Вы используете устаревший браузер. Чтобы использовать все возможности сайта, загрузите и установите один из этих браузеров:

РУС

У гонар паравоза

31 июля 2018

У Брэсце пасля рэканструкцыі ўрачыста адкрылі музей чыгуначнай тэхнікі.

Рэканструкцыю музея правялі ў рэкордныя тэрміны — за год. І адкрылі ў дзень нараджэння Брэста, у 999-ы дзень горада. Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў уручыў старшыні Брэсцкага гарвыканкама Аляксандру Рагачуку асаблівы сувенір — вакзальны звон з выгравіраванымі лічбамі «999» у знак таго, што пачаўся адлік апошняга года першага тысячагоддзя Брэста. Вось так сышліся дзве святочныя падзеі.

Музей чыгуначнай тэхнікі, які брастаўчане адразу сталі называць музеем паравозаў, адкрылі побач з Брэсцкай крэпасцю ў 2002 годзе. Пад адкрытым небам тут сабрана больш за 50 адзінак тэхнікі: паравозы даваеннага, ваеннага і пасляваеннага пакаленняў, цеплавозы, вагоны, іншая тэхніка. Самым старым у калекцыі стаў паравоз серыі Э 1929 года выпуску. У экспазіцыі ёсць трафейныя паравозы ТЭ часоў вайны вытворчасці заводаў Еўропы.

А вось падчас рэканструкцыі ўзвялі новы выставачны павільён. Гэта, па сутнасці, невялічкі музей у памяшканні, які складаецца з гістарычных і тэматычных раздзелаў. Тут можна пазнаёміцца з храналогіяй развіцця чыгуначных сетак у Беларусі. Ёсць нават макет Маскоўска-Брэсцкай чыгункі з тыпавымі збудаваннямі ўзору 1872 года. У выставачнай зале размешчаны прадметы побыту чыгуначнікаў, форма машыністаў, калекцыя ліхтароў і шмат іншых цікавых рэчаў. I нават у дзень адкрыцця адзін з ветэранаў чыгункі падарыў новы экспанат музею.

Святлана Яскевіч

Звязда
31.07.2018

К списку новостей за 2018 год