Дзіцячая чыгунка Мінскага аддзялення БЧ запрашае 30 красавіка на адкрыццё сезона
28 красавіка 2016
30 красавіка Дзіцячая чыгунка імя К. С. Заслонава РУП «Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі» (ДЧ) адкрые 61-ы сезон.
У 9.00 на станцыі Заслонава пройдзе ўрачыстая лінейка юных чыгуначнікаў. Хлопчыкаў і дзяўчынак, асабліва праявіўшых сябе падчас навучання, заахвоцяць граматамі ад Дзіцячай чыгункі, акрамя таго адбудзецца ўзнагароджанне прызёраў шахматна-шашачнага турніру. Першы цягнік «Сталічны экспрэс» адправіцца з перона станцыі ў 11.00. Ён правязе пасажыраў па традыцыйным маршруце — ад станцыі Заслонава праз станцыю Піянерская да станцыі Сасновы Бор і назад.
Рабят таксама чакае сустрэча з казачнымі персанажамі, віктарыны, конкурсы і гульні.
Да Дня Перамогі Дзіцячая чыгунка таксама прыгатавала для сваіх наведвальнікаў святочную праграму. 9 мая з 11.00 да 16.30 на станцыі Заслонава адбудзецца вялікі канцэрт, арганізаваны Культурна-спартыўным цэнтрам Мінскага аддзялення БЧ.
Нагадваем, у маі Дзіцячая чыгунка будзе працаваць па суботах і нядзелях, а таксама ў святочныя дні з 11.00 да 16.40. У верасні «Сталічны экспрэс» будзе курсіраваць у гэты ж час па суботах і нядзелях.
Летам Дзіцячая чыгунка чакае наведвальнікаў і ў буднія дні. У сераду, чацвер і пятніцу «Сталічны экспрэс» будзе вазіць пасажыраў з 11.00 да 14.00, а ў суботу і нядзелю — з 11.00 да 16.40.
Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ
Да спісу навін за 2016 год