Вы используете устаревший браузер. Чтобы использовать все возможности сайта, загрузите и установите один из этих браузеров:

РУС

«Магістральны» выбар дзяўчыны

23 июля 2015

Мужчынская справа не перашкаджае заставацца ёй жаноцкай

…Памятаю, як упершыню ўбачыла Вольгу. Невысокага росту, танюткая, прыгожая, на абцасах і ў элегантнай сукенцы. І галоўнае — са шчырай, светлай усмешкай. Мы разгаварыліся. Слова за слова, і раптам высвятляецца, што гэтай мілай дзяўчыне на працы даводзіцца круціць балты і рамантаваць чыгуначныя пуці…

Я прыехала на чыгуначную станцыю «Сцяпянка», дзе ўжо не ў вячэрнім строі, а ў працоўным адзенні, так званай «робе», мяне сустрэла ўсё тая ж усмешлівая Вольга Рыпінская. І расказала, як гэта — быць электрамеханікам.

— Ты добра пішаш вершы і прозу, малюеш. І я задаюся пытаннем: чаму менавіта гэтая прафесія?

— У школе асабліва любіла матэматыку, фізіку, хоць спраўлялася з усімі прадметамі і магла выбраць любую спецыяльнасць. Але ж мы з аднакласнікам з дзяцінства марылі стаць праваднікамі. Калі прыехалі паступаць у Брэсцкі дзяржаўны каледж чыгуначнага транспарту пасля 11 класа, то месцаў на гэтую спецыяльнасць ужо не было. І тады хтосьці падказаў, што з нашымі баламі атэстатаў можна пайсці і «вышэй». Я выбрала электрамеханіку — акурат па балах атрымлівалася. У прыёмнай камісіі мяне папярэдзілі, што я магу аказацца адзінай дзяўчынай у групе. Гэта, вядома, мяне не спужала (усміхаецца). Аказалася, нас такіх бясстрашных было шасцёра з 25 чалавек.

Вучыцца было вельмі складана. Напэўна, таму працаваць цяпер лёгка. Тады трэба было пастаянна чарціць і запамінаць шмат схем. Часам пераносілі іх з падручнікаў на рулон міліметроўкі ў 25 метраў. Было няпроста, але ў мяне добра атрымлівалася. Нават хлопцам дапамагала. Поўны халадзільнік шакаладак заўжды мела (смяецца). Зразумела ж, у нас была і слясарная практыка, і мантажная, а таксама вучыліся паяць.

— У чым цяпер заключаецца твая праца?

— Асноўная задача электрамеханіка — работа са схемамі. Разабрацца, што ў іх не працуе. А манцёры ўжо павінны выпраўляць усё на месцы: круціць балты, напрыклад. Работнікаў у нас часам не хапае, таму часта даводзіцца рабіць усё самой.

— Ці ёсць у калектыве яшчэ дзяўчаты?

— Сярод электрамеханікаў і манцёраў на ўчастку ад Мінска-Пасажырскага да Барысава — адна я. Але ўвогуле на дыстанцыях у іншых аддзяленнях, напрыклад касірамі, жанчын працуе даволі шмат. Сярод мужчын мне падабаецца. У жаночым калектыве ўсе заўжды ўсіх абмяркоўваюць. Хто як апрануўся, як дома справы, як іншыя людзі сябе паводзяць. А з мужчынамі ўсё значна прасцей. З імі таксама можна пагаварыць пра ўсё — ад машын да нейкіх асабістых пытанняў — але яны не асудзяць і падтрымаюць. Што датычыцца іх стаўлення да мяне, то я раблю працу так, як і мужчыны. Яны гэта бачаць, цэняць і дапамагаюць, калі раптам што ў мяне не атрымліваецца. Адгукаюцца заўжды. Хоць ставяцца да мяне ўсё адно паважліва і клапатліва.

— А як наконт моцных слоўцаў?

— У маёй прысутнасці ўсе стараюцца іх не выкарыстоўваць. І я таксама. Але ж бываюць розныя сітуацыі. Напрыклад, прашу пуцевікоў штосьці зрабіць. Ласкава, часам з жартам. Яны не выканаюць, і на наступны дзень я зноў ім нагадваю. Сітуацыя паўтараецца. А на трэці ўжо прыходзіцца падыходзіць і тлумачыць больш жорстка. Але я стараюся, па магчымасці, пазбягаць гэтага.

…Дзяўчына-электрамеханік, натуральна, не вельмі тыповая з’ява. Вольга кажа, што часта, калі міма «Сцяпянкі» праязджаюць чыгуначнікі з іншых станцый, то, убачыўшы яе, усміхаюцца. Прыязна і па-добраму.

 

Вераніка Пуставіт

Звязда

http://zviazda.by/2015/07/92978.html

23.07.2015

К списку новостей за 2015 год