Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка падвяла вынікі акцыі «Дзеці і бяспека»

09 верасня 2022

Акцыя «Дзеці і бяспека» была прымеркавана да пачатку навучальнага года ва ўстановах адукацыі і праводзілася на Беларускай чыгунцы з 22 жніўня па 4 верасня 2022 года. Асноўнай мэтай дадзенай акцыі з'яўляецца прафілактыка няшчасных выпадкаў з удзелам непаўналетніх на аб'ектах чыгуначнага транспарту.

У перыяд яе правядзення работнікамі БЧ сумесна з членамі грамадскіх фарміраванняў, супрацоўнікамі органаў унутраных спраў былі арганізаваны рэйды, падчас якіх надавалася асаблівая ўвага дзецям і падлеткам, якія знаходзяцца без нагляду дарослых паблізу чыгуначных пуцей, на вакзалах, станцыях і ў цягніках. На вакзалах і ў цягніках грамадзян дадаткова інфармавалі аб мерах бяспекі пры знаходжанні на аб'ектах чыгуначнага транспарту. Таксама была арганізавана тлумачальна-прафілактычная работа ў працоўных калектывах прадпрыемстваў і ва ўстановах адукацыі.

У рамках правядзення прафілактычных мерапрыемстваў работнікамі Ваенізаванай аховы БЧ ва ўзаемадзеянні з праваахоўнымі органамі арганізаваны 425 рэйдаў. Выяўлены і выведзены ў бяспечныя месцы 28 непаўналетніх, якія знаходзіліся на аб'ектах чыгункі без суправаджэння бацькоў або дарослых, а таксама 19 падлеткаў, якія вялі перамовы па мабільным тэлефоне або пераходзілі чыгуначныя пуці ў навушніках.

Акрамя таго, спецыялістамі БЧ былі праведзены 564 выступленні ў працоўных калектывах і ўстановах адукацыі па пытаннях выканання правілаў бяспекі на чыгуначным транспарце. У іх прынялі ўдзел больш за 34 тыс. чалавек, 31,5 тыс. з якіх – непаўналетнія. Распаўсюджана звыш 7 тыс. прафілактычных памятак.

Нягледзячы на ўсе прымаемыя меры, за 8 месяцаў 2022 года на аб'ектах чыгуначнага транспарту адбылося 63 няшчасныя выпадкі траўміравання грамадзян, не звязаных з вытворчасцю. Гэта на 5 выпадкаў менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Пацярпелі 65 грамадзян (4 з іх –непаўналетнія): загінула 50 чалавек, 15 траўміраваны. Каля 57% пацярпелых знаходзіліся на аб'ектах чыгуначнага транспарту ў стане алкагольнага ап'янення.

Асноўнай прычынай няшчасных выпадкаў па-ранейшаму застаецца ігнараванне грамадзянамі элементарных мер бяспекі. У прыватнасці, знаходжанне ў зоне павышанай небяспекі ў стане алкагольнага ап'янення, размовы па мабільным тэлефоне і праслухоўванне музыкі ў навушніках падчас перасячэння чыгуначных пуцей, парушэнне вадзіцелямі правілаў дарожнага руху пры перасячэнні чыгуначных пераездаў і г. д.

БЧ заклікае грамадзян быць больш уважлівымі на аб'ектах чыгуначнага транспарту і выконваць правілы бяспекі. Памятаеце, чыгунка – гэта зона падвышанай небяспекі!

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ


Да спісу навін за 2022 год