Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

24 красавіка Беларуская чыгунка сумесна з ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» дасць старт моладзеваму агітцягніку «Кветкі Вялікай Перамогі»

23 красавіка 2015

Агітцягнік «Кветкі Вялікай Перамогі» будзе курсаваць па Беларускай чыгунцы ў рамках рэспубліканскага патрыятычнага праекта ГА «БРСМ». Маршрут руху цягніка пройдзе па месцах баявой славы. Падчас прыпынкаў будуць арганізаваны творчыя праграмы, канцэрты, выставы, мітынгі, сустрэчы з ветэранамі, пройдзе ўскладанне кветак да вайсковых помнікаў. У склад агітцягніка, сфармаванага Беларускай чыгункай, акрамя пасажырскіх вагонаў для ўдзельнікаў праекта ўключаны вагон-музей гісторыі Перамогі, а таксама крыты вагон і грузавыя платформы, на якіх арганізуюць выступы канцэртных брыгад і змясцуюць экспазіцыю ваеннай тэхнікі. Актывістамі ГА «БРСМ» падрыхтавана тэматычная выстаўная экспазіцыя. Абслугоўваць агітцягнік будуць моладзевыя лакаматыўныя брыгады і моладзевая цягніковая брыгада.

 

Удзел у праекце прымуць актывісты БРСМ, творчая моладзь, зоркі беларускай эстрады, прадстаўнікі сілавых ведамстваў Рэспублікі Беларусь. Увесь цягнік аформяць у святочным стылі; машыністы, праваднікі і пасажыры прымацуюць на лацканы бутаньеркі з кветкамі яблыні - знакам будучага свята і праекта ГА «БРСМ» «Кветкі Вялікай Перамогі».

Старт агітцягніку дадуць 24 красавіка ў Мінску. Са сталіцы з прыпынкамі ў Асіповічах, Бабруйску і Жлобіне ён здзейсніць пераезд да Гомелю. 25 красавіка агітцягнік прыбудзе ў Жлобін і Магілёў, 27 красавіка — ў Оршу і Віцебск. 28 красавіка акцыя пройдзе ў Лідзе і Гродна. 4 мая агітцягнік здзейсніць прыпынкі ў Баранавічах і Брэсце. Завершыцца патрыятычны чыгуначны праект 5 мая. У гэты дзень агітацыйны цягнік вернецца ў Мінск, дзе адбудзецца ўрачыстая сустрэча.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2015 год