Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Урачыстае адкрыццё XVI чэмпіянату Міжнароднага спартыўнага саюза чыгуначнікаў па валейболе адбылося 11 чэрвеня ў Гомелі

11 чэрвеня 2015

Сёння ў культурна-спартыўным комплексе Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі адбылося ўрачыстае адкрыццё чэмпіянату Міжнароднага спартыўнага саюза чыгуначнікаў (USIC) па валейболе сярод мужчынскіх каманд.

Як адзначыў, адкрываючы мерапрыемства, Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў, для ўдзелу ў чэмпіянаце ў Гомель прыехалі каманды з 12 краін. «Ва ўсе часы чыгуначнікаў аб'ядноўвала не толькі прафесійнае, але і спартыўнае адзінства і брацтва, бо вырашаць складаныя вытворчыя задачы могуць толькі фізічна дужыя і здаровыя людзі», — сказаў Уладзімір Марозаў. Ён таксама адзначыў, што Беларуская чыгунка паспрабавала стварыць усе ўмовы для прыгожай гульні і паўнацэннага адпачынку ўдзельнікаў чэмпіянату, і пажадаў ім поспехаў.

З прывітальным словам выступіў старшыня грамадскага аб'яднання «Беларуская федэрацыя валейбола» Валянцін Шаеў, які падкрэсліў, што спорт выхоўвае ў чалавеку мэтанакіраванасць, волю да перамогі і ўменне працаваць у камандзе. Паводле яго слоў, менавіта гэтыя якасці дапамогуць камандам дасягнуць высокіх вынікаў на чэмпіянаце.

 

У сваю чаргу намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Прывалаў адзначыў, што Гомель упершыню прымае спартыўныя спаборніцтвы такога высокага ўзроўню. Ён выказаў упэўненасць у тым, што ўдзельнікі спаборніцтваў праявяць мужнасць, сілу духу і волю да перамогі, а Гомель запомніцца ім сваёй багатай культурай і годнымі людзьмі.

Ад імя Міжнароднага спартыўнага саюза чыгуначнікаў гасцей і ўдзельнікаў чэмпіянату павітаў прадстаўнік саюза Дані Гелейн. Ён падкрэсліў, што гэтыя спаборніцтвы прадастаўляюць магчымасць чыгуначнікам пагутарыць са сваімі калегамі з іншых краін, сустрэцца са старымі сябрамі і стаць членамі вялікай інтэрнацыянальнай сям'і USIC.

Каманда Беларускай чыгункі атрымала першую перамогу!

Сёння ў Гомелі таксама стартавалі гульні Чэмпіянату. Першымі ўступілі ў бітву каманды Беларусі і Германіі. Беларуская каманда атрымала пераканаўчую перамогу з лікам 3:0.

Чэмпіянат Міжнароднага спартыўнага саюза чыгуначнікаў (USIC) па валейболе сярод мужчынскіх каманд праходзіць у Гомелі на базе культурна-спартыўнага комплексу, на двух спартыўных пляцоўках Беларускай чыгункі.

У XVI Чэмпіянаце USIC прымаюць удзел 12 каманд з Беларусі, Бельгіі, Балгарыі, Грэцыі, Германіі, Індыі, Казахстана, Расіі, Польшчы, Швейцарыі, Францыі, Чэхіі.

Напярэдадні спаборніцтваў у Віетрі-суль-Марэ (Італія) прайшло лёсаванне каманд. Спаборніцтвы будуць праходзіць у чатырох групах.

Усяго ў рамках чэмпіянату з 11 па 16 чэрвеня адбудзецца 28 гульняў.

Акрамя стварэння камфортных умоў для правядзення гульняў, Беларуская чыгунка таксама прадугледзела шырокую культурную праграму.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2015 год