Вы используете устаревший браузер. Чтобы использовать все возможности сайта, загрузите и установите один из этих браузеров:

РУС

Для балельшчыкаў — камфорт ад БЧ

26 марта 2019

Для дастаўкі ўдзельнікаў і балельшчыкаў II Еўрапейскіх гульняў ад Мінскага чыгуначнага вакзала да месцаў правядзення спартыўных мерапрыемстваў — «Мінск-Арэны» і вяслярнага канала ў Заслаўі — магістраль распрацавала расклад руху цягнікоў гарадскіх і рэгіянальных ліній эканомкласа на ўчастку Мінск — Масюкоўшчына — Беларусь. Ён зроблены з улікам графіка спартыўных мерапрыемстваў і ўзгоднены з Дырэкцыяй II Еўрапейскіх гульняў і ДУ «Сталічны транспарт і сувязь».

Як паведамілі ў прэс-цэнтры БЧ, з 22 да 30 чэрвеня для праезду балельшчыкаў і гледачоў да спартыўных арэн на ўчастку Мінск — Масюкоўшчына («Мінск-Арэна») — Беларусь (Заслаўе) штодня прадугледжана курсіраванне 57 цягнікоў, у тым ліку 32 цягнікоў гарадскіх ліній і 25 цягнікоў рэгіянальных ліній эканомкласа. У адваротным напрамку на Мінскі чыгуначны вакзал жыхароў і гасцей сталіцы будуць дастаўляць 62 цягнікі (38 цягнікоў гарадскіх ліній і 24 цягнікі рэгіянальных ліній эканомкласа).

Таксама сумесна з Беларускай асацыяцыяй экспертаў і сюрвеераў на транспарце праведзена абследаванне сістэм арыентавання і інфармавання для пасажыраў на станцыях Мінск-Пасажырскі і Беларусь, а таксама прыпыначных пунктах Масюкоўшчына і Мінск-Паўночны. Для спрашчэння арыентавання пасажыраў на аб'ектах чыгуначнага транспарту праведзена дапрацоўка сістэм інфармавання як у частцы зместу, так і іх размяшчэння.

Акрамя таго, праводзіцца комплекс мерапрыемстваў па развіцці інфраструктуры станцыі Мінск-Пасажырскі. Для стварэння камфортных і бяспечных умоў знаходжання пасажыраў на Мінскім чыгуначным вакзале замененыя шэсць эскалатараў, установлена сістэма відэаназірання на платформе № 6 і каля пуці № 17, завершаны работы па ўладкаванні сістэмы кандыцыянавання паветра ў касавых залах, а таксама рамонце мужчынскіх санітарных вузлоў.

Асаблівая ўвага аддаецца камунікатыўнай падрыхтоўцы персаналу для стасункаў з прадстаўнікамі розных нацыянальных культур. На курсах англійскай мовы прайшлі навучанне ўжо 99 работнікаў магістралі. Гэта дыктары, білетныя касіры, работнікі залаў чакання павышанай камфортнасці, кантакт-цэнтра і цягніковыя брыгады. У мэтах удасканалення якасці абслугоўвання пасажыраў на вакзалах і ў цягніках для персаналу выраблена неабходная колькасць спецыялізаваных руска-англійскіх размоўнікаў.

Сяргей Расолька

Звязда
26.03.2019

К списку новостей за 2019 год