Вы используете устаревший браузер. Чтобы использовать все возможности сайта, загрузите и установите один из этих браузеров:

РУС

Градзянка на Асіповіччыне: перспектыўная тупіковая станцыя

16 декабря 2016

Заснежаны перон. Па адзін бок ад яго — роўненькія скірды стромкіх сасновых бярвенняў. На чыгуначным пуці — незвычайны састаў, які складаецца з аднаго пасажырскага і шэрагу грузавых вагонаў. Па гэтай прыкмеце можна беспамылкова вызначыць станцыю: акрамя Градзянкі, такія камбініраваныя цягнікі не ходзяць больш нікуды.

Станцыя на сетцы чыгуначных дарог тупіковая, але перспектыўная па колькасці вагонаў, якія штодня адпраўляюцца адсюль. У гэтым яшчэ адзін парадокс гэтага чыгуначнага аб’екта.

«Вялікая колькасць пагруза-разгрузачных работ абумоўлена суседствам, — тлумачыць начальнік Iрына Харытончык. — Чэрвеньскі і Бярэзінскі раёны не маюць чыгуначнага развіцця, а таму карыстаюцца паслугамі гэтай, бліжэйшай да іх, станцыі. Напрыклад, з веткі Градзянка-Асіповічы пачынае свой шлях не толькі па нашай рэспубліцы, але і ў краіны Прыбалтыкі бітум з УП «Нафтабітумны завод», што размешчаны ў Чэрвеньскім раёне. За апошнія 3 месяцы аб’ём выгрузкі гэтай прадукцыі склаў 2288 вагонаў, адпаведна ў суткі — каля 25. Пагружана 2117 вагонаў, сярэднясутачны аб’ём — 23. Атрымоўваецца, кожную гадзіну выгружаецца і загружаецца ў сярэднім па вагону».

Акрамя прадукцыі ўзгаданага прадпрыемства, зараз у Градзянцы вядуць пагрузку 14 лясгасаў з розных абласцей краіны. Тут загружаюць свае лесаматэрыялы не толькі мясцовы, але і Навагрудскі, Клімавіцкі, Бешанковіцкі, Петрыкаўскі і іншыя лясгасы, адсюль драўніна паступае на «ФанДОК» і «Пинскдрев», таму ролю гэтай станцыі Асіповіцкага чыгуначнага вузла немагчыма перабольшыць.

За ўзгаданы перыяд тут быў адгружаны 1451 вагон будаўнічай драўніны, штодзённа адсюль адпраўлялася каля 16 вагонаў з лесам на ўнутраныя рынкі, а таксама ў краіны Прыбалтыкі і Еўропы.

У зваротным напрамку ідуць мінеральныя ўдабрэнні, якія паступаюць на станцыю ў вялікай колькасці: гэта адзіны шлях дастаўкі такой прадукцыі ў сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Бярэзіншчыны і Чэрвеншчыны. «Райаграсэрвісы» абодвух раёнаў маюць уласныя пад’язныя пуці, на якіх самастойна займаюцца пагрузкай-разгрузкай.

Грузавыя работы складаюць асноўную частку даходаў. Пасажырапаток тут невялікі, таму білеты на станцыі не рэалізуюцца — іх прадае раз’язны касір непасрэдна ў вагоне. Гэта чарговая адметнасць чыгуначнага аб’екта, але не апошняя.

Тут штодня фарміруюцца саставы з розных вагонаў, толькі саставіцеляў цягнікоў у штаце няма. Гэтыя функцыі ўскладзены на памочніка машыніста, які мае спецыяльную падрыхтоўку. Ён, у адпаведнасці з атрыманым ад дзяжурнага манеўровым маршрутам, і праводзіць усе манеўровыя работы, замацоўвае вагоны і рыхтуе цягнік да рэйса.

Працуе тут 9 чалавек. Акрамя начальніка, які абслугоўвае яшчэ і станцыю Лапічы, пазменна нясуць вахту 4 дзяжурныя і 3 прыёмаздатчыкі грузу. Чысціню падтрымлівае станцыйны рабочы.

Дзяжурныя ставяць на пэўныя пуці, расфарміроў-ваюць саставы, прыёма-здатчыкі адказваюць за падачу, выгрузку, уборку вагонаў, правяраюць адпаведнасць тэхумовам, аглядаюць цягнікі ў камерцыйных і тэхнічных адносінах. Цудоўна ведаюць сваю справу Таццяна Шаўчэнка, Аксана Баяшка, другія спецыялісты-чыгуначнікі.

Тут жа працуе і брыгада № 3 дзясятага акалотка, у склад якой уваходзяць 5 манцёраў пуці і брыгадзір. Рабочыя абслугоўваюць 7 кіламетраў галоўнага ходу і столькі ж пад’язных пуцей, станцыю, а таксама 12 стрэлачных пераводаў.

Калі асіпаўчане ў зімовыя дні мёрзнуць і хутаюцца ў паліто і кажушкі, для пуцейцаў — асабліва гарачая пара. Кожны дзень з лапатамі ідуць уздоўж пуцей, расчышчаючы паласу адводу і стрэлкі, убіраюць голле, якое з’яўляецца на рэйках пасля ветру і непагадзі.

Але, як запэўнівае дарожны майстар Віктар Ермухаметаў, хлопцам не страшныя ні дождж, ні снег. «Загартаваліся, ніхто не хварэе, — адзначае ён. — А лепшых работнікаў, чым Пётр Самарукаў, Андрэй Хоміч, Уладзімір Марозаў, Міхаіл Барадаўка, наогул цяжка знайсці».

Наведваюць станцыю па графіку і па выкліках і механікі дыстанцыі сігналізацыі і сувязі, якія абслугоўваюць усё адпаведнае абсталяванне.

Словам, станцыя хоць і знаходзіцца ў лясной глыбінцы, але жыве актыўным жыццём, якое не дае заснуць некалі буйному пасёлку, а сёння ўсё яшчэ вялікай па плошчы, але ўжо не такой шматлюднай вёсцы.

 

Iна ЗАСКЕВIЧ

http://www.gzt-akray.by/osipovichi/2016/12/gradzyanka-na-asipovichchyine-perspektyiunaya-tupikovaya-stantsyiya/

15.12.2016 10:10

К списку новостей за 2016 год