Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка падвяла вынікі творчых конкурсаў сярод студэнтаў БелДУТа і навучэнцаў чыгуначных каледжаў

05 студзеня 2023

Конкурсы прэзентацый «Ганаруся сваёй будучай прафесіяй», сачыненняў і эсэ на тэму: «Беларуская чыгунка: 160 гадоў шляху – час, падзеі, людзі», «Чыгунка ў літаратуры і мастацтве» адбыліся ў рамках 160-гадовага юбілею беларускай магістралі і Года гістарычнай памяці.

Мэтай конкурснага працэсу было развіццё інтэлектуальнага патэнцыялу студэнтаў і навучэнцаў, выяўленне адораных юнакоў і дзяўчат, раскрыццё іх творчых здольнасцяў, далучэнне да ведаў аб гісторыі і сучасным развіцці беларускай чыгункі, фарміраванне цікавасці да будучай прафесіі.

Усяго на конкурс было пададзена больш за 30 работ. Удзел у ім прымалі студэнты 1-3 курсаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, навучэнцы Брэсцкага, Гомельскага і Аршанскага каледжаў – філіялаў БелДУТа, а таксама навучэнцы Мінскага дзяржаўнага каледжа чыгуначнага транспарту ім. Е. П. Юшкевіча.

У конкурсе «Ганаруся сваёй будучай прафесіяй» удзельнікі маглі аформіць сваю работу як у форме класічнай прэзентацыі, так і выкарыстоўваць фармат відэа ці анімацыі. Перамогу тут атрымала Дар'я Маргунова, студэнтка 3 курса факультэта эканомікі і бізнес-тэхналогій БелДУТа, якая прадставіла відэапрэзентацыю на вершы ўласнага сачынення. 2 месца заняла творчая група – Дзмітрый Макарскі, Аляксей Мізілін і Вераніка Філічкіна – навучэнцы 3 курса Мінскага дзяржаўнага каледжа чыгуначнага транспарту ім. Е. П. Юшкевіча па спецыяльнасці «Абслугоўванне перавозак на чыгуначным транспарце», таксама падрыхтавалі відэапрэзентацыю аб сваёй будучай спецыяльнасці, а 3 ступень п'едэстала дасталася Дзмітрыю Шкулепе, вучню 3 курса Брэсцкага каледжа – філіяла БелДУТа па спецыяльнасці «Тэхнічная эксплуатацыя пагрузачна-разгрузачных, пуцявых, дарожна-будаўнічых машын і абсталявання».

У конкурсе твораў і эсэ ўдзельнікі маглі выбіраць сярод тэм «Беларуская чыгунка: 160 гадоў шляху – час, падзеі, людзі» і «Чыгунка ў літаратуры і мастацтве». Тут перамагла работа Аліны Халімоненка, навучэнкі 3 курса Аршанскага каледжа – філіяла БелДУТа па спецыяльнасці «Арганізацыя перавозак і кіраванне на чыгуначным транспарце». У сваім аглядзе твораў беларускіх і рускіх пісьменнікаў, якія шчыра пісалі пра чыгунку і чыгуначнікаў, яна прадэманстравала добрае веданне матэрыялу, выдатнае валоданне беларускай мовай, стыль і пачуццё меры. 2 месца заняла Дыяна Булка, студэнтка 3 курса факультэта эканомікі і бізнес-тэхналогій БелДУТ, сумясціўшы ў сваім эсэ пытанні хуткаплыннасці жыцця, пошуку сябе і павагі да сямейнага прызвання – дынастыі чыгуначнікаў. На 3 месцы літаратуразнаўчае даследаванне Маргарыты Гаршковай, студэнткі 3 курса факультэта эканомікі і бізнес-тэхналогій БелДУТа.

Усім удзельнікам конкурсу будуць уручаны памятныя дыпломы, а пераможцы і прызёры конкурсу будуць падтрымлены памятнымі падарункамі.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ


Тэгі: конкурс
Да спісу навін за 2023 год