Вы используете устаревший браузер. Чтобы использовать все возможности сайта, загрузите и установите один из этих браузеров:

РУС

Купэ з прывілеямі

18 июля 2017

Чаму на чыгунцы не запатрабаваныя спецвагоны для інвалідаў.

Як падарожнічаюць людзі з абмежаванымі магчымасцямі? Як і ўсе: карыстаюцца аўто, самалётамі і, вядома ж, цягнікамі. Вось адна з апошніх навінак: у Беларускай чыгункі з'явіўся сэрвіс дастаўкі квіткоў поштай. Карэспандэнт «Р» праводзіла першага інваліда-калясачніка, які скарыстаўся паслугай, на цягнік са спецвагонам да Масквы і даведалася, ці стала вандраваць больш зручна.

На Мінскім чыгуначным вакзале шумна і шматлюдна — нядзіўна для вечара. 3 чамаданамі, пакетамі, сумкамі або зусім без багажу туды-сюды ходзяць людзі. Па гучнай сувязі абвяшчаюць, якія цягнікі прыбылі, якія і адкуль адпраўляюцца, — усе прыслухоўваюцца. А вось у зале чакання людзі спакойна сядзяць, чытаюць газеты, глядзяць па баках. Вунь, дарэчы, сярод іх і наш сённяшні герой — Аляксандр Панкевіч, інвалід-калясачнік родам з Дзятлава Гродзенскай вобласці. Ужо праз гадзіну яго цягнік кранецца, і праз дзевяць гадзін Аляксандр апынецца ў Маскве. Едзе ён адзін. I не хвалюецца.

— У мяне спінальная цяглічная атрафія, генетычнае захворванне. Без дапамогі бацькоў трохі няпроста. Сюды вось дабраўся з Дзятлава з татам на машыне. А ў Маскве сустрэне сяброўка Надзея. Мы з ёй перапісваемся ўжо восем гадоў і вось цяпер убачымся ўпершыню, — Апяксандр хвалюецца, сціскаючы ў руках квіткі. — Мы прагуляемся па Маскве, пагутарым. Там у мяне ёсць яшчэ справы: маю ідэю для сацыяльнага праекта хачу абмеркаваць з дасведчанымі людзьмі, што і як рабіць.

З'яўленне новай паслугі — дастаўкі квіткоў дадому — істотна палягчае магчымасць падарожжа як па краіне, так і за мяжу. А хвалявацца бацькам не варта, запэўніваюць супрацоўнікі БЧ. Ёсць спецвагон для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

— Памятаю, неяк ехалі ў Піцер з бацькамі ў звычайным плацкарце: 13 гадзін на «бакоўцы», тата паўсюль на руках насіў — было не проста. Цяпер усё змянілася: мая сяброўка, таксама калясачніца, са Светлагорска, часта ездзіць па чыгунцы, расказала мне, што гэта зручна. Я залез у інтэрнэт, паглядзеў відэа, фота і наважыўся, — Аляксандр Панкевіч растлумачыў, як за тыдзень разабраўся з пытаннем паездкі.

Атрымалася даволі проста: заказаў квіткі, паведаміўшы, што патрэбен спецвагон, з ім звязаўся аператар, удакладніў усю інфармацыю, атрымаў ад Аляксандра фота пасведчання аб інваліднасці і сказаў: «Праз два дні білеты будуць у вас», і бацькам не прыйшлося ехаць на вакзал за імі, ды і кошт квітка які быў, такі і застаўся.

А ну, паглядзім, ці сапраўды зручнае асяроддзе для людзей з абмежаванымі магчымасцямі на вакзале? Аляксандр выязджае з залы чакання па спецыяльным пандусе да ліфта, затым мы разам трапляем ў яго, спускаемся і апынаемся ля выхадаў да платформы — усё Александр рабіў сам, і гэта было няцяжка. Як час ідзе! Вось і цягнік ужо свеціць сваімі агнямі. Ну што, шосты вагон, прымай пасажыра.

Спецыяльны пад'ёмнік для людзей з абмежаванымі магчымасцямі па-майстэрску схаваны за ралетамі у боксе задняга тамбура. Яго адчыняюць, спуекаюць, на пляцоўку заязджае Аляксандр, і механізм падымае яго ў вагон.

Першае, што кідаецца ў вочы, — больш шырокі праход, каб каляска змагла праехаць. Экскурсію праводзіпь Дзяніс Танканог, начальнік аддзела абслугоўвання пасажыраў пасажырскай службы Беларускай чыгункі: — Усяго ў нас 20 вагонаў, абсталяваных для перавозкі інвалідаў-калясачнікаў, а яшчэ 18 электрацягнікоў і 7 дызель-цягнікоў у нізкападлогавым выкананні, з пандусамі. Глядзіце, прыбіральня прыстасавана для фізічна аслабленых людзей, ёсць поручні.

У купэ дзве пасцелі. Адна для калясачніка, другая для суправаджальніка. Ёсць тут інфармацыйнае табло з датай і часам, ёсць панэль, на ёй кнопка — «Выклік правадніцы». Таксама на ёй відаць, заняты ці не туалет, можна ўсяго адным націскам і асвятленне рабіць больш або менш. Ды яшчэ і разетка для зарадкі смартфона маецца! Дарэчы, усе надпісы дубліруюцца шрыфтам Брайля.

«Усіх, хто праводзіць, просьба пакінуць вагоны!» — апавяшчае правадніца. Мы развітваемся з Аляксандрам. Пасцель пакуль слаць, кажа, не жадае. Хоча ў акно паглядзець, прывыкнуць да купэ...

Цікава, а ці часта карыстаюцца такімі вагонамі нашы людзі з абмежаванымі магчымасцямі? На жаль, не. Але чыгунка імкнецца прыцягнуць увагу гэтых пасажыраў.

— Нашы тэхнічныя магчымасці дазваляюць інвалідам карыстацца чыгункай, — махае рукой Дзяніс Танканог Аляксандру, і цягнік знікае. — Шмат што залежыць ад чалавека, яго характару. Калі ён актыўны, то шукае варыянты для падарожжаў. Спецвагоны выкарыстоўваюцца ў нас з 2010 года, але вось чаго не хапала пасажырам з асаблівымі магчымасцямі: ім нязручна было ездзіць на вакзал, прасіць сваякоў дапамагчы ім, і вось мы вырашылі пытанне.

 

Аліна Касель

Рэспубліка

18.07.2017

К списку новостей за 2017 год