Вы используете устаревший браузер. Чтобы использовать все возможности сайта, загрузите и установите один из этих браузеров:

РУС

Аблачыны дыму з пералівамі. Чыгунка як рухавік мастацтва

21 января 2021

Карпаратыўнымі календарамі сёння нікога не здзівіш. Іх выпуск звычайна яскрава адлюстроўвае дзве рэчы: наяўнасць (ці, адпаведна, адсутнасць) густу і грошай. Улічваючы цяперашнія складанасці, многія творча-вытворчыя арганізацыі і ўстановы на гэты раз адмовіліся ад былой раскошы. А тут — усё наадварот: маўляў, гаворым “чыгунка” — маем на ўвазе мастацтва. Калі такое было?

Насамрэч, было. І не аднойчы. Да прыкладу, у дні “Славянскага базару ў Віцебску”. Да гэтага буйнога міжнароднага фестывалю ўжо некалькі гадоў запар спраўна ўводзяцца дадатковыя хуткія цягнікі са сталіцы. Прымеркаваныя па часе да канцэртаў у амфітэатры, ідуць без прамежкавых прыпынкаў. І шчодра “аснашчаны” як разнастайнай фестывальнай інфармацыяй, так і святочным настроем, што ствараецца, у тым ліку, музыкай. Дарэчы, цяперашні каляндар таксама багаты не толькі на “малюнкі”, але і на інфармацыю пра кожны з іх. Да таго ж, творы жывапісу можна разглядаць пад музыку — таксама, між іншым, тэматычна звязаную з чыгункай, гудкамі цягніка, паскарэннем і запаволеннем руху, рытмічным грукатам колаў.

На ўсе 12 месяцаў падабраны карціны з выявамі цягнікоў, адпаведныя порам года. Тут ёсць і заходнееўрапейская класіка, і беларуская, і руская. Творы нашых землякоў Паўла Гаўрыленкі, Мая Данцыга, Васіля Сумарава — у атачэнні палотнаў Ван Гога, Клода Манэ, Левітана, Кустодыева. Беларускі жывапіс — побач і на роўных з сусветным. Стылістыка — рэалізм, рамантызм, імпрэсіянізм, урбанізм, нават элементы інсітнага мастацтва. І ў кожнага з творцаў — свой погляд на чыгуначную тэму, бо тут і ўласна цягнікі, і станцыі, масты, жалезныя магістралі, а таксама філасофскае асэнсаванне шляху, руху, успаміны пра дзяцінства, аблачыны дыму з неверагоднай колькасцю адценняў-пераліваў.

Карціны азначаны, як у музеі: аўтар, назва, год стварэння. А фонам для кожнай становіцца… яна сама: не занятая рэпрадукцыяй частка каляндарнай старонкі ўтрымлівае “размытыя”, бы ахінутыя знакамітай беларускай тумановасцю, фрагменты ўсё той жа выявы ва ўдала знойдзенай манахромнай палітры. Штораз — іншай, але вытворнай ад колеравага вырашэння карціны. Для вокладкі зроблены майстэрскі калаж, што яднае некалькі карцін у адну, а лічбы 2021 ператварае ў мудрагелістыя звіліны дарог. Шкада толькі, што аўтары-складальнікі не пазначаны.

Усе старонкі — з QR-кодамі. Наводзіш туды экран смартфона — пераходзіш па спасылцы і атрымліваеш дадатковую інфармацыю пра мастака, карціну, гісторыю яе стварэння і месца захавання. А яшчэ там змешчаны спасылкі на музычныя п’есы, што па сваім эмацыйным напаўненні добра стасуюцца з выявай і таксама ўтвараюць “партрэт чыгункі” з розных ракурсаў і ў розных тэхніках пісьма. Акрамя знакамітых мініяцюр кшталту “Пасіфік 231” Артура Анегера ці Полькі “Цягнік задавальненняў” Ёгана Штрауса-малодшага, кампазіцый Дзюка Элінгтана, Чарльза Айвза, Уладзіміра Дзешавова, ёсць і музыка, невядомая айчынным слухачам і нават знаўцам. Гармонія між аўдыё і відэа стварае адчуванне, што ты не проста ў музеі, а на адкрыцці выкшталцонай выставы, аздобленай музычным суправаджэннем. Ці на канцэрце з відэакантэнтам…

…Асабліва важна тое, што стасункі з мастацтвам і культурай не адной асобна ўзятай чыгункі, але і ўсёй эканомікі, прамысловасці ўвогуле — двухбаковыя. Чым больш адукаваныя, ва ўсіх сэнсах слова культурныя людзі, выхаваныя на лепшых прыкладах сусветнага мастацтва, будуць працаваць у кожнай сферы без выключэння, тым лепшым будзе наша жыццё. На Беларускай чыгунцы гэта разумеюць.


Артыкул дадзены ў скарачэнні

Надзея Бунцэвіч

рэдактар аддзела газеты "Культура"

Газета "Культура" № 3 (1495) 16.01.2021 - 22.01.2021 г

http://www.kimpress.by/index.phtml?page=2&id=17765

20.01.2021


К списку новостей за 2021 год