Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Дзіцячая чыгунка Мінскага аддзялення БЧ 30 красавіка адкрые чарговы сезон

13 красавіка 2016

Дзіцячая чыгунка імя К. С. Заслонава РУП «Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі» (ДЧ) 30 красавіка адкрые чарговы сезон. Ён стане ўжо 61-м па ліку.

Першы цягнік «Сталічны экспрэс» адправіцца з перона станцыі «Заслонава» у 11.00. Ён правязе пасажыраў па традыцыйным маршруце — ад станцыі «Заслонава» праз станцыю «Піянерская» да станцыі «Сасновы Бор» і назад. Перад адпраўленнем саставу ў 9.00 на станцыі пройдзе ўрачыстая лінейка юных чыгуначнікаў. Асабліва праявіўшых сябе падчас навучання дзяцей заахвоцяць граматамі ад Дзіцячай чыгункі, акрамя таго адбудзецца ўзнагароджанне прызёраў шахматна-шашачнага турніру.

У гэтым годзе на працягу летняга перыяду па выхадных і святочных днях пасажыраў цягніка на станцыі «Заслонава» будуць сустракаць казачныя персанажы, рабят таксама чакаюць разнастайныя гульні, конкурсы і віктарыны.

Акрамя таго, кожную нядзелю на станцыі «Заслонава» пасажыры змогуць паглядзець канцэрт калектываў аматарскай мастацкай творчасці Культурна-спартыўнага цэнтра Мінскага аддзялення БЧ.

 

Да Дня Перамогі і Дня вызвалення Беларусі традыцыйна рыхтуецца асобная святочная праграма.

Дзіцячая чыгунка сёння — гэта, перш за ўсё, першая ступень прафесійнага карпаратыўнага навучання, якую дзеці праходзяць, займаючыся ў гуртку «Юны чыгуначнік». У навучальным цэнтры Дзіцячай чыгункі заняткі праводзяцца з кастрычніка па красавік. Хлопцы асвойваюць асноўныя чыгуначныя дысцыпліны: «Агульны курс чыгунак», «Вагонная гаспадарка», «Лакаматыўная гаспадарка», «пуцявая гаспадарка», «Арганізацыя пасажырскіх перавозак». А ўжо летам на практыцы авалодваюць асноўнымі чыгуначнымі прафесіямі — правадыр пасажырскага цягніка, начальнік цягніка, памочнік машыніста і машыніст цеплавоза, аператар дзяжурнага па станцыі, дыспетчар, дзяжурны па пераезду і інш. У гэтым годзе навучанне прайшлі больш за 400 школьнікаў.

Цягнік Дзіцячай чыгункі «Сталічны экспрэс» у летнім сезоне 2016 года будзе курсіраваць:

у маі — па суботах і нядзелях, а таксама ў святочныя дні з 11.00 да 16.40;

летам — па серадах, чацвяргах і пятніцах з 11.00 да 14.00, а па суботах і нядзелях — з 11.00 да 16.40;

у верасні — па суботах і нядзелях з 11.00 да 16.40.

Больш падрабязную інфармацыю аб рабоце Дзіцячай чыгункі можна атрымаць на сайце Беларускай чыгункі па адрасе www. minsk.rw.by/social_sphere/children_railway.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2016 год