Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка падвяла вынікі акцыі «Дзеці і бяспека»

08 лістапада 2022

Акцыя «Дзеці і бяспека», накіраваная на прафілактыку няшчасных выпадкаў з удзелам непаўналетніх на аб'ектах чыгуначнага транспарту, праводзілася на Беларускай чыгунцы напярэдадні восеньскіх школьных канікул з 20 па 30 кастрычніка 2022 года.

У перыяд яе правядзення работнікамі БЧ сумесна з членамі грамадскіх фарміраванняў, супрацоўнікамі органаў унутраных спраў былі арганізаваны рэйды, падчас якіх надавалася асаблівая ўвага дзецям і падлеткам, якія знаходзяцца без нагляду дарослых паблізу чыгуначных пуцей, на вакзалах, станцыях і ў цягніках. На вакзалах і ў цягніках грамадзян дадаткова інфармавалі аб мерах бяспекі пры знаходжанні на аб'ектах чыгуначнага транспарту. Таксама была арганізавана тлумачальна-прафілактычная работа ў працоўных калектывах прадпрыемстваў і ва ўстановах адукацыі.

У рамках правядзення прафілактычных мерапрыемстваў работнікамі ваенізаванай аховы БЧ ва ўзаемадзеянні з праваахоўнымі органамі арганізаваны 425 рэйдаў. Выяўлены і выведзены ў бяспечныя месцы 54 непаўналетніх, якія знаходзіліся на аб'ектах чыгункі без суправаджэння бацькоў або дарослых, а таксама 3 падлеткаў, якія вялі перамовы па мабільным тэлефоне або пераходзілі чыгуначныя пуці ў навушніках.

Акрамя таго, спецыялістамі БЧ былі праведзены 576 выступленняў у працоўных калектывах і ўстановах адукацыі па пытаннях выканання правілаў бяспекі на чыгуначным транспарце. У іх прынялі ўдзел каля 23 тыс. чалавек, 21 тыс. з якіх – непаўналетнія. Распаўсюджана звыш 7,5 тыс. прафілактычных памятак.

Нягледзячы на ўсе прымаемыя меры, за 10 месяцаў 2022 года на аб'ектах чыгуначнага транспарту адбылося 79 няшчасных выпадкаў траўміравання грамадзян, не звязаных з вытворчасцю. Гэта на 1 выпадак менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Пацярпеў 81 грамадзянін (4 з іх – непаўналетнія): загінуў 61 чалавек, 20 траўміраваны. Больш за 54% пацярпелых знаходзіліся на аб'ектах чыгуначнага транспарту ў стане алкагольнага ап'янення.

Асноўнай прычынай няшчасных выпадкаў па-ранейшаму застаецца ігнараванне грамадзянамі элементарных мер бяспекі. У прыватнасці, знаходжанне ў зоне павышанай небяспекі ў стане алкагольнага ап'янення, размовы па мабільным тэлефоне і праслухоўванне музыкі ў навушніках падчас перасячэння чыгуначных пуцей, парушэнне кіроўцамі правілаў дарожнага руху пры перасячэнні чыгуначных пераездаў і г. д.

БЧ заклікае грамадзян быць больш уважлівымі на аб'ектах чыгуначнага транспарту і выконваць правілы бяспекі.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ


Да спісу навін за 2022 год