Вы используете устаревший браузер. Чтобы использовать все возможности сайта, загрузите и установите один из этих браузеров:

РУС

Лакаматыў яго жыцця

23 января 2014

Дэпутат — не прафесія.

Валерыя Лайшэва на Асіповіччыну прывяла прафесія. “Лакаматыў і лакаматыўная гаспадарка — так называлася спецыяльнасць, якую абраў юнак з Гомельшчыны, каб дэталёва даведацца нюансы работы стальной магістралі. Спачатку выпускнік тагачаснага Беларускага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту патрапіў у лакаматыўнае дэпо ў Магілёў, дзе яго прызначылі брыгадзірам, потым працаваў у апараце Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі, а ў 1985 годзе быў пераведзены на пасаду галоўнага інжынера вагоннага дэпо Асіповічы. З тае пары яго жыццёвая каляіна і звязана з нашым райцэнтрам. 28 гадоў — больш чым дастатковы тэрмін, каб не толькі палюбіць горад і людзей, якія ў ім жывуць, але і адчуць адказнасць за яго будучыню.

 

Чалавекам дзейсным Лайшэў праявіў сябе адразу. Яшчэ ў вагонным дэпо займаўся ўзвядзеннем цэха з лёгкіх металічных канструкцый для рамонту кантэйнераў — па тых часах грандыёзны праект, кошт якога складаў каля 14 мільёнаў рублёў. Было разгорнута і будаўніцтва жылля на пасёлку Савецкі — ключы атрымалі 120 сямей!

Начальнікам лакаматыўнага дэпо Валерый Уладзіміравіч быў абраны — тады дзейнічала менавіта такая сістэма — у 1988 годзе. Калегі з кандыдатурай не памыліліся — на гэтай пасадзе ён ужо чвэрць стагоддзя. Заўсёды сумяшчаў працу з грамадскай работай: быў дэпутатам спачатку гарадскога, потым — раённага Савета. У абласным Савеце дэпутатаў Лайшэў другое скліканне. Уваходзіць у камісію па бюджэце, фінансах і падаткаабкладанні. Якраз на апошняй сесіі напярэдадні Новага года і падводзіліся вынікі фінансава-эканамічнай дзейнасці, аналізавалася выкананне бюджэту з канкрэтнымі рэкамендацыямі раёнам і прыкладамі ўдалага гаспадарання. Што асабліва імпануе Лайшэву — падабралася каманда сапраўдных прафесіяналаў. Рэзонна, што пасяджэнні камісіі пераважна выязныя — гэта дае магчымасць пазнаёміцца з інфраструктурай розных райцэнтраў і іх прадпрыемствамі, культурнай спадчынай. Ёсць магчымасць параўнаць свой рэгіён з іншымі. Ды і наогул, складваецца больш цэласнае ўяўленне аб Магілёўшчыне як аб адным з рэгіёнаў краіны.

Двойчы на сесіях Лайшэў уздымаў пытанні аб неабходнасці станцыі абезжалезвання ў Асіповічах. Аб’ект уключаны ў праграму “Чыстая вада, і цяпер асіпаўчане маюць падставы спадзявацца, што гэты год ажыццявіць запланаванае. З чым яшчэ землякі звяртаюцца да дэпутата аблсавета? Найперш — з пытаннямі добраўпарадкавання вуліц горада, іх асвятлення. Не менш хвалюе і газіфікацыя. Ды і сам Валерый Уладзіміравіч бачыць многія праблемы. Напрыклад, хацелася б, каб радзей узнікала патрэба ехаць у сталіцу або суседні Бабруйск за прамысловымі таварамі. Калі з прадуктамі праблем няма, то асартымент прамтаварных магазінаў, шчыра кажучы, пакідае жадаць лепшага. Лайшэва, чалавека гаспадарлівага і практычнага, здзіўляе, што наш горад, месца з такімі зручнымі камунікацыямі, не трапіў пад увагу сталіцы ў плане ўзвядзення тут гасцінічнага комплексу, які пэўна быў бы запатрабаваны, напрыклад, у час правядзення таго ж чэмпіянату свету па хакеі. Думаецца, пры такім раскладзе Асіповічы сталі б яшчэ больш прыцягальнымі і для рыбаловаў з паляўнічымі. Наогул, добра зрабіць так, каб частка машын, якія тысячамі праязджаюць штодня па аўтадарозе побач з райцэнтрам, збочвала сюды адпачыць, наведаць мясцовыя цікавыя аб’екты. Чаму б і не падумаць, асабліва ў Год гасціннасці, як зрабіць горад сапраўды больш прывабным для турыстаў?

Што тычыцца асабістага, то Валерый Лайшэў мяркуе, што ў яго ёсць усё, каб лічыць жыццё паспяховым: цікавая работа і добры калектыў, любімая сям’я, дзе сын апраўдаў спадзяванні бацькі і таксама стаў чыгуначнікам, двое цудоўных унукаў і нават свой кавалак зямлі ў маляўнічым месцы каля Смыка, дзе можна рэалізоўваць самыя розныя планы і чэрпаць новыя сілы.

Валянціна Корбаль

 

Асіповіцкі край

http://www.gzt-akray.by/2014/01/lakamatyў-yago-zhyccya/

22.01.2014 12:37

 

К списку новостей за 2014 год