Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

На станцыі Калінкавічы адкрылі памятную дошку, прысвечаную героям-чыгуначнікам Калінкавіцкага чыгуначнага вузла

02 жніўня 2022

2 жніўня 2022 года на чыгуначнай станцыі Калінкавічы адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае адкрыццю памятнай дошкі героям-чыгуначнікам Калінкавіцкага чыгуначнага вузла, якія змагаліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў складзе падпольнай арганізацыі.

У жніўні 1941 года па заданню транспартнага аддзела НКДБ Беларускай чыгункі ў тыл праціўніка быў накіраваны лейтэнант НКДБ БССР Пётр Сяргеевіч Ануфрыеў для арганізацыі падпольнай работы на Калінкавіцкім чыгуначным вузле.

У складзе падпольнай арганізацыі было 27 патрыётаў-чыгуначнікаў, мясцовыя жыхары, а таксама антыфашысты з ліку ваеннаслужачых нямецкай і славацкай армій. У касцяк групы, акрамя Пятра Сяргеевіча Ануфрыева, уваходзіў таксама чыгуначны майстар Іван Васільевіч Змушка і былы старшыня месткама Калінкоўскай дыстанцыі пуці Васіль Іванавіч Баравік, якія пасля уваходжання ў 1942 годзе ў партызанскі атрад Пятра Сяргеевіча Ануфрыева ажыццяўлялі на месцы паўсядзённае і аператыўнае кіраўніцтва падпольнай арганізацыяй.

Калінкавіцкія падпольшчыкі наносілі адчувальныя ўдары па чыгуначным вузле, псавалі пуцявую гаспадарку, падрыхтавалі і ажыццявілі 48 сходаў паравозаў з чыгуначнага пуці. Палякоў Уладзімір Кірылавіч і Ражко Уладзімір Канстанцінавіч са станцыі Калінкавічы укралі 3 паравозы і пусцілі іх пад адхон.

У ліпені 1943 года падпольшчыкі Змушка Іван Васільевіч і Баравік Аляксей Іванавіч арганізавалі два крушэння воінскіх эшалонаў шляхам пашырэння чыгуначнай каляі. Трэцяе крушэнне было здзейснена на перагоне Мазыр – Козенкі, дзе былі знішчаны паравоз і два вагоны. Сумесна з Лаеўскай Ганнай Мікалаеўнай, Булатоўскім Анатолем Іванавічам і Отчык Уладзімірам Іосіфавічам была ажыццёўлена самая буйная за час акупацыі раённага цэнтра дыверсія на Калінкавіцкім чыгуначным вузле. Шляхам выбуху штабеля бочак з бензінам быў выкліканы вялікі пажар на разгрузачнай рампе, які знішчыў склады з харчаваннем, абмундзіраваннем і ваеннай маёмасцю.

Дзейнасць падпольшчыкаў працягвалася да другой паловы лістапада 1943 года, аж да вызвалення калінкавіцкай зямлі ад фашысцкіх захопнікаў, і атрымала высокую ацэнку з боку кіраўніцтва Народнага камісарыята дзяржаўнай бяспекі СССР.

Ва ўрачыстым адкрыцці памятнай дошкі прынялі ўдзел старшыня Калінкавіцкага раённага Савета дэпутатаў Мохарава Наталля Уладзіміраўна, намеснік Начальніка Беларускай чыгункі Стоцкі Пётр Васільевіч, старшыня Аб'яднанай галіновай прафсаюзнай арганізацыі чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў Какора Віктар Міхайлавіч, прадстаўнікі кіраўніцтва Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці, ваеннага камісарыята Гомельскай вобласці, Гомельскага аддзялення чыгункі, сваякі герояў-чыгуначнікаў, ветэраны Гомельскага аддзялення, моладзь.

Як адзначыў намеснік Начальніка Беларускай чыгункі Пётр Стоцкі: «Менавіта згуртаванасць, найвышэйшая сіла духу і любоў да роднай зямлі дапамаглі нам перамагчы ворага ... Беларускія чыгуначнікі свята шануюць і захоўваюць памяць аб гэтым несмяротным подзвігу. Сёння на Беларускай чыгунцы каля 200 памятных месцаў і абеліскаў воінскай славы, за якімі ажыццяўляюць догляд нашы работнікі».

Беларуская чыгунка беражліва захоўвае памяць аб гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і шануе Імёны яе герояў. У гады вайны многія чыгуначнікі знаходзіліся на пярэднім краі. Паравозныя калоны асаблівага рэзерву Наркамата шляхоў зносін у найцяжэйшых умовах працавалі ў прыфрантавой паласе пад бамбёжкамі і абстрэламі, забяспечваючы перамогі Савецкай арміі ад Сталінграда да Берліна.

Уклад чыгуначнікаў у Перамогу быў адзначаны і высокімі ўрадавымі ўзнагародамі. 22 нашых суайчынніка сталі Героямі Савецкага Саюза. Дзясяткі тысяч работнікаў чыгункі былі адзначаны ордэнамі і медалямі.


Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2022 год