Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка запрашае прыняць удзел у патрыятычнай акцыі «Мы разам па дарозе памяці»

27 красавіка 2022

Беларуская чыгунка сумесна з Беларускім Дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Аб'яднанай галіновай прафсаюзнай арганізацыяй чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў, пры інфармацыйнай падтрымцы тэлеканала «Беларусь 3» Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь у рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да 160-годдзя Беларускай чыгункі і Года гістарычнай памяці, правядзе патрыятычную акцыю «Мы разам па дарозе памяці».

Стартуе акцыя 5 мая 2022 года, напярэдадні Дня Перамогі, у Гомелі. 21 мая, у Дзень горада, удзельнікаў акцыі будуць сустракаць жыхары Баранавічаў. 21 чэрвеня, напярэдадні пачатку Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікі акцыі наведаюць Брэст. 25 чэрвеня, напярэдадні Дня вызвалення Віцебска, паўдзельнічаць у акцыі змогуць віцебчукі. 28 чэрвеня акцыя адбудзецца ў Магілёве – у Дзень вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а завершацца мерапрыемствы 30 чэрвеня 2022 года, напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, у Мінску.

У рамках акцыі ўсім жадаючым будзе прадастаўлена магчымасць наведаць мабільную экспазіцыю, прысвечаную подзвігам, здзейсненым беларусамі і выхадцамі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку чыгуначнікамі, якія гераічнай працай забяспечвалі своечасовую дастаўку ўсяго неабходнага на фронт, а таксама змагаліся з ворагам на акупаванай тэрыторыі. Трэба адзначыць, што патрыятызму чыгуначнікаў прысвечаны асобны стэнд. Экскурсіі па экспазіцыі правядуць навуковыя супрацоўнікі музея.

Акрамя таго жыхары і госці нашай краіны змогуць паўдзельнічаць у тэматычных конкурсах і віктарынах, зрабіць фота на памяць у ваеннай форме, а таксама перадаць у Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны сямейныя рэліквіі, якія з'яўляюцца сведкамі ваеннай пары і беражліва захоўваюць памяць аб подзвігах нашых суайчыннікаў. Перададзеныя прадметы зоймуць дастойнае месца ў экспазіцыі музея.

Кульмінацыяй акцыі ў кожным горадзе стане тэматычны канцэрт, падрыхтаваны калектывамі і індывідуальнымі выканаўцамі аматарскай мастацкай творчасці культурна-спартыўных цэнтраў аддзяленняў Беларускай чыгункі.

Па выніках акцыі тэлеканалам «Беларусь 3» будзе падрыхтаваны тэлевізійны праект.

У Гомелі 5 мая 2022 года акцыя пройдзе ў Палацы культуры чыгуначнікаў імя У.І.Леніна. Пачатак мерапрыемства ў 15.00. На пляцоўцы каля палаца з 13.00 пачне работу мабільная экспазіцыя Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Беларуская чыгунка запрашае ўсіх жадаючых прыняць удзел у акцыі і прайсці разам па дарозе памяці.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ

Да спісу навін за 2022 год