Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка выступіць арганізатарам правядзення 62-га пасяджэння Савета па чыгуначным транспарце дзяржаў-удзельніц Садружнасці, якое пройдзе ў Мінску ў маі

10 лютага 2015

Рашэнне аб правядзенні чарговага 62-га пасяджэння Савета было прынята на 61-м пасяджэнні Савета, які прайшоў у кастрычніку мінулага года ў Баку (Азербайджан).

62-е пасяджэнне Савета па чыгуначным транспарце дзяржаў-удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў пройдзе ў Мінску 20—21 мая 2015 года. Для Беларускай чыгункі арганізацыя правядзення і ўдзел у рабоце 62-га пасяджэння Савета з'яўляецца найважнейшай падзеяй бягучага года ў сферы развіцця міжнароднага супрацоўніцтва.

У Мінску збяруцца дэлегацыі чыгуначных адміністрацый Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кіргізіі, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана, Украіны, а таксама Грузіі, Латвіі, Балгарыі, Фінляндыі, Літвы, Эстоніі і Ірана на чале з іх кіраўнікамі.

 

Плануецца, што дэлегацыю Беларускай чыгункі ўзначаліць Начальнік чыгункі Уладзімір Марозаў.

У рамках мерапрыемства будуць прадугледжаны перамовы Начальніка Беларускай чыгункі з кіраўніцтвам ААТ «Расійскія чыгункі» і АТ «Нацыянальная кампанія«Казакстан Тэмiр Жалы».

Інфармуем, што Савет па чыгуначным транспарце дзяржаў-удзельніц Садружнасці і яго выканаўчы орган — Дырэкцыя Савета — былі створаны Пагадненнем кіраўнікоў урадаў дзяржаў-удзельніц СНД 14 лютага 1992 для забеспячэння ўстойлівых эканамічных сувязяў краін СНД.

Дзякуючы дзейнасці Савета удалося захаваць тэхналагічнае адзінства чыгуначнай сеткі, забяспечыць узгодненае развіццё інфраструктуры і тарыфнай палітыкі чыгунак краін Садружнасці.

Асноўныя задачы Савета: каардынацыя работы чыгуначнага транспарту на міждзяржаўным узроўні і выпрацоўка ўзгодненых прынцыпаў яго дзейнасці; арганізацыя сумеснай эксплуатацыі грузавых вагонаў і кантэйнераў.

Савет разглядае і вырашае пытанні эксплуатацыйнай дзейнасці чыгунак, сумеснага выкарыстання і тэхнічнага ўтрымання грузавых вагонаў і кантэйнераў, умоў перавозак пасажыраў і грузаў, забеспячэння бяспекі руху цягнікоў у міжнародных зносінах, распрацоўкі сістэмы ўліку і ўзаемаразлікаў за выкананую працу і паслугі, навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва і інш.

Першарадную ўвагу Савет па чыгуначным транспарце надае забеспячэнню тэхналагічнага адзінства чыгунак. Штогод вядзецца распрацоўка графіка руху і плана фарміравання цягнікоў у міжнародных зносінах. Вялікая ўвага надаецца пытанням тэхнічнага стану грузавых вагонаў.

Членамі Савета з'яўляюцца кіраўнікі чыгуначных адміністрацый дзяржаў-удзельніц СНД. Акрамя таго, у рабоце Савета прымаюць удзел кіраўнікі чыгуначных адміністрацый Балгарыі, Грузіі, Латвіі, Літвы, Фінляндыі і Эстоніі.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2015 год