Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ
ENG

Паважаныя работнікі і ветэраны Беларускай чыгункі!

31 снежня 2014

Ад усёй душы віншуем вас з Новым 2015 годам і Калядамі!

Сыходзіць у гісторыю яшчэ адзін год. Для ўсіх нас ён быў адказным і памятным, насычаным яркімі падзеямі і ў той жа час не простым ў эканамічным плане. Сёння Беларуская чыгунка, з'яўляючыся найважнейшай сферай транспартных паслуг, нясе вялікую сацыяльную і эканамічную нагрузку. Але дзякуючы зладжанай і добрасумленнай працы ўсяго калектыву чыгункі мы паспяхова выканалі задачы па рэалізацыі важных праектаў, якія стаяць перад намі, і ў поўным аб'ёме забяспечылі патрэбы эканомікі і насельніцтва краіны ў перавозках.

Мы прымалі актыўны ўдзел у правядзенні найбольш значных дзяржаўных мерапрыемстваў. Правялі вялікую працу па развіцці пасажырскіх перавозак, павышэннi ўзроўню іх сэрвісу і камфорту. Завяршылі рэканструкцыю шэрагу вакзальных комплексаў і ўвялі ў эксплуатацыю сучасныя электра- і дызель цягнікi новага пакалення. Паскорылі рух пасажырскіх цягнікоў паміж сталіцай і абласнымі цэнтрамі. Адкрылі чыгуначныя пасажырскiя зносiны па новых маршрутах і актыўна ўдасканальвалі сістэму продажаў электронных праязных дакументаў.

 

Значныя рэсурсы былі накіраваны на абнаўленне і мадэрнізацыю інфраструктуры, рамонт пуцi, устройстваў сігналізацыі і сувязі, электрыфікацыю чыгуначных ліній, набыццё парку цягавага і маторвагоннага рухомага саставу.

Важным вынікам нашай дзейнасці ў 2014 годзе стала ўмацаванне канкурэнтных пазіцый на міжнародным рынку транспартных паслуг. Мы рэалізавалі шэраг перспектыўных праектаў па перавозцы грузаў спецыялізаванымі кантэйнернымі цягнікамі.

Новы 2015 ставіць перад намі адказныя задачы.

Нам неабходна годна завяршыць апошні год пяцігодкі і распрацаваць эфектыўную Праграму развіцця чыгуначнага транспарту Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады. Нам неабходна ўзмацніць свае пазіцыі на транспартным рынку міжнародных грузавых перавозак, працягнуць далейшае развіццё пасажырскага сэрвісу і завяршыць электрыфікацыю ўчастка Жлобін-Гомель.

Прыярытэтам для нас павінны стаць інфраструктурныя праекты — гэта стратэгічны курс Беларускай чыгункі на бліжэйшую перспектыву.

Але галоўнай задачай для кожнага чыгуначніка застаецца безумоўнае забеспячэнне бяспекі руху цягнікоў і аховы працы.

Для паспяховага вырашэння гэтых важных і складаных задач мы павінны працаваць адзінай камандай. Толькі разам мы зможам рухацца наперад і павышаць наш дабрабыт.

У свой час А. П. Чэхаў сказаў: «Чалавек — гэта тое, у што ён верыць».

Ўпэўненыя, што разам мы даможамся поспеху. І кожны, хто гатовы працаваць, развівацца і мець поспех знойдзе сваё годнае месца ў рэалізацыі новых планаў і праектаў Беларускай чыгункі.

Дарагія калегі! Напярэдадні Новага года мы шчыра жадаем, каб у навагоднюю ноч у кожным доме, у кожнай сям'і прагучалі самыя цёплыя, самыя душэўныя словы кахання родным і блізкім. Асаблівую ўдзячнасць і сардэчныя віншаванні з надыходзячым Новым годам выказваем нашым ветэранам і тым спецыялістам, якія ў навагоднюю ноч будуць знаходзіцца на працоўнай вахце.

Хай 2015 стане годам добрых пераменаў, дабрабыту і поспеху. Няхай у жыцці і ў шляху нам усім спадарожнічае поспех!

З Новым годам!

 

Начальнік Беларускай чыгункі В.М. Маразоў

Старшыня Беларускага прафесійнага саюза
чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў У.І. Рынг

Да спісу навін за 2014 год