Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

16—17 красавіка ў г. Брэсце Беларуская чыгунка праводзіць фестываль тэатральнага мастацтва «Тэатральная вясна»

14 красавіка 2016

Фестываль тэатральнага мастацтва «Тэатральная вясна» пройдзе на базе Культурна-спартыўнага цэнтра (КСЦ) Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі. Фестываль праводзіцца сярод тэатральных калектываў аматарскай мастацкай творчасці арганізацый беларускай магістралі ў рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года культуры. У ім прымуць удзел тэатральныя калектывы беларускай магістралі, якія маюць званне «Народны аматарскі калектыў».

На суд гледачоў будуць прапанаваныя спектаклі айчынных і замежных аўтараў, сярод якіх Кандрат Крапіва, Антон Чэхаў, Чынгіз Айтматаў, Эрык Шміт, Колін Хігінс і іншыя.

Адкрыецца фестываль 16 красавіка літаратурна-музычнай кампазіцыяй «Перамога  працягваецца» у выкананні народнага тэатра Брэсцкага КСЦ. Таксама ў першы дзень фестывалю свае працы прадставяць народны тэатр Віцебскага КСЦ — спектакль К. Крапівы «Мілы чалавек» і спектакль-прыпавесць «Гатэль» па матывах твораў Эрыка Шміта ў выкананні народнага тэатра з Оршы (Мінскага КСК).

 

Другі дзень фестывалю таксама будзе насычаным. На сцэне Брэсцкага Дома культуры чыгуначнікаў будуць прадстаўлены два спектаклі: «Гаральд і Мод», аўтар Колін Хігінс і тэатральная пастаноўка «Мядзведзь» Антона Чэхава ў выкананні народнага тэатра Брэсцкага КСЦ, і монаспекталь «Матчына поле» па творы Чынгіза Айтматава ў выкананні народнага студии-тэатра «Класік» Гомельскага КСК.

Па выніках фестывалю тэатральныя калектывы будуць узнагароджаны дыпломамі і прызамі. Акрамя таго, рашэннем журы будуць прысуджацца спецыяльныя прызы ў намінацыях: «Лепшая мужчынская роля», «Лепшая жаночая роля», «Лепшая мужчынская роля другога плана», «Лепшая жаночая роля другога плана», «За непаўторнасць, фантазію, арыгінальнасць рэжысуры», «За лепшае сцэнічнае рашэнне твораў нацыянальнай драматургіі», «За актуальнасць драматургіі, цікавасць да праблем ўнутранага свету чалавека і навакольнага свету, актыўную жыццёвую пазіцыю», «За лепшае паразуменне і ўзаемадзеянне ў акцёрскім калектыве».

У рамках фестывалю прадугледжана правядзенне творчага «круглага стала» кіраўнікоў тэатральных калектываў і членаў журы.

Варта адзначыць, што на Беларускай чыгунцы ў сувязі з абвешчаным Годам культуры ў Рэспубліцы Беларусь прадугледжана правядзенне разнастайных фестываляў і конкурсаў, якія накіраваны на развіццё і папулярызацыю музычнага, харэаграфічнага, выяўленчага мастацтва. Яны пройдуць у розных кутках Беларусі на ўсіх аддзяленнях БЧ. Арганізатарамі мерапрыемстваў выступаюць Беларуская чыгунка і Беларускі прафесійны саюз чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў.

ДАВЕДАЧНА:

У цяперашні час у падраздзяленнях культуры Беларускай чыгункі працуюць 44 калектывы аматарскай мастацкай творчасці, якія маюць званні: «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь» — 5 калектываў, «Узорны» 11 калектываў, «Народны» 28 калектываў. Усяго ў іх займаюцца больш як 1250 чалавек.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2016 год