Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

У баях за Беларусь

80 гадоў назад, з 21 па 26 лютага 1944 года, у ходзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў паспяхова праведзена Рагачоўска-Жлобінская наступальная аперацыя войскаў правага крыла 1-га Беларускага фронту (камандуючы генерал арміі Канстанцін Ракасоўскі). Мэтай быў разгром варожай групоўкі войскаў у гэтым раёне і стварэнне спрыяльных умоў для наступлення часцей Чырвонай Арміі на бабруйскім кірунку.

Напярэдадні аперацыі, у пачатку лютага, першы сакратар ЦК КП (б)Б, кіраўнік урада Беларускай ССР, начальнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху Панцеляймон Панамарэнка ў загадзе адзначыў асаблівае значэнне «рэйкавай вайны», якая скараціла перавозкі праціўніка на 35-40%. Ва ўмовах наступлення Чырвонай арміі камандзірам партызанскіх брыгад і атрадаў загадалі падрыхтаваць і правесці зімой 1944 года аперацыю «Зімовы канцэрт» – новы масавы адначасовы ўдар па чыгунках праціўніка метадам перабівання рэек напалову. Адзначана, што гэта паставіць ворага ў яшчэ горшыя ўмовы і можа апынуцца адным з вырашальных фактараў у справе канчатковага разгрому немцаў.

general_gorbatov.jpg

21 лютага 1944 года войскі 3-й арміі (камандуючы генерал-лейтэнант Аляксандр Гарбатаў) перайшлі ў наступленне. У мемуарах «Гады і войны» камандарм успамінаў: «Ледзь у перадранішніх прыцемках сталі незразумела вымалёўвацца будынкі і дрэвы на правым беразе Дняпра, як стрэлы з васьмісот гармат і мінамётаў на дзесяцікіламетровым фронце зліліся ў агульны грукат. Да дзесяці гадзін раніцы пярэдні край праціўніка з двума-трыма траншэямі і некалькімі населенымі пунктамі на беразе ракі амаль усюды быў заняты нашымі войскамі. У некаторых месцах яны прасунуліся на два-тры кіламетры».

На працягу сутак войскі 1-га Беларускага фронту вызвалілі населеныя пункты Навабыхаў, Лазарэвічы, Віляхоўка, Верхняя і Ніжняя Тошчыца, Кісцяні, Вішчын. У першы дзень аперацыі дыверсійнай групай партызанскага атрада імя А.У. Суворава (камандзір атрада Веніямін Істомін) брыгады імя У. М. Молатава Пінскай вобласці на чыгунцы Брэст–Пінск пушчаны пад адхон варожы воінскі эшалон. У выніку былі знішчаны паравоз, сем вагонаў з жывой сілай праціўніка, дзве пляцоўкі з баявой тэхнікай, разбурана некалькі дзясяткаў метраў чыгуначнага палатна. Рух саставаў затрыманы на 12 гадзін.

На другі дзень злучэнні і часці пад камандаваннем генерала Гарбатова перарэзалі чыгунку Магілёў-Рагачоў і выйшлі на подступы да Рагачова з паўночнага ўсходу і паўднёвага ўсходу. У ходзе Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі вызначыўся і асабовы склад 120й гвардзейскай стралковай дывізіі, якой камандаваў палкоўнік Ян Фогель. Да раніцы 21 лютага часткі дывізіі занялі зыходнае становішча для кідка праз Днепр на паўночны ўсход ад Рагачова. Байцоў чакала нялёгкая задача – прарваць глыбока эшаланаваную абарону немцаў, пярэдні край якой са шматлікімі дотамі, дзотамі, драцянымі загародамі і міннымі палямі праходзіў па высокім, у многіх месцах абледзянелым беразе, адкуль праглядалася і абстрэльвалася ўся даліна ракі. Падчас падрыхтоўкі наступлення старанна папрацавалі разведчыкі, якія выявілі агнявую сістэму і інжынерныя збудаванні ворага.

На досвітку 23 лютага магутны залп гармат разарваў цішыню. Удар быў настолькі магутным, што палкі дывізіі за 30-40 хвілін фарсіравалі Днепр і ўварваліся ў траншэі першай пазіцыі праціўніка. У навукова-папулярным выданні «Гурцьеўцы ад Омска да Берліна» удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, былы міністр абароны СССР Маршал Савецкага Саюза Дзмітрый Язаў пісаў: «Паўночней Рагачова 120-я гвардзейская стралковая дывізія з баямі прасоўвалася наперад. Да 6 гадзін раніцы цэнтральная частка горада была цалкам вызвалена. У вулічных баях праціўнік страціў каля 500 салдат і афіцэраў».

З загаду Вярхоўнага Галоўнакамандуючага № 78 ад 24 лютага 1944 года: «Войскі 1-га Беларускага фронту, фарсіраваўшы раку Днепр, прарвалі моцную абарону немцаў на фронце 50 км, прасунуліся наперад за тры дні баёў на 20-25 км і сягоння, 24 лютага, штурмам авалодалі горадам і буйной чыгуначнай станцыяй Рагачоў – важным апорным пунктам абароны немцаў на бабруйскім кірунку».

У баях на тэрыторыі Беларусі ў ходзе аперацыі многія воіны праявілі мужнасць і гераізм. Так, у кровапралітных бітвах за невялікую вёску Вішчын на Гомельшчыне адразу трое байцоў былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Адзін з іх – камандзір стралковай роты 1092га стралковага палка 269-й стралковай дывізіі 3-й арміі старшы лейтэнант Іван Хмель. Рота пад яго камандаваннем пераправілася праз Днепр каля вёскі Вішчын, у баі авалодала трыма пазіцыямі варожых траншэй, захапіла чатыры прылады, вызваліла населены пункт. Адважны афіцэр загінуў.

24 лютага 1944 года ў 22.00 Масква салютавала доблесным войскам 1га Беларускага фронту, якія авалодалі горадам Рагачоў, дванаццаццю артылерыйскімі залпамі са ста дваццаці чатырох гармат. 13 злучэнняў і частак фронту, якія вызначыліся ў баях за вызваленне горада, атрымалі ганаровае найменне «Рагачоўскіх».


Мікалай Шаўчэнка,
член Беларускага саюза журналістаў