаў і абнаўленне рухомага саставу, укараненне сучасных інфармацыйных сэрвісаў і новых лагістычных схем па дастаўцы грузаў.
Дасягнутыя вынікі былі б немагчымы без высокай асабістай адказнасці і прафесіяналізму кожнага чыгуначніка на сваім рабочым месцы, бязмежнай адданасці сваёй справе і інтарэсам дзяржавы. Мы ганарымся вамі і цэнім кожнага з вас.
Асобныя словы падзякі і віншаванні нашым дарагім ветэранам. Сваёй шматгадовай самаадданай працай вы заклалі надзейны падмурак для развіцця чыгуначнага транспарту. А сёння працягваеце перадаваць багаты вытворчы і жыццёвы вопыт моладзі.
У Беларусі 2024 год аб'яўлены Годам якасці. Для чыгуначнікаў ва ўсе часы якасць прадастаўляемых паслуг была адным з галоўных прыярытэтаў. І мы перакананы, што калектыў галіны працягне сваё развіццё ў гэтым кірунку на карысць працвітання нашай роднай Айчыны.
Паважаныя калегі, пасажыры і дзелавыя партнёры! Няхай 2024-ы для ўсіх нас стане годам новых магчымасцяў і ўпэўненага руху наперад. Няхай у вашых сем'ях і дамах пануюць мір, цяпло і згода! Ад усёй душы жадаем вам моцнага здароўя і святочнага настрою!
З Новым годам і Калядамі!
Начальнік Беларускай чыгункі У.М. Марозаў
Старшыня Аб'яднанай галіновай прафсаюзнай
арганізацыі чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў В.М. Какора
Старшыня арганізацыі ветэранаў Беларускай чыгункі С.П. Гогалеў
Да спісу навін за 2023 год