Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка падвяла вынікі акцыі «Дзеці і бяспека»

04 лістапада 2021

Беларуская чыгунка падвяла вынікі акцыі, накіраванай на прафілактыку няшчасных выпадкаў на аб'ектах чыгуначнага транспарту з удзелам непаўналетніх, «Дзеці і бяспека». З 21 кастрычніка па 31 кастрычніка 2021 года, напярэдадні школьных канікул, работнікамі БЧ сумесна з членамі пярвічных арганізацый ГА «БРСМ», супрацоўнікамі органаў унутраных спраў былі арганізаваны рэйды, падчас якіх надавалася асаблівая ўвага дзецям і падлеткам, якія знаходзяцца без нагляду дарослых паблізу чыгуначных пуцей, на вакзалах, станцыях і ў цягніках. Акрамя таго, на вакзалах і ў цягніках грамадзян дадаткова інфармавалі аб мерах бяспекі пры знаходжанні на аб'ектах чыгуначнага транспарту, праводзілася тлумачальна-прафілактычная работа ў працоўных калектывах прадпрыемстваў і ва ўстановах адукацыі.

У рамках акцыі работнікамі Беларускай чыгункі арганізаваны 238 рэйдаў. Выяўлены і выведзены ў бяспечныя месцы 32 непаўналетніх, якія знаходзіліся на аб'ектах чыгункі без суправаджэння бацькоў або дарослых. З 14 непаўналетнімі, якія знаходзіліся на чыгуначных пуцях ў навушніках і размаўлялі па мабільным тэлефонах, праведзены прафілактычныя гутаркі.

Акрамя таго, удзельнікамі акцыі было праведзена 412 выступленняў у працоўных калектывах і ўстановах адукацыі па пытаннях выканання правілаў бяспекі на чыгуначным транспарце. У іх прынялі ўдзел 36,8 тыс.чалавек, 25,3 тыс. з якіх – непаўналетнія. Распаўсюджана больш за 7 тыс. прафілактычных памятак.

За 10 месяцаў гэтага года на Беларускай чыгунцы адбылося 80 выпадкаў невытворчага траўматызму, пацярпелі 80 чалавек, з якіх 4 – непаўналетнія (адно дзіця загінула).

33 чалавека ці 41,2% ад агульнай колькасці пацярпелых знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення.

За 10 месяцаў 2020 года таксама адбылося 80 выпадкаў невытворчага траўматызму, пацярпелі 80 чалавек, з якіх 5 – непаўналетнія (3 дзіцяці загінулі).

Асноўная прычына няшчасных выпадкаў па-ранейшаму – ігнараванне людзьмі элементарных мер бяспекі. У прыватнасці, знаходжанне ў зоне павышанай небяспекі ў стане алкагольнага ап'янення, размовы па мабільным тэлефоне, знаходжанне ў навушніках пры пераходзе чыгуначных пуцей, парушэнне вадзіцелямі правілаў дарожнага руху пры перасячэнні чыгуначных пераездаў і г. д.

Беларуская чыгунка удзяляе вялікую ўвагу пытанню забеспячэння бяспекі на аб'ектах чыгуначнага транспарту: з пачатку 2021 года праведзена 5 акцый «Дзеці і бяспека», арганізавана 5,4 тыс. прафілактычных рэйдаў, праведзена 2,7 тыс. тлумачальна-прафілактычных гутарак у працоўных калектывах прадпрыемстваў і ва ўстановах адукацыі, у рэгіянальных і рэспубліканскіх СМІ і на інтэрнэт-рэсурсах апублікавана больш за 100 інфармацыйных паведамленняў на дадзеную тэматыку.

Беларуская чыгунка заклікае грамадзян быць больш уважлівымі на аб'ектах чыгуначнага транспарту. Беражыце сябе і сваіх блізкіх!

 

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ


Да спісу навін за 2021 год