Вы используете устаревший браузер. Чтобы использовать все возможности сайта, загрузите и установите один из этих браузеров:

РУС

Адсюль можна было паехаць у Парыж. Гісторыя чыгуначнага вакзала ў Стоўбцах

24 апреля 2018


«Каранцінныя цягнікі», вал кантрабанды і зборная Іспаніі па футболе — чым жыў чыгуначны вакзал у Стоўбцах, які на працягу двух стагоддзяў служыў «варотамі Захада».

stolbtsy_1.JPGУ сярэдзіне ХІХ стагоддзя Стоўбцы былі тыповым ціхім мястэчкам у правінцыі Расійскай імперыі. Асноўны занятак жыхароў – сплаў віцінаў (невялічкіх лодак або чоўнаў) па Нёмане. Можна сказаць, што па ўзроўні жыцця Стоўбцы прайгравалі сваім бліжэйшым суседзям – Свержню, Рубяжэвічам і Дзераўному, дзе на той час працавалі буйныя прадпрыемствы. Але ў гісторыі шмат прыкладаў, калі лёс гарадоў, людзей і цэлых народаў вырашаўся ў кабінетах. Са Стоўбцамі адбылося менавіта так.

На пачатку 1870-х пачалося будаўніцтва Аляксандраўскай чыгункі (названа на пашану расійскага цара Аляксанда ІІ, які і вырашыў будаваць чыгунку па такім праекце). Нарэшце восенню 1871-га новы транспарт дайшоў і да Стоўбцаў. Вядома, што жыхары мястэчка да чыгункі ставіліся мінімум з недаверам, а некаторыя і ўвогуле называлі яе д’ябальскай.

Аднак «д’ябал» у выглядзе металiчных рэек ды паравоза прыдаў Стоўбцам вялікі штуршок у развіцці. Адчыніліся крамы, запрацавалі запалкавы і смолавы заводы. Імкліва расла і чыгуначная інфраструктура — напрамак стаўся вельмі напружаным. Спецыяльна пад патрэбы чыгункі быў пабудаваны вялікі драўляны вакзал 2-га класа, а праз Нёман узведзены мост. А яшчэ пазней з’явілася воданапорная вежа для запраўкі паравозаў вадой.

Так працягвалася болей за чатыры дзесяцігоддзі: да 1914 года станцыя і мястэчка жылі ў адносным спакоі. А потым Расійскую імперыю (пасля і Савецкую Расію) паглынуў вір войнаў і рэвалюцый.

Witamy w Stołpce!

На шчасце, горад абмінулі маштабныя разбурэнні. Захавалася і чыгуначная інфраструктура. Але ў выніку Рыжскай мірнай дамовы, якая падзяліла беларускі народ, мястэчка і прылеглыя раёны адышлі Другой Рэчы Паспалітай. Для горада і чыгункі наступіў новы гістарычны этап.

Атрымалася так, што менавіта Стоўбцы сталі першай чыгуначнай станцыяй Заходняй Еўропы. І гэты імідж неабходна было трымаць. Дапамог гэтаму жудасны выпадак.

У 1924 годзе савецкія дыверсанты зрабілі вылазку ў Стоўбцы і разрабавалі будынак вакзала, забіўшы некалькі польскіх паліцэйскіх і работнікаў чыгункі. Пасля гэтага, вядома, станцыя нармальна функцыянаваць не магла. Ды і магутнасцей старога будынка для мытнага і пагранічнага кантролю катастрафічна не хапала. У маі 1926 года было прынята рашэнне стварыць на месцы старога будынка вакзала новы і зрабіць з яго сапраўдныя «вароты Захада». Дарэчы, сярод гісторыкаў ходзяць чуткі, што рашэнне прымаў непасрэдна тагачасны прэзідэнт Польшчы Юзэф Пілсудскі.

Праект даручылі распрацоўваць польскім інжынерам Людвігу Грынцэвічу і Хенрыку Генаву. Аўтары зрабілі гэта з фенаменальнай хуткасцю: усяго за тыдзень. А будаўніцтва вакзала (фактычна — пагранічнага комплекса) ў стылі мадэрн заняло толькі 137 дзён. Для сучасных рэалій з усімі ўзгадненнямі і нормамі — фантастычныя лічбы. Дарэчы, выгляд будынка захаваўся да нашых дзён. Натуральна, калі не ўлічваць бягучы рамонт.

stolbtsy_2.JPG
Гэтыя будынкі былі ўзведзены разам з новым вакзалам у 1926 годзе. Яны выкарыстоўваліся для пражывання персанала чыгункі, мытнікаў і пагранічнікаў. Зараз тут месціцца інтэрнат.

Вам квіток да Парыжа або Варшавы?

Статус першай памежнай станцыі зрабіў са Стоўбцаў сусветную славутасць. Фотаздымкі чыгуначнага вакзала публікаваліся ў замежных газетах і часопісах. Назва станцыі была на вуснах жыхароў Парыжа, Варшавы, Берліна і іншых гарадоў свету.

stolbtsy_3.JPG

Чыгуначная станцыя Стоўбцы на вокладцы часопіса LIFE за 1938 год

stolbtsy_4.JPG

Вельмі вядомае фота тых часоў. Дакладна ўстаноўлена: сфатаграфаваны цягнік iшоў па маршруце Стоўбцы—Парыж

Стоўбцы доўгі час з’яўляліся канцавой і прамежкавай станцыяй шматлікіх напрамкаў. Напрыклад, доўгі час існавалі рэйсы Масква — Стоўбцы — Варшава, Масква — Стоўбцы — Парыж. Ад станцыі хадзіў і межкантынентальны цягнік Стоўбцы — Маньчжурыя.

Чаму так сталася? Адказ на пытанне крыецца, можна сказаць, у рэйках. Справа ў тым, што чыгуначная каляя на савецкай тэрыторыі была шырэйшая, чым на польскай: 1524 мм супраць 1435 мм. Зразумела, адным цягніком па розных калеях не праедзеш. Рашэнне праблемы было знойдзена вельмі простае. Прывядзем прыклад: з Парыжа да Стоўбцаў ехаў цягнік па вузкай чыгунцы, у Стоўбцах пасажыры перасаджваліся на так званы каранцінны цягнік, які вёз іх да першай савецкай станцыі — Негарэлага, і ўжо там людзі спяшаліся ў вагоны цягніка, які ішоў па далейшым маршруце.

stolbtsy_5.JPG

Сучасная зала чакання. А за польскім часам там знаходзіўся рэстаран для пасажыраў 1-га і 2-га класа.

stolbtsy_6.JPG

Сучасны від на станцыйнае кафэ. У 20–30-я гады мінулага стагоддзя на яго месцы быў абсталяваны блок для мытнага нагляду

Дзякуючы такой сістэме іншы раз адбываліся камічныя выпадкі. Так, вядомая расійская пісьменніца Марына Цвятаева, вяртаючыся з Парыжа, запытала ў касе квіток да Масквы. Але на яе просьбу толькі развялі рукамі: ёсць толькі да Стоўбцаў!

Міністры, літаратары, спартсмены…

Дарэчы, шлях праз Стоўбцы з’яўляўся найбольш хуткім шляхам з Усходу на Захад і наадварот. Гэта паспрыяла таму, што горад і чыгуначную станцыю наведвала шмат вядомых людзей. Сярод іх шахматны гросмайстар Хасэ Рауль Капабланка, яго калега Міхаіл Батвіннік, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі, зборная Іспаніі па футболе…

stolbtsy_7.JPG

Пажарны гідрант, усталяваны ў 1938 годзе. Ён прызначаўся для тушэння вялікіх пажараў. А калі прыгледзецца, на ім можна пабачыць сляды ад куль, якія засталіся пасля Вялікай Айчыннай вайны.

Ездзіў праз Стоўбцы і Уладзімір Маякоўскі. З гэтай паездкай звязана цікавая гісторыя. Або легенда.

Маякоўскі накіроўваўся на замежную літаратурную канферэнцыю. У Еўропу было вырашана ехаць цягніком — якраз праз Стоўбцы. Апынуўшыся ў мястэчку, паэт вельмі ўразіўся пагранічным комплексам і пільным даглядам польскіх памежнікаў, якім с гонарам дэманстраваў свой чырвоны пашпарт. Адсюль і пайшла чутка, што знакаміты  верш пра галоўны дакумент для савецкага грамадзяніна нарадзіўся менавіта ў Стоўбцах.

stolbtsy_9.JPG

Паўднёвы бок станцыі. Сучаснасць.

stolbtsy_8.JPG

Паўночны бок станцыі. Сучаснасць

Японкі ў чамаданах і скарб у пледзе

Сусветныя межы ствараліся дзеля таго, каб перадухіліць перамяшчэнне непажаданых тавараў і асоб. Але гэтыя абмежаванні падабаліся далёка не ўсім. Пачала расцi кантрабанда. Праведзеная ў 1921 годзе мяжа паміж Польшчай і Савецкай Расіяй узнесла на небывала высокі ўзровень кантрабанду. Аднак мела яна, з большага, бытавы характар: праз мяжу ішлі прадукты харчавання, адзенне, цыгарэты і паліва. Спрабавалі правезці забароненыя рэчы і па чыгунцы.

Вядома, што дыпламатычныя работнікі на працягу стагоддзяў карыстаюцца дыпламатычнай недатыкальнасцю. І нярэдка. Так, аднойчы напрыканцы 1920-х гадоў савецка-польскую мяжу перасякаў японскі дыпламат. А ў сваіх чамаданах ён вырашыў правезці… дзвюх жанчын! Польскім памежнікам хтосьці расказаў пра гэты намер, і тыя сталі думаць, як вывесці пасла на чыстую ваду. Рашэнне было прынята арыгінальнае: пры вонкавым даглядзе, нібыта выпадкова, чамаданы пачалі пратыкаць вялікім шылам. Японкі, не сцярпеўшы болю, выдалі сябе. А адзін грамадзяніні Германіі хацеў правезці каштоўныя камяні ва ўласным пледзе. Кантрабанду знайшлі хутка, але немец да апошняга адпіраўся і не хацеў, каб яго золата канфіскавалі. Аднак каштоўнасці ўсё ж давялося аддаць.

stolbtsy_10.JPG

Паміж Стоўбцамі і Негарэлым. 1932 год. На вялікай арцы бачны савецкі лозунг «Привет трудящимся Запада!»

«Коммунизм сметет все границы!»

Такі дэвіз вісеў на арцы першай савецкай станцыі ў Негарэлым. У нейкай ступені ён аказаўся прароцкім. У «памежным» тэмпе жыццё Стоўбцаў і яго чыгуначнай станцыі працягвалася да 1939 года, пакуль 17 верасня на тэрыторыю Польшчы не ўвайшла Чырвоная Армія. Заходнія і ўсходнія беларускія землі нарэшце аб’ядналіся. А мяжа па іх перастала існаваць.

Аднак нейкая памежнасць паміж заходняй і ўсходняй часткамі Беларусі ўсё ж такі захавалася. На чыгуначнай станцыі ў Стоўбцах стала дзяжурыць падраздзяленне НКУС, прадстаўнікі якога вырашалі: прапускаць таго ці іншага грамадзяніна праз былую мяжу ці не. На думку гісторыкаў, гэта звязана з тым, што ў Заходняй Беларусі ўзровень жыцця быў значна вышэй, і каб жыхары з усходу БССР гэтага не бачылі, іх проста туды не пускалі.

Пасля нападу гітлераўскіх войск у 1941-м на чыгуначнай станцыі Стоўбцы прынялі свой апошні бой некалькі дзясяткаў чырвонаармейцаў. 2 ліпеня 1944 года Стоўбцы і станцыю вызвалілі. Неабходнасць у такім вялікім чыгуначным комплексе адпала. З той пары Стоўбцы і яго чыгуначная станцыя жывуць ціхім і мірным жыццём беларускай правінцыі. Праз горад і зараз ходзіць цягнік Масква — Парыж, але, зразумела, ужо не спыняецца.

stolbtsy_11.JPG

На месцы гэтых альтанак раней знаходзілася так званая мытная пошта, якая функцыянавала ў польскі час.

Цікавыя факты

  • Сярод працаўнікоў чыгункі, мытні і пагранічнай службы ў асноўным былі палякі. Такі «стратэгічны аб’ект» яны даверыць беларусам не маглі.
  • Будынак вакзала ў Стоўбцах — унікальны. Другога такога вакзала ў Беларусі не існуе: яго ўзвялі па індывідуальнаму праекту. Ён застаўся ў тым выглядзе, у якім яго адразу пабудавалі.
  • Патрэбы чыгункі ў электрычнасці забяспечвала ўласная электрастанцыя, пабудаваная ў сярэдзіне 1920-х гадоў. Яна знаходзілася прыкладна ў кіламетры ад станцыі.
  • Не зусім правільна казаць, што менавіта Стоўбцы былі першым чыгуначным прыпынкам Польшчы. Першым было Коласава, але міжнародныя цягнікі там не спыняліся.
  • Будынак станцыі — цалкам сіметрычны. Таму на старых фота не адразу можна разабраць, з якога боку зроблены здымак. Але зараз заблукаць не атрымаецца – кожны бок аздоблены адпаведнымі подпісамі.
  • Лічыцца, што чыгуначную станцыю Стоўбцы апісваў славуты класік беларускай літаратуры Якуб Колас у сваёй трылогіі «На ростанях».

Аўтар выказвае вялікую падзяку ў падрыхтоўцы артыкула Канстанціну Нашчынцу, удзельніку «Фэста экскурсаводаў — 2018».

 

Аляксандр Навахрост

Фота аўтара, livejournal.com, amatary.by

http://www.mlyn.by/2018/04/adsyul-mozhna-bylo-paehats-u-paryzh-gistoryya-chygunachnaga-vakzala-u-stoubtsah/

23.04.2018 13:39

 

К списку новостей за 2018 год