Святочны расклад
26 ноября 2015
Больш за 90 дадатковых цягнікоў будуць курсіраваць па Беларускай чыгунцы ў калядныя і навагоднія святы. Каля 80 з іх — міжрэгіянальных ліній. Гэта ў першую чаргу па найбольш запатрабаваных напрамках: Мінск — Брэст — Мінск і Мінск — Гомель — Мінск. Дадатковыя цягнікі таксама звяжуць Мінск з Віцебскам, Гродна, Пінскам і Полацкам.
«Паколькі максімальны пасажырапаток чакаецца 24, 25, 30 і 31 снежня, значная частка з дадатковых паяздоў міжрэгіянальных ліній будзе курсіраваць па беларускай магістралі менавіта ў гэтыя дні. У саставы паяздоў міжрэгіянальных ліній, што курсіруюць па гэтых маршрутах, будуць уключаны дадатковыя вагоны», — паведамілі на Беларускай чыгунцы.
Дарэчы, дадатковы транспарт пусцяць і па міжнародных маршрутах. Ужо назначаны цягнікі па маршруце Брэст — Масква — Брэст адпраўленнем з Брэста 28 і 31 снежня, а таксама 1 і 2 студзеня. У зваротным напрамку яны будуць адпраўляцца з Масквы 29 снежня, а таксама 1, 2 і 3 студзеня. Плануецца пусціць дадатковыя цягнікі па маршрутах Мінск-Санкт-Пецярбург-Мінск і Мінск-Масква-Мінск. Больш падрабязна аб гэтым можна даведацца на сайце БЧ, па тэлефоне даведкі ці ў чыгуначных касах.
Рэспубліка
26.11.2015
К списку новостей за 2015 год