Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

І Калінкавічы, і Мазыр

80 гадоў назад, з 8 па 20 студзеня 1944 года, войскі Беларускага фронту, якім камандаваў генерал арміі Канстанцін Ракасоўскі, паспяхова правялі Калінкавіцка-Мазырскую наступальную аперацыю.

i_kalinkovichi_i_mozyr_1.jpg

Перад байцамі ставілася задача разграміць групоўку праціўніка, захапіць плацдарм і стварыць умовы для наступнага наступлення на Бабруйск і Мінск. Пры адступленні гітлераўцы мініравалі і разбуралі чыгуначныя пуці, масты, станцыйныя прылады і іншыя чыгуначныя аб'екты. У гэтай сувязі ў пачатку 1944 года Галоўнае ўпраўленне ваенна-аднаўленчых работ НКПЗ выдала «Кіраўніцтва па аднаўленні чыгунак», у якім быў абагульнены назапашаны за мінулы перыяд вайны вопыт. Прасоўваючыся за наступаючымі злучэннямі і часцямі, чыгуначнікі аднаўлялі, перш за ўсё, найважнейшыя ўчасткі на напрамках галоўных удараў. За асаблівыя заслугі ў забеспячэнні перавозак для фронту, выдатныя дасягненні ў аднаўленні чыгунак у цяжкіх умовах ваеннага часу Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 5 лістапада 1943 года прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы 26 генералам, афіцэрам, сяржантам і радавым чыгуначных войскаў.

Раніцай 8 студзеня 1944-га авіяцыя 16-й паветранай арміі (камандуючы генерал-палкоўнік Сяргей Рудэнка) нанесла масіраваны ўдар па абароне ворага. Пікіруючыя бамбардзіроўшчыкі Пе-2 атакавалі станцыю Калінкавічы, знішчылі многія варожыя вагоны і платформы з грузамі, разбурылі чыгуначнае палатно, падпалілі склад. Пры нанясенні ўдару экіпаж самалёта – камандзір 54-га палка падпалкоўнік Міхаіл Крыўцоў, штурман палка маёр Іван Самоў і стралок-радыст старшына Мікалай Паўлаў – накіравалі падпаленую баявую машыну з бомбавым грузам на варожы эшалон, які стаяў на станцыі.

З атрыманнем баявога загаду ў рашучае наступленне на Калінкавіцкім напрамку перайшлі войскі 65-й арміі (камандуючы генерал-лейтэнант Павел Батаў). Стралковыя дывізіі пры актыўнай падтрымцы артылерыі, танкаў і штурмавой авіяцыі ўжо ў першы дзень аперацыі пераадолелі абарону 2-й нямецкай арміі з саставу групы армій «Цэнтр». Працягваючы развіваць поспех, яны перарэзалі чыгунку і шашу Калінкавічы – Жлобін, сталі абыходзіць варожую групоўку з поўначы. 14 студзеня 1944 года да 6 гадзін раніцы войскі 65-й арміі ва ўзаемадзеянні з войскамі 61-й арміі (камандуючы генерал-лейтэнант Павел Бялоў) цалкам авалодалі Калінкавічамі.

i_kalinkovichi_i_mozyr_3.jpg     i_kalinkovichi_i_mozyr_2.jpg     i_kalinkovichi_i_mozyr_5.jpg

Газета «Чырвоная зорка» ад 15 студзеня 1944 года адзначала:«Танкі і пяхота, якія наступалі з поўначы, ушчыльную падышлі да Калінкавічаў, занялі шэраг варожых апорных пунктаў у непасрэднай блізкасці да чыгуначнага вузла, а таксама паставілі пад пагрозу чыгунку і шашэйную дарогу, якія вядуць на захад. Баі паўсюль працягваліся ў цемры. Ноччу немцы таксама распачалі некалькі контратак, аднак нават коштам вялікіх страт яны не дамагліся ніякіх вынікаў. Раніцай наступаючыя авалодалі большай часткай Калінкавічаў, а неўзабаве горад і ўвесь раён былі канчаткова ачышчаны ад немцаў». 

Адначасова ў напрамку на горад Мазыр перайшлі ў наступленне часці і злучэнні 61-й арміі генерал-лейтенанта Паўла Бялова, наносячы галоўны ўдар сіламі 2-га і 7-га гвардзейскіх кавалерыйскіх карпусоў генерал-лейтенанта Уладзіміра Крукава і генерал-майора Міхаіла Канстанцінава. Раніцай 14 студзеня 1944 года часці 55-й і 415-й стралковых дывізій ва ўзаемадзеянні з кавалерыйскімі карпусамі авалодалі Мазыром. 

i_kalinkovichi_i_mozyr_4.jpg

У ходзе Калінкавіцка-Мазырскай наступальнай аперацыі камандаванне 65-й і 61-й армій падтрымлівала бесперапынную сувязь з партызанскімі атрадамі і брыгадамі, цесна ўзаемадзейнічала з народнымі мсціўцамі. Асабліва актыўна дзейнічалі ў тыя дні палескія партызаны партызанскага злучэння пад камандаваннем Івана Ветрава.

Загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага 21 злучэнне, якое асабліва вызначылася, і часць атрымалі ганаровае найменне «Калінкавіцкія». 18 злучэнняў і часцей сталі насіць ганаровыя званні «Мазырскія». Ад імя Радзімы Масква салютавала доблесным войскам Беларускага фронту, якія вызвалілі Мазыр і Калінкавічы, дваццаццю артылерыйскімі залпамі з двухсот дваццаці чатырох гармат. У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў экспазіцыі прадстаўлены відавыя фатаграфіі 1944 года: камандуючы войскамі Беларускага фронту Канстанцін Ракасоўскі і член Ваеннага савета фронту Канстанцін Цялегін у карты абмяркоўваюць ход Калінкавіцка-Мазырскай аперацыі; мінамётчыкі і артылерысты вядуць агонь па праціўніку на паўночны захад ад горада Калінкавічы; камандуючы 61-й арміяй генерал-лейтэнант Павел Бялоў выступае на мітынгу ў Мазыры, прысвечаным вызваленню горада; член Ваеннага Савета 65-й арміі генерал-майор Мікалай Радзецкі ўручае баявыя сцягі часцям 354-й Калінкавіцкай стралковай дывізіі.

У выніку Калінкавіцка-Мазырскай аперацыі савецкія войскі прасунуліся на захад на асобных напрамках на некалькі дзясяткаў кіламетраў, нанеслі значныя страты праціўніку. Войскі Беларускага фронту ўзбагацілі вопыт вядзення баявых дзеянняў ва ўмовах лясіста-балоцістай мясцовасці беларускага Палесся, які яны паспяхова выкарыстоўвалі ў далейшых наступальных аперацыях па поўным вызваленні роднай Беларусі.


Мікалай Шаўчэнка,   
член-карэспандэнт Беларускага саюза журналістаў