Железнодорожный узел Осиповичи к зиме готов!
10 октября 2017
Пакуль стаяць цёплыя восеньскія дні, але не за гарамі маразы. Ці гатовы да іх наш галоўны транспарт, пацікавіліся ў кіраўнікоў прадпрыемстваў чыгуначнага вузла Асіповічы.
Начальнік вагоннага дэпо Віктар Слабышаў:
— Тэхнічныя пашпарты гатоўнасці крыніц цяпла і цепласпажыўцоў да асенне-зімовага перыяду атрыманы. Яшчэ ў красавіку-маі мы правялі камісійны агляд будынкаў і цэхаў, у ходзе якога высветлілі “вузкія месцы і недахопы, з іх і пачалі падрыхтоўчыя работы.
Многа было зроблена майстрам па рамонце электраабсталявання Паўлам Шыла, а таксама начальнікамі пунктаў тэхнічнага абслугоўвання вагонаў.
Для ацяплення і гарачага водазабеспячэння нарыхтавалі 180 кубаметраў дроў. Набылі спецадзенне і абутак на 31 тысячу рублёў. Правялі тэхабслугоўванне кампрэсарнай устаноўкі (замена паветраных фільтраў, асушальнікаў паветра і масла).
Усе ПТА маюць незніжальны тэхналагічны запас дэталей і запчастак, неабходных для рамонту (цялежкі ў зборы, калёсныя пары грузавых і пасажырскіх вагонаў, паглынаючыя апараты, трыангелі, тармазныя кампазіцыйныя калодкі на грузавыя вагоны, аўтарэгулятары).
На Гомельскім электратэхнічным заводзе адрамантавалі дамкраты для пад’ёму вагонаў. Правялі выпрабаванні грузападымальных кранаў і абсталявання, якое працуе пад высокім ціскам. Праверылі ацяпляльныя сеткі, водаправодную сістэму. Правялі гідраўлічныя выпрабаванні, рэвізію і прамыўку ўнутраных сетак, рамонт цеплавой ізаляцыі трубаправодаў пары, сеткавай вады. У мэтах эканоміі былі набыты прыборы ўліку цеплаэнергіі і вады. Правялі рэвізію арматуры і воданагравальных катлоў.
— А пра эканомію энергарэсурсаў не забываецеся?
— Наш дэвіз: “Эканомім у вялікім і малым. Ім і кіруемся. Даведзены мэтавы паказчык па эканоміі цеплаэнергетычных рэсурсаў выконваем. Зніжэнне спажывання энергіі склала 10 працэнтаў у адносінах да аналагічнага перыяду мінулага года.
— А як справы з аховай працы і тэхнікай бяспекі?
— Усе рабочыя месцы ўкамплектаваны сродкамі пажаратушэння. Адрамантаваны прытокавая і выцяжная вентыляцыі цэхаў. Праведзена рэвізія агульнага і мясцовага асвятлення.
Нядаўна прынялі на работу 6 маладых работнікаў. Яны замацаваны за вопытнымі працаўнікамі, праведзены адпаведныя інструктажы і навучанне рабоце ў зімовых умовах.
Размову падтрымаў і начальнік лакаматыўнага дэпо Валерый Лайшаў:
— Правялі прафілактычны агляд і рамонт інжынерных камунікацый. А пачалі з кацельні, якая выпрацоўвае цеплавую энергію на ўласныя вытворчыя патрэбы і ацяпляе вакзал, станцыю, памяшканне Следчага камітэта, аднаўленчы цягнік і жыллёвы фонд.
Работнікі прадпрыемства прамылі сістэму ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Правялі рэвізію і падрыхтоўку да работы ў зімовых умовах цеплавых вузлоў, водаправоднай запорнай арматуры, вентыляў, цеплаізаляцыйных труб, прыбораў уліку і рэгулявання цяпла і вады, тэрмометраў і манометраў, чыстку адстойнікаў каналізацыйных люкаў і прамыўку трубаправодаў прамысловай каналізацыі.
Укамплектавалі пажарныя шчыты сродкамі пажаратушэння. Падрыхтавалі склад паліва для атрымання і выдачы ГЗМ. Забяспечылі неабходнай колькасцю пяску, падрыхтавалі да работы сушыльную печ, а таксама адчыненыя назіральныя канавы. Адрамантавалі вароты і ўцяплілі іх. Падрыхтавалі вентыляцыйную сістэму, замянілі стальныя трубы ў сістэмах ацяплення будынкаў. Уцяплілі цеплаабменнікі на цеплапунктах. Адрамантавалі зімовыя насосы ў кацельні лакаматыўнага дэпо.
На выпадак галалёду нарыхтаваны запас пяску і солі. Назапасілі паліва і змазачныя матэрыялы. Зімой будзе забяспечана запраўка маторна-восевых падшыпнікаў гарачай змазкай і зліў кандэнсата.
Наша дэпо эксплуатацыйнае, таму галоўную ўвагу надаём цеплавозам. Правялі спецыяльную падрыхтоўку лакаматываў да зімовага перыяду, а брыгады прайшлі інструктаж па эксплуатацыі аўтатармазоў у зімовы час. Машыністы-інструктары правялі практычныя заняткі з брыгадамі, якія ўпершыню будуць працаваць зімой.
Начальнік дыстанцыі сігналізацыі і сувязі Сяргей Анціпаў канстатуе, што прадпрыемства, якое ён узначальвае, да зімы таксама гатова.
— Радуе тое, што ўсё намечанае выканалі ў тэрмін, прычым з высокай якасцю, — падкрэслівае Сяргей Генадзьевіч. — Дзейнасць дыстанцыі накіравана на будаўніцтва і якаснае ўтрыманне тэхнічных сродкаў аўтаматызацыі, тэлемеханікі і сувязі, якія гарантуюць бяспеку руху цягнікоў. Бо шляхам укаранення сучасных сродкаў аўтаматызацыі павялічваецца прапускная і праязная здольнасць, паляпшаюцца ўмовы працы работнікаў.
Капітальна адрамантавалі 2,8 кіламетра кабеляў, 20 электрапрыводаў, замянілі 80 камплектаў элементаў стрэлкавых гарнітур. Уцяплілі 50 рэлейных і батарэйных шаф, замянілі 39 пуцявых і 75 сігнальных трансфарматараў, адрэгулявалі работу сродкаў аўтаматыкі на пераездах. Замянілі 370 акумулятараў, 50 стрэлкавых электрапрыводаў і святлафораў. Прывялі ў належны стан прылады абагрэву і схемы пнеўмаачысткі.
Адным словам, усё абсталяванне падрыхтавана да работы ў зімовы час. Таксама запасліся палівам і змазачнымі матэрыяламі ў такой колькасці, каб нават на самую суровую зіму хапіла.
Да наступлення халадоў спецыялісты прадпрыемства правялі камісійны тэхагляд маторна-рэйкавага транспарту, а таксама ахоўна-пажарнай сігналізацыі ў вытворчых і адміністрацыйнах памяшканнях на 45 аб’ектах.
Але самае галоўнае — гэта людзі. Штат цалкам укамплектаваны, прайшоў інструктаж і гатовы да работы пры любых капрызах надвор’я.
Яшчэ адно буйное прадпрыемства чыгуначнага вузла — дыстанцыя пуці — таксама не баіцца маразоў і завеі, таму што ведае, як ім процістаяць.
Як расказаў начальнік Сяргей Несцярэнка, рыхтаваліся да зімы, дэталёва прааналізаваўшы работу ў мінулы сезон, каб ведаць, на што ў першую чаргу накіраваць увагу.
— Перагледзелі расстаноўку снегаўборачнай і снегаачышчальнай тэхнікі па ўчастках абслугоўвання, — паведаміў Сяргей Пятровіч. — Пры неабходнасці рабіць пераразмеркаванне рашылі замацоўваць яе за ўчасткамі і станцыямі, якія найбольш заносіць снегам. У дэпо адрамантавалі 2 снегаачышчальнікі.
Стварылі незніжальны запас паліва, матэрыялаў, абсталявання і запчастак для забеспячэння ўстойлівай работы дыстанцыі і правядзення аварыйна-ўзнаўленчых работ.
Брыгады гатовы да работы на машынах нават у кругласутачным рэжыме. На ўсіх станцыях, якія абсталяваны прыладамі пнеўматычнай ачысткі ці абагрэвам стрэлак, правялі агляд і неабходны рамонт, пнеўматычныя выпрабаванні, рэгуліроўку прылад кампрэсарнага абсталявання і паветразборнікаў. Сфарміравалі спецыяльныя брыгады другой чаргі з работнікаў гаспадарчых службаў вузла і давялі гэта да ведама кіраўнікоў станцый.
Ацяпляльнае і пячное абсталяванне падрыхтавалі да маразоў. Пачысцілі катлы. Прывялі ў тэхнічна спраўны стан цеплавыя вузлы і сеткі, правялі цеплаізаляцыю труб, праверку прыбораў уліку цяпла. Нарыхтавалі 93 тоны ўмоўнага паліва і 26 тон шпал, а таксама неабходную колькасць уборачнага інвентару і пясчана-солевай сумесі.
Прывялі ў рабочы стан магістральны паветравод для абдуўкі стрэлкавых пераводаў.
Працягваецца восеньскі агляд пуці, штучных збудаванняў, землянога палатна і г.д.
Немалаважнае значэнне надаём і падрыхтоўцы службовых і бытавых памяшканняў, пунктаў абагрэву і прыняцця ежы, жылых дамоў і іншых пабудоў у адпаведнасці з існуючымі нормамі.
Правялі навучанне і праверку ведаў персаналу кацельняў, цеплавузлоў, а таксама асоб, якія адказваюць за іх бяспечную эксплуатацыю. Акалоткі кадрамі забяспечаны. “Першазімнікі прайшлі адпаведную падрыхтоўку.
Замянілі непрынадныя шпалы і рэйкі, стрэлкавыя пераводы і іншыя элементы чыгуначнага палатна.
Адным словам, зіму нашы чыгуначнікі сустрэнуць у поўным узбраенні.
Георгій АЛЕЙНIКАЎ
http://www.gzt-akray.by/osipovichi/2017/10/zheleznodorozhnyiy-uzel-osipovichi-k-zime-gotov/
06.10.2017 15:36
К списку новостей за 2017 год