Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Трэці злёт машыністаў Беларускай чыгункі пачаў сваю работу ў Мінску

12 лістапада 2014

Сёння ў Мінску ў Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў адбылося ўрачыстае адкрыццё Трэцяга злёту машыністаў. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў, старшыня Беларускага прафесійнага саюза чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў Уладзімір Рынг.

Як адзначыў, адкрываючы мерапрыемства, Уладзімір Марозаў, сёння можна з упэўненасцю сказаць, што злёт машыністаў стаў эфектыўнай пляцоўкай для абмеркавання актуальных пытанняў работы і ўзаемадзеяння ўсіх службаў беларускай магістралі. У гэтым годзе злёт праходзіць у новым фармаце — на працягу трох рабочых дзён, у рэжыме жывога і актыўнага дыялогу ў пяці рабочых групах, якія абмяркуюць найбольш важныя напрамкі дзейнасці чыгункі.

«Мы свядома прынялі рашэнне арганізаваць асноўную частку працы злёту ў лакаматыўных дэпо чыгункі за круглым сталом з удзелам шырокага кола спецыялістаў галіновых службаў, — падкрэсліў Уладзімір Марозаў, — Упэўнены, такая форма зносін павысіць эфектыўнасць злёту. Вынікам працы ўсіх рабочых груп павінны стаць прапановы, накіраваныя на прыняцце дзейсных мер і павышэнне эфектыўнасці дзейнасці не толькі лакаматыўнай гаспадаркі, але і ўсёй Беларускай чыгункі».

 

Начальнік Беларускай чыгункі адзначыў, што за перыяд, якi прайшоў з часу правядзення ў снежні 2012 года Другога злёту машыністаў, у адпаведнасці з яго рашэннямі былі дасягнуты пэўныя вынікі ў павышэнні ўзроўню бяспекі руху, якасці і ўмоў працы лакаматыўных брыгад. Сёння працягваецца паспяховая рэалізацыя інвестыцыйных праектаў па зборцы манеўровых лакаматываў серыі ТМЭ ў лакаматыўным дэпо Ліда. На базе лакаматыўных дэпо Жлобін і Віцебск праводзіцца мадэрнізацыя цеплавозаў серыі 2ТЭ10, у прыватнасці замена сілавых установак і сістэм кіравання з прадаўжэннем тэрміну службы цягавага рухомага саставу. У маторвагонным дэпо Мінск створана тэхнічная база для абслугоўвання электрацягнікоў серыі ЭПг і ЭПР.

Праведзена работа па паляпшэннi даступнасці і якасці медыцынскага абслугоўвання работнікаў лакаматыўных дэпо. На ўсіх аддзяленнях чыгункі ў дамах адпачынку ў пунктах абароту з выкарыстаннем сучасных тэхналогій арганізавана кругласутачнае гарачае харчаванне лакаматыўных брыгад.

Начальнік Беларускай чыгункі таксама падвёў вынікі дзейнасці БЧ за перыяд, што прайшоў з Другога злёту машыністаў. Увесь гэты час чыгунка не толькі паспяхова выконвала сваю функцыю па перавозцы грузаў і пасажыраў, але і рэалізавала цэлы шэраг новых праектаў, прапанавала сваім кліентам новыя паслугі і сэрвісы.

За 2013 год і 10 месяцаў 2014 Беларуская чыгунка перавезла 178 мiльëнаў пасажыраў; амаль 260 мільёнаў тон грузаў, з іх больш за 84 мільёны тон — транзітам. Пагрузка за гэты перыяд склала амаль 150 мільёнаў тон.

У верасні 2013 года быў адкрыты электрыфікаваны ўчастак Жлобін—Асіповічы, на якім пачалі курсіраваць цягнікі на электрцязе. У лістападзе 2013 адбылося ўрачыстае адкрыццё рэгулярнага руху цягнікоў гарадскіх ліній на ўчастку Мінск—Рудзенск. У 2014 годзе Беларуская чыгунка на высокім узроўні забяспечыла перавозку гасцей і ўдзельнікаў чэмпіянату свету па хакеі. Новае аблічча прынялі вакзалы ў Брэсце і Гродна. Завяршаецца другая чарга рэканструкцыі станцыі Мінск-Пасажырскі, што павялічыць яе прапускную здольнасць. З чэрвеня бягучага года на участках з інтэнсіўным пасажырапатокам Мінск—Баранавічы—Брэст і Мінск—Орша курсiруюць электрацягнікi рэгіянальных ліній павышанай камфортнасці ЭПРII ў пяцівагонным выкананні. Па маршруце Мінск—Вільнюс курсiруюць трохвагонныя дызель-цягнікi новага пакалення. З летняга графіка паскораны рух пасажырскіх цягнікоў паміж сталіцай і абласнымі цэнтрамі — Брэстам, Гомелем і Віцебскам. А 7 лістапада адкрыты пасажырскія чыгуначныя зносіны паміж станцыяй Мінск-Пасажырскі і Нацыянальным аэрапортам Мінск.

Вялікая работа ў 2013—2014 гадах праведзена па абнаўленні, мадэрнізацыі і капітальным рамонце парку цягавага і маторвагоннага рухомага саставу, грузавых і пасажырскіх вагонаў. За гэты перыяд было набыта 6 грузавых электравозаў БКГ1, 1 пасажырскі цеплавоз ТЭП 70БС, 6 электрацягнікоў рэгіянальных ліній ЭПр; 6 дызель-цягнікоў ДП1 і ДП3. Таксама было закуплена 2223 грузавыя вагоны. У лакаматыўным дэпо Ліда выраблена 19 манеўровых цеплавозаў серый ТМЭ1, 2 і 11 цеплавозаў серыі ТМЭ3.

Гаворучы пра бліжэйшыя перспектывы развіцця Беларускай чыгункі, Уладзімір Марозаў падкрэсліў важнасць завяршэння рэалізацыі інвестыцыйных праектаў па электрыфікацыі чыгуначных ліній на ўчастку Гомель—Жлобін і Жлобін—Калінкавічы, а таксама на ўчастку Маладзечна—Гудагай—дзяржмяжа. Ён таксама адзначыў перспектыўнасць развіцця перавозак грузаў спецыялізаванымі кантэйнернымі цягнікамі, для чаго неабходна ствараць максімальна прывабныя ўмовы.

Нагадваем, Трэці злёт машыністаў праходзіць у перыяд з 12 па 14 лістапада ў пяці гарадах Беларусі — Мiнску, Баранавічах, Брэсце, Гомелі, Віцебску. У злёце прымаюць удзел больш за 250 чалавек. Прадстаўлены ўсе 17 лакаматыўных дэпо беларускай магістралі.

13 лістападзе пройдуць пасяджэнні пяці рабочых груп злёту з выездам на прадпрыемствы Беларускай чыгункі. Так, вынікам работы першай групы ў лакаматыўным дэпо Мінск павінна стаць выпрацоўка прапаноў па ўдасканаленні арганізацыі руху цягнікоў і манеўровай працы, эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў. Другая група накіруецца ў лакаматыўнае дэпо Баранавічы. Там пойдзе гаворка пра паляпшэнне тэхнічнага стану лакаматыўнага і маторвагоннага парку чыгункі. Трэцяя група будзе працаваць у Брэсце. Галоўнай тэмай абмеркавання будзе бяспеку руху цягнікоў і павышэнне адказнасці лакаматыўных брыгад ў забеспячэнні перавозачнага працэсу. Чацвёртая група ў лакаматыўным дэпо Гомель абмяркуе пытанні ўдасканалення аплаты працы, сацыяльнай падтрымкі, падрыхтоўкі кадраў і псіхалагічнага суправаджэння іх прафесійнай дзейнасці. Пятая група адправіцца ў лакаматыўнае дэпо Віцебск. У цэнтры яе ўвагі будзе развіццё інфраструктуры, паляпшэнне аховы працы і здароўя прадстаўнікоў лакаматыўных брыгад.

Завершыцца Трэці злёт машыністаў 14 лістапада ў Гомелі ў Палацы культуры чыгуначнікаў.

У цяперашні час на Беларускай чыгунцы працуюць больш за 6 тысяч работнікаў лакаматыўных брыгад, з якіх 3,6 тысячы — машыністаў. З іх амаль 40% мае вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Больш за 74% мае стаж работы звыш 10 гадоў, а 40% — звыш 20 гадоў. Аб высокім прафесійным узроўні машыністаў кажа і той факт, што 513 работнікаў маюць першы і другі класы кваліфікацыі. Гэта спецыялісты высокага ўзроўню, якія здольныя асвоіць самы сучасны рухомы састаў.

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2014 год