Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

У Гомелі падвялі вынікі конкурсу «Транспарт будучыні», прысвечанага 160-годдзю Беларускай чыгункі

07 чэрвеня 2022

3 чэрвеня 2022 года ў Палацы культуры чыгуначнікаў Гомельскага аддзялення БЧ адбыўся фінал конкурсу «Транспарт будучыні», прысвечанага 160-годдзю Беларускай чыгункі. Ён быў арганізаваны Беларускім дзяржаўным універсітэтам транспарту (БелДУТ) сумесна з Беларускай чыгункай з мэтай актывізацыі навукова-даследчай дзейнасці навучэнцаў, студэнтаў і работнікаў беларускай магістралі і стварэння ўмоў для рэалізацыі іх творчага патэнцыялу. Тэма конкурсу 2022 года – «Чыгуначны транспарт».

У інтэлектуальным спаборніцтве прынялі ўдзел работнікі Беларускай чыгункі, студэнты БелДУТа, выкладчыкі і навучэнцы Брэсцкага, Гомельскага і Аршанскага каледжаў – філіялаў БелДУТа. Конкурс праводзіўся ў два этапы. На першым этапе быў арганізаваны адбор работ, а ў фінале – аўтары прэзентавалі свой праект кампетэнтнаму журы конкурсу.

Усяго было прадстаўлена 40 работ індывідуальных аўтараў і калектываў. Гэта праектныя пісьмовыя работы, дзеючыя мадэлі і макеты. У фінал конкурсу адабрана 14 лепшых моладзевых інавацыйных праектаў, прадстаўленых 30 удзельнікамі (3 праекты – работнікі арганізацый БЧ (Гомельскае вагоннае дэпо, Магілёўскае вагоннае дэпо, Мінская дыстанцыя сігналізацыі і сувязі), 5 праектаў – студэнты БелДУТа і 6 праектаў – навучэнцы і выкладчыкі каледжаў – філіялаў БелДУТа).

Пры падвядзенні вынікаў конкурсу журы ацэньвала актуальнасць тэмы, арыгінальнасць ідэі, тэхналогій і канструктыўных рашэнняў, навізну распрацоўкі, асабісты ўклад аўтара, меркаваную эфектыўнасць праекта, а таксама якасць прадстаўленай прэзентацыі праекта ў фінале конкурсу і інш.

Як адзначыў рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Юрый Кулажанка, прадстаўленыя на конкурс праекты маюць глыбокую ступень прапрацоўкі пытання і высокі ўзровень падрыхтоўкі. Яны могуць стаць асновай для далейшых навукова-даследчых работ па гэтых напрамках. Юрый Кулажанка таксама выказаў упэўненасць у тым, што многія аўтары ўнясуць свой уклад у развіццё чыгуначнай галіны.

Сустаршыня журы конкурсу – намеснік Начальніка Беларускай чыгункі Пётр Стоцкі падкрэсліў значнасць падобных мерапрыемстваў у павышэнні ўзроўню інтэграцыі студэнтаў і навучэнцаў у будучую прафесію, а для работнікаў БЧ – гэта магчымасць рэалізацыі свайго вопыту, ведаў і чарговы этап іх прафесійнага росту.

Па выніках фіналу вызначаны лепшыя работы конкурсу ў трох групах: сярод работнікаў Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь, студэнтаў БелДУТа і навучэнцаў каледжаў – філіялаў БелДУТа.

Сярод работнікаў Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь перамогу атрымалі прадстаўнікі Гомельскага і Магілёўскага вагонных дэпо Беларускай чыгункі Аляксандр Отака і Аляксей Лях з работай «Стэнд аўтаматызаванага магнітапарашковага кантролю суцэльнакатаных колаў пры сярэднім і бягучым рамонце колавых пар вагонаў». Другое месца прысуджана работнікам Гомельскага вагоннага дэпо Аляксандру Отаку і Вользе Лысенковай, якія прадставілі на конкурс «Суспензійную сістэму па падрыхтоўцы, зборы і нанясенні магнітнага індыкатара пры магнітапарашковым кантролі дэталяў рухомага і цягавага чыгуначнага саставу». Трэцяга месца ўдастоены выкладчыкі Гомельскага каледжа – філіяла БелДУТа Ангеліна Коўзік, Арцём Даўгаполаў і супрацоўнік БелДУТа Дзмітрый Канавалаў з праектам «Сучасная WORDSKILS лабараторыя» погляд у будучыню спецыяліста па чыгуначнай аўтаматыцы і тэлемеханіцы».

Сярод навучэнцаў каледжаў – філіялаў БелДУТа лепшым прызнаны «Макет электрыфікаванага ўчастка чыгункі, абсталяванага аўтаблакіроўкай» навучэнца Аршанскага каледжа Аляксандра Кухты. Другое месца журы прысудзіла навучэнцам Гомельскага каледжа Уладзіславу Балабушку і Івану Юркевічу за «Адукацыйны набор «Чыгуначная аўтаматыка і тэлемеханіка будучыні». Трэцяе месца ў прадстаўнікоў Гомельскага каледжа Антона Рудзені і Аляксандра Пырха, якія прадэманстравалі ў фінале спаборніцтва «Метрагенератар».

Сярод студэнтаў БелДУТа перамогу атрымаў Вадзім Шапавалаў з праектам «Карыснае выкарыстанне вуглякіслага газу ў транспартнай галіне». Другое месца заваявала Аляксандра Русак з работай «Аграперавозкі – новы цягніковы сэрвіс міжнародных перавозак». Трэцяе месца ў Максіма Бублікава і Аляксея Грыгаровіча, якія прадставілі «Рэвалюцыйную тэхналогію перавозкі скорапсавальных грузаў на далёкія адлегласці».

Усім пераможцам былі ўручаны каштоўныя падарункі і памятныя дыпломы ад Беларускай чыгункі і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ


Да спісу навін за 2022 год