На чыгунцы ўводзіцца «Адзіны дзень пасажыра»
24 февраля 2015
Беларуская чыгунка прапануе новы фармат стасункаў з кліентамі — інфармацыйнае мерапрыемства «Адзіны дзень пасажыра».
Яно задумана для вывучэння меркавання спажыўцоў транспартных паслуг і забеспячэння зваротнай сувязі з пасажырамі і будзе праходзіць у апошні чацвер трэцяга месяца квартала на чыгуначных вакзалах (пазакласных і першага класа): у Мінску, Брэсце, Баранавічах, Гродне, Гомелі, Магілёве, Віцебску, Оршы.
Дарэчы
Стасункі ў новым фармаце ўжо атрымалі станоўчыя водгукі ад пасажыраў. У студзені магістраль праводзіла акцыю «Адкрыты дыялог», якая прайшла ва ўсіх аддзяленнях. Тады ў асноўным паступалі прапановы па карэкціроўцы графіка руху цягнікоў рэгіянальных ліній эканом-класа, а таксама падзякі чыгуначнікам ад пасажыраў за якасць паслуг, якія тыя аказваюць.
Найбліжэйшы «Адзіны дзень пасажыра» пройдзе 26 сакавіка. У ім возьмуць удзел кіраўнікі і спецыялісты аддзяленняў дарогі, пасажырскіх аддзелаў, начальнікі станцый і вакзалаў, паведамілі ў прэс-цэнтры магістралі. Напярэдадні на сайце Беларускай чыгункі будзе арганізавана анкетаванне па пытаннях удасканальвання абслугоўвання пасажыраў пры арганізацыі пасажырскіх перавозак. Пасажыры могуць задаць пытанні спецыялістам як у вуснай, так і пісьмовай формах. Цягам года мерапрыемства пройдзе на Беларускай чыгунцы, апроч 26 сакавіка, 25 чэрвеня, 24 верасня, 24 снежня.
Сяргей Расолька
Звязда
24.02.2015
К списку новостей за 2015 год