Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Урачысты вечар, прысвечаны 160-годдзю Беларускай чыгункі, адбыўся ў Мінску

12 снежня 2022

9 снежня 2022 года ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь адбыўся ўрачысты вечар, прысвечаны 160-годдзю беларускай магістралі.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі органаў заканадаўчай і выканаўчай улады Рэспублікі Беларусь, грамадскіх арганізацый, дзелавыя партнёры, лепшыя работнікі працоўных калектываў, ветэраны і моладзь Беларускай чыгункі, навучэнцы навучальных устаноў чыгуначнага профілю.

На свята да беларускіх чыгуначнікаў прыехалі і калегі з Расійскай Федэрацыі – дэлегацыя расійскіх чыгунак на чале з першым намеснікам генеральнага дырэктара Сяргеем Паўлавым. Таксама ў складзе расійскай дэлегацыі былі начальнік Маскоўскай чыгункі – філіяла ААТ «РЖД» Валерый Танаеў, начальнік Кастрычніцкай чыгункі – філіяла ААТ «РЖД» Віктар Галамолзін і начальнік Калінінградскай чыгункі – філіяла ААТ «РЖД» Сяргей Сапегін.

Ужо ў фае тэатра можна было адчуць святочную атмасферу. Гасцей сустракаў струнны квінтэт «Серэнада», які выконваў вядомыя творы класічнай музыкі. Аб ключавых вехах гісторыі беларускай стальной магістралі распавядалі тэматычныя фотавыставы «У нашай гісторыі ўсе падзеі галоўныя» і «Ад юбілею да юбілею. 10 гадоў інавацыйнага развіцця Беларускай чыгункі».

Адкрыў урачыстае мерапрыемства Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў. Ён нагадаў, што на працягу сваёй гісторыі чыгуначны транспарт з'яўляўся неад'емнай часткай нашай дзяржавы. Чыгуначнікі ва ўсе часы былі адданы роднай айчыне. Разам з краінай яны прайшлі ўсе этапы яе станаўлення: цяжкае ваеннае ліхалецце, адраджэнне народнай гаспадаркі ў пасляваенны перыяд, складаныя гады перабудовы і фарміравання Беларусі як маладой суверэннай дзяржавы.

«І сёння Беларуская чыгунка адыгрывае найважнейшую ролю ў жыцці грамадства і развіцці эканомікі краіны, штодня забяспечваючы перавозку грузаў і пасажыраў, а кожны яе працаўнік робіць усё, што ад яго залежыць, каб быць годным працоўных і ратных подзвігаў старэйшых пакаленняў і горда несці ганаровае званне «чыгуначнік». Я з упэўненасцю магу сказаць, што мы – адна дружная каманда, нацэленая на агульны вынік», – адзначыў ён.

Начальнік беларускай магістралі павіншаваў усіх прысутных з юбілеем, пажадаў моцнага здароўя, упэўненасці ў заўтрашнім дні, прафесійных поспехаў і мірнага неба над галавой.

У гэты дзень у адрас працаўнікоў Беларускай чыгункі са сцэны Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь прагучалі шматлікія віншаванні і пажаданні.

Чыгуначнікаў павіншаваў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Ермаловіч, які абвясціў прывітальны адрас ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўству і дзяржаўнаму будаўніцтву Сяргей Сівец агучыў прывітальны адрас ад імя Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай.

Чыгуначнікаў сардэчна павіншаваў міністр транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь Аляксей Аўраменка. Ён таксама зачытаў прывітальны адрас ад імя Прэм'ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанка.

Сваё відэавіншаванне калектыву Беларускай чыгункі накіраваў Старшыня Савета па чыгуначным транспарце дзяржаў – удзельніц Садружнасці, генеральны дырэктар – Старшыня праўлення ААТ «РЖД» Алег Белазёраў.

Цёплыя словы віншаванняў і падтрымкі ад імя 35-тысячнай «арміі» ветэранаў адрасаваў сягонняшнім работнікам магістралі старшыня Арганізацыі ветэранаў Беларускай чыгункі Сяргей Гогалеў.

Акрамя таго, у рамках мерапрыемства заслужаныя ўзнагароды Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь чыгуначнікам уручыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Ермаловіч.

Выдатным падарункам для ўдзельнікаў і гасцей урачыстага вечара сталі знакамітыя оперныя арыі і балетныя партыі ў выкананні вядучых салістаў оперы і балета, артыстаў хору і сімфанічнага аркестра Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі.

Свой творчы падарунак паднеслі і харэаграфічныя калектывы Беларускай чыгункі: заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль эстраднага танца «Гарэзныя агеньчыкі» Мінскага Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў і ўзорны ансамбль танца «Усмешка» Магілёўскага Дома культуры чыгуначнікаў.

Нагадаем, 27 снежня 2022 года Беларускай чыгунцы споўніцца 160 гадоў. У цэлым, на працягу года адбылося ўжо больш за 100 мерапрыемстваў, прымеркаваных да юбілею беларускай магістралі.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2022 год