Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Каманда Беларускай чыгункі стала абсалютным пераможцам турніру па інтэлектуальных гульнях, прысвечанага 100-годдзю ААТ «ААБ «Беларусбанк»

12 снежня 2022

Таварыскі турнір Клуба інтэлектуальных гульняў ААТ «ААБ «Беларусбанк» «Плацінавая сава» адбыўся 10 снежня 2022 года ў Мінску. У спаборніцтве, прысвечаным 100-годдзю найстарэйшага банка краіны, прыняла ўдзел 41 каманда, амаль 250 удзельнікаў з розных рэгіёнаў Беларусі. У тым ліку 20 каманд прадставілі структурныя падраздзяленні «Беларусбанка» з усёй краіны, 10 каманд сфарміравалі найбуйнейшыя банкаўскія арганізацыі Рэспублікі Беларусь на чале з Нацбанкам і яшчэ 11 каманд абаранялі гонар найбуйнейшых кампаній – карпаратыўных кліентаў ААТ «ААБ «Беларусбанк». Па ходзе турніру залік вёўся асобна ў кожнай з трох катэгорый, далей у фінале па суме набраных ачкоў вызначаўся абсалютны пераможца.

У зборную каманду Беларускай чыгункі «Міколка-паравоз» увайшлі работнікі Упраўлення чыгункі – Дзмітрый Казуцін (капітан), Аляксандр Азарка, Канстанцін Гедрыс, Юрый Жураў, Андрэй Халецкі і Кірыл Шкурын.

Супернікамі чыгуначнікаў сярод зборных прадпрыемстваў і арганізацый краіны сталі каманды, якія прадстаўляюць Глабальны дагавор ААН у Беларусі, ААТ «Беларуськалій», Беларускі металургічны завод, Мінскі трактарны завод, Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі завод колавых цягачоў, Беларускі аўтамабільны завод, СТАА «Мабільныя Тэлесістэмы», СААТ «Камунарка» і Мінскі завод безалкагольных напояў.

На працягу 6-ці тураў гульцы адказвалі на разнастайныя пытанні. Было забаронена карыстацца любымі гаджэтамі, а таксама дзейнічаў ліміт часу на здачу пісьмовага адказу.

Акрамя класічнага блока «Што? Дзе? Калі?» арганізатары склалі разнастайныя пакеты медыя-пытанняў, пабудаваных не столькі на логіцы, колькі на веданні класічнай і сучаснай культуры і літаратуры. Ад каманд спатрэбілася праявіць разнастайныя веды і эрудыяванасць – даведацца па першых і апошніх кадрах папулярныя тэлесерыялы, разабрацца ў картах выдуманых кніжных светаў, убачыць рэжысёрскія дасылкі на сюжэты знакамітых карцін, успомніць выканаўцаў і кампазітараў, чыя музыка стала саўндтрэкамі ў кіно.

У выніку па суме набраных ачкоў каманда «Міколка-паравоз» Беларускай чыгункі не толькі заняла 1 месца сярод каманд кампаній-карпаратыўных кліентаў «Беларусбанка», але і стала абсалютным пераможцам усяго турніру. 2 месца ў агульным заліку з разрывам у 4,25 ачка заняла каманда «ГОРЦЫ» ААТ «Беларуськалій», а бронзу (з адставаннем яшчэ на 1,75 пункта) атрымала каманда «Нацбанк» Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Пераможцы былі ўзнагароджаны кубкамі і памятнымі сувенірамі.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2022 год