Вы используете устаревший браузер. Чтобы использовать все возможности сайта, загрузите и установите один из этих браузеров:

РУС

«Разумны» цягнік

21 января 2016

На новай тэхніцы працаваць маладым

Некалькі гадоў таму на Беларускай чыгунцы з'явіліся швейцарскія электрацягнікі гарадскіх ліній, якія звязалі сталіцу з Заслаўем і Рудзенскам. Мінчане даўно прызвычаіліся да камфартабельнасці і хуткасці новага транспарту і сёння з нецярпеннем чакаюць працягу рэалізацыі гэтага праекта. Ужо з восені мінулага года сучасныя электрычкі пачалі хадзіць паміж Мінскам і яшчэ адным горадам-спадарожнікам — Смалявічамі. Новая тэхніка вымагае новых падыходаў, а хто як не маладыя хутчэй за ўсіх прыстасоўваюцца да навізны? 26-гадовы Аляксей ДАНІЛЕНКА працуе ў маторавагонным дэпо «Мінск» Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі з 2012 года. Менавіта тут абслугоўваюцца ўсе 16 швейцарскіх электрычак — 6 цягнікоу гарадскіх ліній і 10 цягнікоў рэгіянальных ліній бізнес-класа. Хлопец прыйшоў у дэпо па размеркаванні на пасаду брыгадзіра, паспеў адслужыць у войску, а пасля вяртання атрымаў павышэнне. Цяпер ён — інжынер-тэхнолаг.

...У велізарным ангары дэпо стаяць некалькі цягнікоў рыжскай вытворчасці і адзін Stadler. Усё, як у звычайным гаражы, — знізу яміна, з якой зручна правяраць хадавую частку, збоку — незвычайны «дамкрат». Ён уяўляе з сябе некалькі прылад, вышэйшых за чалавечы рост, расстаўленых на аднолькавай адлегласці ўздоўж рэек. Наладжаныя на сінхронную працу, яны могуць падняць над зямлёй цэлы састаў.

«Для абслугоўвання швейцарскіх электрычак трэба практычна ўсяму вучыцца нанова, а маладыя хутчэй успрымаюць інавацыі».

  • Сам я родам з Гомельшчыны, з Брагінскага раёна, — распавядае Аляксей. — Але жыў там усяго пару гадоў — у 1991 годзе наша сям'я атрымала кватэру ў Шчучыне па праграме адсялення з тэрыторый, забруджаных у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Вярнуцца на малую радзіму хлопцу яшчэ давялося — у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, што ў Гомелі. Малады чалавек выбраў спецыяльнасць «цягавы састаў чыгуначнага транспарту» на механічным факультэце.

  • Чаму менавіта такі выбар? Мне заўсёды хацелася працаваць на чыгунцы, а БелДУТ — адзіны профільны транспартны ўніверсітэт у краіне. У дзяцінстве часта ездзіў да бабуль на цягніках, можа, гэта неяк адбілася, — рэзюмаваў Аляксей. — Але вызначыўся з будучай прафесіяй даволі рана. Бацька працаваў шафёрам. Ды і ўвогуле мяне цягнула да тэхнікі, як і многіх хлопцаў. Як толькі споўнілася 16 гадоў, атрымаў пасведчанне кіроўцы, меў уласны матацыкл — «Іж Планета-4», увесь час у ім корпаўся. Бацькі, безумоўна, хваляваліся, калі ехаў куды-небудзь, але любоў да тэхнікі, думаю, пайшла мне на карысць.

Яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце Аляксей прыязджаў на практыку менавіта ў сталічнае маторавагоннае дэпо. Добра сябе зарэкамендаваў, а таму праблем з размеркаваннем у яго не было.

— Спачатку мяне ўзялі на пасаду брыгадзіра комплекснай брыгады, — узгадвае хлопец. — Мы абслугоўвалі старыя рыжскія электрычкі розных мадыфікацый. У асноўным займаліся дробным рамонтам. У прынцыпе праца ўжо была для мяне знаёмай, таму ніякіх складанасцяў не ўзнікла.

Але ўжо праз тры месяцы маладога спецыяліста чакала чарговая перамена ў жыцці — армія. Служыць давялося няшмат — паўгода (вышэйшая адукацыя і наведванне ваеннай кафедры ва ўніверсітэце істотна скарацілі тэрмін). Аляксей зноў вярнуўся на Гродзеншчыну — у зенітна-ракетны полк. Профіль, праўда, амаль не змяніўся — рамантаваў ваенную тэхніку, быў кіроўцам, служыў намеснікам камандзіра аўтамабільнага ўзвода.

— Пасля вяртання з арміі за супрацоўнікамі захоўваецца пасада, але не месца, — тлумачыць Аляксей. — Я зноў стаў брыгадзірам, але ўжо на электраапаратным участку. Гэта значыць, што займаліся мы абслугоўваннем пераважна ўсяго, што звязана з электрычнасцю, — токапрыёмнікаў, галоўнага выключальніка. А паўтара года таму прапанавалі перавесціся на пасаду інжынера-тэхнолага. Можа быць, паўплываў мой узрост — для абслугоўвання швейцарскіх электрычак трэба практычна ўсяму вучыцца нанова, а маладыя хутчэй успрымаюць інавацыі.

Хлопцу цяжка параўноўваць электрацягнікі Рыжскага завода са швейцарскімі:

— Ведаеце, гэта як стары дыскавы тэлефон і сучасны смартфон — рэчы з абсалютна розных сусветаў. 3 пункту гледжання рамонту тут усё больш складана, бо сама сістэма іншая, шмат мікраэлектронікі. У нас у дэпо нават ёсць спецыяліст, які займаецца менавіта камп'ютарным начыннем гэтых цягнікоў. Але і ў гэтым ёсць перавагі.

Адну з іх Аляксей дэманструе на месцы — на манітор у кабіне машыніста можна вывесці ўсе непаладкі, якія фіксуюць спецыяльныя датчыкі.

Фактычна, тэхніка сама дыягнастуе праблемы, а гэта эканомія часу. Такая магчымасць, праўда, не адмяняе традыцыйныя працэдуры ручнога агляду.

«Праца неаднастайная, таму не надакучвае, і вока не «замыльваецца». Галоўнае — ёсць жаданне тут расці і развівацца».

  • Што датычыцца заробку, то ўсё залежыць ад эканамічнай сітуацыі, — дзеліцца інжынер. — 3-за праблем у сусветнай эканоміцы зменшылася колькасць грузаперавозак праз краіну, а гэта асноўная крыніца прыбытку Беларускай чыгункі. Тым не менш каля 5 мільёнаў атрымліваю. Але пазітыўная дынаміка ёсць, спадзяюся, заробак павялічыцца. Акрамя таго, тут ёсць магчымасці для кар'ернага росту.

Цікава, як малады чалавек вырашаў праблему з жыллём? Спачатку давялося шукаць здымную кватэру, але прадпрыемства дапамагала — штомесяц Аляксей атрымліваў матэрыяльную дапамогу на арэнду — 11 базавых велічынь. Увесь кошт такая дапамога, вядома, не пакрывала, але палёгку прыносіла значную. А прыкладна праз год хлопец атрымаў пакой у інтэрнаце.

  • Плюсоў у маёй прафесіі шмат, — падсумоўвае Аляксей. — Гэта праца з сучаснай тэхнікай, што цікава і захапляльна. У нас добры калектыў, кажу абсалютна шчыра. Вельмі сяброўская абстаноўка: усе заўжды дапамагаюць, падтрымліваюць адно аднаго. Праца неаднастайная, таму не надакучвае, і вока не «замыльваецца». Хацелася б у будучыні атрымаць катэгорыю, а потым можна і пра іншую, больш высокую пасаду задумацца. Галоўнае — ёсць жаданне тут расці і развівацца.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

Звязда

21.01.2016

К списку новостей за 2016 год