Вы используете устаревший браузер. Чтобы использовать все возможности сайта, загрузите и установите один из этих браузеров:

РУС

Хто на новенькага

12 июля 2019

Ужо прайшоў мытню і рыхтуецца да тэставых выпрабаванняў: чым вылучаецца новы шасцівагонны дызельны цягнік БЧ.

Беларуская чыгунка праводзіць тэставую эксплуатацыю новага шасцівагоннага дызель-цягніка PESA. Учора ён прайшоў мытню. Спецыялісты польскай кампаніі-вытворцы ўжо пачалі пусканаладачныя работы, не за гарамі хадавыя выпрабаванні на інфраструктуры БЧ. Яго будуць абкатваць без пасажыраў у свабодныя інтэрвалы часу і па менш напружаных участках. Яшчэ два такія ж цягнікі прыедуць у лакаматыўнае дэпо Мінск да канца лета, тры — у першым паўгоддзі 2020 года. Карэспандэнт«Р»пазнаёміўся з навінкай бліжэй.

Першаклассны камфорт

— Прасторны салон, мяккія крэслы, інфармацыйная аўдыё- і відэасістэма для пасажыраў, — экскурсію па новым цягніку праводзіць асабіста начальнік аддзела лакаматыўнай службы БЧ Валерий Мазец. — Усе месцы забяспечаны індывідуальнымі разеткамі для падзарадкі гаджэтаў, таксама ў дызель-цягніку ўстаноўлена абсталяванне для забеспячэння доступу да бесправаднога інтэрнэту.

3 хуткасцю да 140 км/г новы цягнік з камфортам даімчыць да пункта прызначэння 326 пасажыраў. У адным з вагонаў ёсць ізаляваная зона бізнес-класа на 25 месцаў: у кожнага пасажыра — адкідны столік, скураныя сядзенні з індывідуальным рэгуляваннем спінкі крэсла і падлакотнікаў, падстаўкамі для ног. Таксама ў салоне першага класа ёсць кавамашына і гардэроб для верхняга адзення.

А вось другі клас ненашмат уступае ў камфорце. Хіба што замест скураных сядзенняў — тканінныя, яны вузейшыя на пару сантыметраў, і гардэроба няма — ёсць толькі вешалкі.

У кожным вагоне ўсталявана сістэма кандыцыянавання паветра, прадугледжана прылада цеплавых заслонаў уваходных дзвярэй. На маніторах у вагонах транслюецца інфармацыя аб тэмпературы паветра за бортам, час і хуткасць руху, а таксама маршрут руху цягніка. Новы цягнік «вірлавокі» — яго ўнутраная сістэма відэаназірання выводзіць карцінку на манітор у службовым памяшканні для праваднікоў, вонкавае відэаназіранне — на пульт кіравання машыніста.

Польскі вытворца ў сілах літаральна нашпігаваць цягнік электронікай і тэхнічнымі гаджэтамі, праўда, і кошт білета ўзрасце. У цяперашняй камплектацыі БЧ пастаралася заняць залатую сярэдзіну — кошту і якасці.

Паездка без абмежаванняў

У салоне новага цягніка таксама ёсць і шматфункцыянальная зона для перавозкі пасажыраў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, пасажыраў з дзіцячымі каляскамі, веласіпедамі і буйным багажом. Для іх зручнасці — паніжаная падлога, адкідныя трапы і дзверы з высоўнымі прыступкамі, якія адчыняюцца пры націску спецыяльных кнопак, а падчас руху блакіруюцца.

У цягніку ўсталяваны чатыры туалеты вакуумнага тыпу, адзін з іх прыстасаваны для пасажыраў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, а таксама абсталяваны спавівальным столікам. Інфармацыя ў салоне дубліруецца для невідушчых пасажыраў шрыўтам Брайля.

Старыя знаёмыя

Рамонтныя брыгады і машыністы лакаматыўнага дэпо Мінск добра знаёмыя з цягнікамі PESA. Чатыры такія ж, толькі трохвагонныя, ужо ёсць у парку. Дарэчы, у правах машыніста указаны допуск да кіравання вызначаным цягавым рухомым саставам. Рэдкі машыніст дэпо не марыць прайсці навучанне на PESA: заработная плата павялічыцца, а ўмовы працы — на зусім іншым узроўні, чым, напрыклад, на звычайным цеплавозе.

Аднавагонныя цягнікі PESA таксама курсіруюць на пуцях Магілёўскага і Гомельскага аддзяленняў БЧ, трохвагонныя — атрымалі прапіску ў парку лакаматыўных дэпо Магілёў і Мінск. Рамонт цягнікоў патрабуе выдаткаў, а калі рабіць гэта за мяжой, то яшчэ і значных. Аднак з PESA яны не пагражаюць — усе этапы яго абслугоўвання праводзяцца ў нашай краіне. Планавае тэхнічнае абслугоўванне PESA —у дэпо Магілёў, Калінкавічы і Мінск, бягучы від рамонту ТР-2 і сярэднія віды рамонту — у Лідзе. Сярэдні від рамонту — сур'ёзная працэдура, прадугледжвае пад'ём дызель-цягніка, выкатку цялежак, здыманне гідраперадач, разборку дызельнага рухавіка і хадавой часткі.

Пакуль дакладна невядома, калі першы шасцівагонны РЕSА будзе запушчаны ў эксплуатацию, але адбудзецца гэта да канца года. Спачатку састаў павінен прайсці прыёмачныя выпрабаванні. Плануецца, што новыя дызель-цягнікі ДЦ6 будуць перавозіць пасажыраў па маршрутах міжрэгіянальных ліній бізнес-класа Мінск — Віцебск, Мінск — Гродна і Мінск — Магілёў.

Факт

Тэрмін эксплуатацыі новага цягніка — сорак гадоў.

Ілья Красоўскі

Рэспубліка
12.07.2019

К списку новостей за 2019 год