Вы используете устаревший браузер. Чтобы использовать все возможности сайта, загрузите и установите один из этих браузеров:

РУС

У Еўрасаюз — на электрацязе

28 сентября 2015

У Маладзечанскім раёне на станцыі Пруды Беларуская чыгунка распачала работы па электрыфікацыі ўчастка Маладзечна — Гудагай — дзяржграніца. Завяршыць іх плануецца ў наступным годзе.

Электрыфікацыя ўчастка дазволіць арганізаваць рух пасажырскіх і грузавых цягнікоў на электрацязе паміж сталіцамі Беларусі і Літвы. Гэта будзе садзейнічаць узмацненню транспартных сувязяў нашай краіны з Еўрасаюзам. Апроч таго, з улікам будаўніцтва ў Беларусі АЭС рэалізацыя гэтага праекта скіравана на ўзмацненне энергетычнай бяспекі краіны і патанненне сабекошту перавозак чыгуначным транспартам.

— У сферы пасажырскіх перавозак адной з найважнейшых мэт пачатых работ з’яўляецца скарачэнне часу ў дарозе цягнікоў па маршруце Мінск — Вільнюс да дзвюх гадзін. Зараз у Літве вядзецца электрафікацыя ўчастка ад станцыі Новая Вільня да дзяржграніцы з Беларуссю працягласцю каля 30 кіламетраў, — удакладнілі ў прэс-цэнтры магістралі. — У цэлым рэалізацыі праекта папярэднічаў шэраг падрыхтоўчых мерапрыемстваў, праведзеных Беларускай чыгункай разам з Літоўскай чыгункай у рамках сумеснай рабочай групы.

Падчас электрафікацыі ўчастка Маладзечна — Гудагай — дзяржграніца працягласцю 84 кіламетры Беларускай чыгунцы будзе неабходна правесці вялікі аб’ём работ па стварэнні неабходнай інфраструктуры. Усе будаўніча-мантажныя работы, а таксама мантаж кантактнай сеткі, будуць выконваць беларускія арганізацыі. На ўчастку ўстановяць больш за тры тысячы апор кантактнай сеткі, будуць пабудаваны дзве цягавыя падстанцыі і два дзяжурныя пункты кантактнай сеткі на станцыях Пруды і Ашмяны. Запланавана будаўніцтва больш як 80 кіламетраў сілкуючых ліній 110 кВ знешняга электразабеспячэння цягавых падстанцый.

Апроч таго, на ўсіх станцыях участка, які электрафікуецца (Пруды, Залессе, Смаргонь, Солы, Ашмяны), будуць падоўжаны пуці. Плануецца правесці комплекс мерапрыемстваў па мадэрнізацыі прылад чыгуначнай аўтаматыкі і сувязі, шэраг іншых работ.

Лічбы

Згодна з дагаворам будаўнічага падраду па электрафікацыі кірунку Маладзечна — Гудагай — дзяржграніца, падпісаным Беларускай чыгункай і кітайскай кампаніяй па экспарце і імпарце электраабсталявання (CUEC), аб‘ём інвестыцый у праект складзе 89,9 мільёна долараў ЗША. Яго фінансаванне будзе весціся за кошт крэдытных рэсурсаў Экспартна-імпартнага банка Кітая (85 працэнтаў), а таксама ўласных сродкаў Беларускай чыгункі і інавацыйнага фонду Міністэрства транспарту і камунікацый (15 працэнтаў).

 

Сяргей Расолька

Звязда

http://zviazda.by/2015/09/102725.html

26.09.2015

К списку новостей за 2015 год