Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

27 снежня 2021 года Беларуская чыгунка адкрыла рэгулярны рух электрацягнікоў на ўчастку Калінкавічы–Светлагорск–Жлобін

28 снежня 2021

Ва ўрачыстым мерапрыемстве на станцыі Калінкавічы, прысвечаным адкрыццю рэгулярнага руху электрацягнікоў, прынялі ўдзел: намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоль Сівак, Міністр транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь Аляксей Аўраменка, кіраўніцтва Гомельскага абласнога і Калінкавіцкага раённага выканаўчых камітэтаў, Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў, прадстаўнік генеральнага падрадчыка па будаўніцтве аб'екта «Электрыфікацыя участкаў Гомель–Жлобін–Асіповічы і Жлобін–Калінкавічы. 3 чарга» У Сяалу, работнікі Упраўлення Беларускай чыгункі, будаўнікі-перадавікі вытворчасці БЧ, ветэраны працы, моладзь структурных падраздзяленняў Гомельскага аддзялення БЧ, прадстаўнікі прафсаюзных арганізацый.

Сімвалічна, што адкрыццё руху электрацягнікоў прымеркавалі да 159-га дня нараджэння Беларускай чыгункі.

У рамках мерапрыемства адбыўся ўрачысты мітынг, перадача сімвалічнага ключа ад прадстаўніка генеральнага падрадчыка начальніку Гомельскага аддзялення БЧ. Таксама на будынку вакзала станцыі Калінкавічы адкрылі памятную таблічку. Кульмінацыяй мерапрыемства стала адпраўленне дэманстрацыйнага цягніка па маршруце Калінкавічы–Светлагорск пад удары станцыйнага звана і святочны феерверк.

Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў падкрэсліў, што чыгуначнікам усіх пакаленняў было ўласціва адказнае стаўленне да сваёй справы: «Ва ўсе часы чыгуначнікі свята шанавалі тое, што зрабілі папярэднія пакаленні, працавалі на карысць сваёй краіны, сваёй Радзімы і ўпэўнена ішлі да мэты па паляпшэнні жыцця».

Адкрыццё рэгулярнага руху пасажырскіх цягнікоў рэгіянальных ліній бізнес-класа па маршруце Калінкавічы–Мінск на электравознай цязе стала магчымым дзякуючы завяршэнню электрыфікацыі ўчастка Калінкавічы– Светлагорск-на-Бярэзіне ў рамках рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па электрыфікацыі ўчастка Жлобін–Калінкавічы–Барбароў.

Як расказаў у сваім выступленні Начальнік Беларускай чыгункі, пасля завяршэння гэтага праекта працягласць электрыфікаваных участкаў складае 1369 км або больш за 25 % ад агульнай працягласці эксплуатацыйных пуцей беларускай магістралі. Ён паведаміў таксама, што ў рамках гэтага інвестыцыйнага праекта ў першым паўгоддзі 2022 года будзе арганізаваны грузавы рух цягнікоў на электрацязе са станцыі Барбароў з прадукцыяй Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода ў напрамку Калінкавічаў і Жлобіна.

Акрамя таго Уладзімір Марозаў адзначыў, што электрыфікацыя дазваляе выкарыстоўваць сучасны рухомы састаў: «У цяперашні час на БЧ рэалізуецца кантракт на куплю 10 электрацягнікоў. 6 электрацягнікоў ужо пастаўлена, пастаўка яшчэ 4-х чакаецца ў першым паўгоддзі 2022 года».

Па словах намесніка Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоля Сівака, стратэгічны кірунак па электрыфікацыі чыгункі было вызначана больш за 10 гадоў таму: «Сёння мы бачым не толькі кантактны провад над пуцямі, але і новы рухомы састаў. Перамены закранулі і лакаматыўныя дэпо». Ён падкрэсліў, што чыгунка развіваецца за кошт уласных сродкаў: «Гэта вельмі важна. Жадаю, каб і ў далейшым былі рэсурсы для развіцця такога досыць складанага вытворчага арганізма».

Работы па электрыфікацыі ўчастка Жлобін–Калінкавічы–Барбароў пачаліся ў 2018 годзе. Пры будаўніцтве ўжывалася сучаснае абсталяванне, матэрыялы і канструкцыі кантактнай сеткі, лінейных прылад цягавага электразабеспячэння. Былі пабудаваны дзве цягавыя падстанцыі, тры раёна кантактнай сеткі, іншыя аб'екты інфраструктуры электразабеспячэння.

У чэрвені 2020 года быў уведзены ў эксплуатацыю ўчастак чыгункі ад станцыі Жлобін да станцыі Светлагорск–на-Бярэзіне.

Рэалізацыя праекта па электрыфікацыі ўчастка Жлобін–Калінкавічы накіравана на ўмацаванне транспартных сувязяў і актывізацыю развіцця Гомельскага, Магілёўскага і Мінскага рэгіёнаў, павышэнне якасці абслугоўвання пасажыраў.

Жыхарам Калінкавічаў прадастаўлена магчымасць штодзённага бесперасадачнага праезду ў дзённы час сутак у сталіцу і назад на камфартабельных электрацягніках. Для арганізацыі пасажырскіх зносін, якія злучаюць Калінкавічы са Жлобінам і Мінскам, распрацаваны графік руху цягнікоў рэгіянальных ліній бізнес-класа. Перавозкі будуць ажыццяўляцца сучаснымі саставамі ЭПР, якія ўжо заваявалі папулярнасць у жыхароў і гасцей нашай краіны.

27 снежня 2021 года ў першы рэгулярны рэйс па маршруце Калінкавічы–Светлагорск–Жлобін–Мінск у 18:22 адправіўся цягнік рэгіянальных ліній бізнес-класа № 874/873, які прыбудзе ў сталіцу Беларусі ў 21:44.

У гэты ж дзень з Мінска ў 20:48 па маршруце Мінск–Калінкавічы адправіцца цягнік рэгіянальных ліній бізнес-класа № 876/875, які прыбудзе ў Калінкавічы ў 00:28.

У далейшым з 28 снежня 2021 года ў зносінах Калінкавічы–Мінск–Калінкавічы штодня будуць курсіраваць цягнікі рэгіянальных ліній бізнес-класа (ЭПР) № 876/875 і № 874/873.

Цягнік № 876/875 будзе адпраўляцца са станцыі Калінкавічы ў 06:02 і прыбываць на станцыю Мінск-Пасажырскі ў 09:34. У зваротным кірунку цягнік адправіцца ў 20:48 і прыбудзе ў Калінкавічы ў 00:28.

Цягнік № 874/873 будзе адпраўляцца са станцыі Мінск-Пасажырскі ў 14:00 і прыбываць на станцыю Калінкавічы ў 17:26. У зваротным кірунку цягнік адправіцца ў 18:22 і прыбудзе ў сталіцу нашай краіны ў 21: 44.

Па маршруце руху дадзеныя цягнікі будуць рабіць прыпынкі на ст. Светлагорск-на-Бярэзіне, Жлобін, Чырвоны Бераг, Бабруйск, Асіповічы-1 і Пухавічы.

Выкарыстанне інавацыйнага рухомага саставу на электрыфікаваных участках павышае камфорт транспартных зносін, эфектыўнасць эканамічных сувязяў і мабільнасць насельніцтва, скарачае час знаходжання ў дарозе. Да прыкладу, час у дарозе ад Калінкавічаў да Мінска раней складаў ад 4,5 да 6 гадзін, а пасля адкрыцця руху электрацягнікоў складзе 3,5 гадзіны.

Таксама ў мэтах умацавання транспартных сувязяў у Гомельскім рэгіёне з 27 снежня 2021 года ў зносінах Калінкавічы–Жлобін–Калінкавічы прадугледжана курсіраванне цягнікоў рэгіянальных ліній эканомкласа на электрацязе.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ


Да спісу навін за 2021 год