Беларуская чыгунка падвяла вынікі акцыі «Стоп-заяц!»
25 красавіка 2016
Беларуская чыгунка падвяла вынікі акцыі «Стоп-заяц!», накіраванай на павышэнне культуры праезду ў цягніках. Падчас мерапрыемства прадстаўнікі чыгункі праводзілі тлумачальную працу і правяралі наяўнасць праязных дакументаў у пасажыраў цягнікоў рэгіянальных ліній эканом-класа. Кантроль ажыцяўляўся на пероне пры пасадцы або высадцы з транспартнага сродку. У выніку падчас правядзення акцыі было выяўлена каля 80-ці парушальнікаў, якім было прапанавана набыць білеты на праезд. Таксама ўдзельнікі акцыі раздалі пасажырам каля 2,5 тысяч тэматычных памятак. Усяго ў мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 400 маладых людзей, якія працуюць на Беларускай чыгунцы (больш за 290 з іх ‑ члены ГА «БРСМ»). Акрамя таго, у акцыі ўдзельнічалі працаўнікі ваенізаванай аховы, кантрольна-рэвізійнай, пасажырскай службаў БЧ, а таксама супрацоўнікі аддзелаў унутраных спраў на транспарце.
Нагадаем, што ў цяперашні час штраф за безбілетны праезд у цягніках рэгіянальных ліній складае 0,7 базавай велічыні.
Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ
Да спісу навін за 2016 год