Вы используете устаревший браузер. Чтобы использовать все возможности сайта, загрузите и установите один из этих браузеров:

РУС

Шлях з варагаў у Адэсу

13 марта 2013


"Цягнік "Вікінг" за дзесяцігоддзе праехаў амаль 2,3 млн. кіламетраў. Калі праз экватар нашай планеты правесці чыгунку, то "Вікінг" аб'ехаў бы Зямлю амаль 58 разоў. А на Месяц ён мог бы з'ездзіць 6 разоў", — такія і падобныя параўнанні гучалі на міжнароднай канферэнцыі "10-гадовы вопыт працы і новыя задачы кантэйнернага цягніка "Вікінг", якая днямі прайшла ў Вільнюсе.

У 2003 годзе чыгуначныя адміністрацыі Літвы, Беларусі і Украіны заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве з мэтай паляпшэння канкурэнтаздольнасці паслугі — дастаўкі грузаў чыгуначным транспартам дзякуючы выкарыстанню тэхналогіі працы цягніка камбінаванага транспарту "Вікінг", які павінен быў злучыць чарнаморскія парты Ільічоўск і Адэсу з балтыйскім портам Клайпеда.

Да з'яўлення "Вікінга" грузы з чарнаморскага ўзбярэжжа ў Паўночную Еўропу адпраўляліся водным шляхам вакол Заходняй Еўропы. "Вікінг" мог значна скараціць час перавозкі такіх грузаў, але для гэтага трэба было наладзіць дзеянні чыгунак трох дзяржаў — Украіны, Беларусі і Літвы. Акрамя таго, як мага хутчэй перасекчы дзве дзяржаўныя мяжы — беларуска-ўкраінскую і беларуска-літоўскую. Агульнапрыняты працэс памежнага і мытнага кантролю тут не падыходзіў, таму што падчас прастояў на мяжы страчваліся каштоўныя гадзіны, а значыць, і адна з асноўных пераваг "Вікінга" — хуткасць перавозак. Таму на плечы беларускага боку ляглі вялікія клопаты.

Трэба сказаць, што беларускія чыгуначнікі і іншыя службы Беларусі з гонарам выканалі гэтыя задачы. Беларусь не толькі забяспечыла рэгулярныя транзітныя зносіны, але і сама стала актыўным пастаўшчыком грузаў для "Вікінга". Для эканомікі Беларусі, якая пастаянна развіваецца, для павелічэння яе экспартнага патэнцыялу — прамы выхад на парты Балтыйскага і Чорнага мораў вельмі важны. Таму беларусы актыўна ўдзельнічалі і ў міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 10-годдзю "Вікінга". З цікавасцю былі выслуханы выступленні пасла Беларусі ў Літве і Фінляндыі Уладзіміра Дражына, першага намесніка міністра транспарту і камунікацыі Беларусі Яўгена Рагачова, Начальніка чыгункі Беларусі Уладзіміра Марозава.

"Беларускія чыгуначнікі актыўна ўдзельнічаюць у праекце "Вікінг". Хоць базавая станцыя для беларускіх грузаў зараз Калядзічы, але і іншыя станцыі могуць абслужыць "Вікінг". Для зручнасці грузапастаўшчыкоў яны могуць працаваць з бліжэйшай станцыяй. Усяго такіх станцый на Беларусі 14", — сказаў карэспандэнту "Звязды" Начальнік чыгункі Беларусі Уладзімір МАРОЗАЎ.

"Цяпер цягнік "Вікінг" на беларускай мяжы затрымліваецца прыкладна паўгадзіны. Усе патрэбныя памежныя і мытныя працэдуры робяцца загадзя. Гэта дасягнута дзякуючы зладжанай рабоце ўсіх зацікаўленых бакоў, — сказаў першы намеснік міністра транспарту і камунікацыі Беларусі Яўген РАГАЧОЎ. — Трэба сказаць, што мяжа з Літвой — гэта яшчэ і мяжа з Еўрапейскім саюзам, што цягне за сабой і дадатковыя патрабаванні. Праезд мяжы ЕС за 30 хвілін — гэта рэкорд. Ніводная мяжа з ЕС так хутка не перасякаецца".

У Вільнюскай канферэнцыі бралі ўдзел прадстаўнікі 14 краін. І гэта не былі выпадковыя гледачы. Поспех "Вікінга" прыцягвае новых удзельнікаў. Ужо выказалі жаданне ўдзельнічаць у праекце "Вікінг" Малдова, Румынія, Балгарыя, Турцыя, Грузія і Азербайджан. Для гэтых мэт можна будзе задзейнічаць марскія паромы, якія злучаюць або будуць злучаць чарнаморскія парты. Ідзе праца і ў іншым кірунку — прыцягненне грузаў са скандынаўскіх краін — Фінляндыі, Швецыі і Нарвегіі.

"Я толькі што вярнуўся з Фінляндыі. Фінскія бізнэс-колы выказваюць павышаную цікавасць да праекта "Вікінг". Яны прымуць удзел і ў міжнародным эканамічным форуме, які хутка адбудзецца ў Гродне", — сказаў Уладзімір ДРАЖЫН.

"Цягнік "Вікінг" за дзесяцігоддзе правёз больш як 300 тысяч кантэйнераў, у якіх змясцілася амаль 5 млн. тон грузаў. Калі б гэты груз перавозіўся аўтацягачамі, то іх на нашых дарогах з'явілася б больш за 300 000. "Вікінг" дапамагае паляпшаць і экалагічнае становішча. Варта адзначыць, што ён не толькі дасягнуў выдатных вынікаў, але таксама стаў мадэллю для супрацоўніцтва паміж Літвой, Беларуссю і Украінай", — выступаючы, падкрэсліў прадстаўнік міністэрства замежных спраў Літвы Евальдас ІГНАТАВІЧУС, дарэчы, на канферэнцыі прадстаўлены і як "без пяці хвілін пасол Літвы ў Беларусі". Ён на гэтай пасадзе павінен замяніць Лінаса Лінкевічуса, які заняў пост міністра замежных спраў Літвы.

 

Вітаўтас Жэймантас,

уласны карэспандэнт "Звязды" ў Літве

Вільнюс

 

http://www.zviazda.by/ru/issue/article.php?id=109654

13.03.2013

К списку новостей за 2013 год