Вы используете устаревший браузер. Чтобы использовать все возможности сайта, загрузите и установите один из этих браузеров:

РУС

Веснавыя клопаты асіповіцкіх пуцейцаў

21 апреля 2014

Выхад пуцявой гаспадаркі з зімы — справа сур’ёзная і адказная. Недарэмна ж якасць выканання ўсіх патрэбных работ правяраецца камісіяй Начальніка Беларускай чыгункі.

Пачнецца прыдзірлівы “экзамен ужо зусім хутка — 21 красавіка, але намеснік начальніка дыстанцыі пуці Мікалай Праташчык на гэты конт асабліва не хвалюецца. Мікалай Мікалаевіч, якому “па пасадзе даводзіцца пастаянна наглядаць, як ідуць справы, ведае, што пуцейцы з усімі пастаўленымі задачамі справіліся як мінімум “здавальняюча. Сціплая адзнака? Як сказаць…

У чыгуначнікаў прынята да сваёй работы адносіцца вельмі прыдзірліва, і пры падвядзенні вынікаў звяртаць увагу на самыя дробныя “нюансы. I гэта правільна: чыгунка — надта складаны, важны і патэнцыяльна небяспечны механізм.

Здавалася б, немудрагелістая справа — навядзенне парадку на прылягаючых да рэек тэрыторыях. За зіму ўздоўж пуці заўсёды збіраецца пэўная колькасць рознага смецця, якое трэба сабраць. Пусцілі карані непатрэбныя кусты і дрэвы ў тэхнічнай паласе адводу — іх неабходна ссячы. Праўда, гэтыя справы трэба выканаць хутка на ўсёй адлегласці рэек, а іх пад наглядам Асіповіцкай дыстанцыі пуці звыш 515 кіламетраў. Паралельна трэба пафарбаваць, пры неабходнасці — замяніць ці адрамантаваць разнастайны пуцявы рыштунак. I зноў магія вялікіх лічбаў: толькі кіламетровых і пікетных — яны ўстаноўлены праз 100 метраў — слупоў “набягае каля 6 тысяч!

Аднак знешняя ахайнасць непасрэдна на рух паяздоў не ўплывае. Iншая справа — бальнасць пуці. Гэты параметр вызначаецца для кожнага кіламетра рэек і падзяляецца на “выдатна — да 40 балаў, “добра — да 100, “здавальняюча — да 500, “дрэнна — больш за 500. Iдэальнай якасці ўсіх пуцей дасягнуць практычна немагчыма, але ж да гэтага трэба імкнуцца. I ў асіповіцкіх пуцейцаў атрымліваецца няблага: прагноз першага квартала па паляпшэнні стану рэек і шпал выканалі на 162%, чым узнялі паказчык якасці да 26 балаў пры плане 69. Ацэнка вельмі добрая і сама па сабе, і, што яшчэ больш красамоўна, пераканаўчая ў параўнанні: аналагічны паказчык летась склаў “усяго 45 балаў. Зімой-вясной мінулага года па дыстанцыі дапушчана ўтрыманне 5 кіламетраў з нездавальняючай бальнасцю — сёлета такіх няма…

Канечне, папрацаваць у першыя месяцы года давялося напружана. Пуцейцы правялі ўзнаўленчы рамонт 2-кіламетровага ўчастка на перагоне Асіповічы-2 — Ялізава, сярэдні рамонт на такім жа па даўжыні адрэзку перагона Дараганава-Фалічы, замянілі 1.132 драўляныя і 532 жалезабетонныя шпалы. На базе камплектацыі, што абсталявана на станцыі Асіповічы-2, сабралі тры новыя стрэлачныя пераводы для станцыі Слуцк, а ў самім Слуцку падрыхтаваліся да замены драўляных шпал на бетонныя па ўсіх “тракцыйных (тэхналагічнага прызначэння) пуцях мясцовага дэпо. Па станцыях Асіповічы, Урэчча, Калій-1 абсталяваны стыльныя бетонныя тупіковыя ўпоры. Між іншым, яны былі распрацаваны менавіта нашай дыстанцыяй пуці, а выпускаюцца на Асіповіцкім заводзе жалезабетонных канструкцый.

Зразумела, працягнуцца работы і падчас агляду пуцявой гаспадаркі камісіяй начальніка чыгункі. Да канца красавіка плануецца скончыць сярэдні рамонт Слуцкага кальца — 5,4-кіламетровай “аб’язной чыгункі на станцыі Асіповічы-1, на ёй жа пройдзе замена двух стрэлачных пераводаў з драўлянага на бетонны падмурак.

Відавочна, часу тут дарэмна не губляюць, хаця, калі казаць шчыра, маглі б паспець і болей: некаторыя з запланаваных на канец 2013-пачатак 2014 года другарадных работ ім удалося выканаць толькі на 60-70%. Прычына прамаруджвання слушная — неатрыманне своечасова ўсіх неабходных матэрыялаў і сродкаў.

Хаця, па вялікім рахунку, гэтая затрымка не мае прынцыповага значэння. На хуткасць руху, як і яго бяспеку, адставанне ад графіку рамонтаў ніяк не паўплывала, а часу для таго, каб справіцца з усімі пастаўленымі на гэты год задачамі, у пуцейцаў яшчэ дастаткова.

 

http://www.gzt-akray.by/osipovichi/2014/04/vesnavyiya-klopatyi-asipovitskih-putseytsau/

21.04.2014 09:25

 

 

К списку новостей за 2014 год