Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Беларуская чыгунка прымае ўдзел у XXX пленарным пасяджэнні Міжнароднага Каардынацыйнага савета па транс'еўразійскіх перавозках (КСТП)

16 верасня 2021

XXX пленарнае пасяджэнне Міжнароднага Каардынацыйнага савета па транс'еўразійскіх перавозках (КСТП) праходзіць 15-16 верасня 2021 года ў г.Маскве (Расійская Федэрацыя) у фармаце відэаканферэнцыі.

Мерапрыемства адкрыў старшыня КСТП, генеральны дырэктар-старшыня праўлення ААТ «РЖД» Алег Белазёраў.

Дэлегацыю беларускай магістралі ўзначаліў Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў.

У першы дзень пасяджэння ўдзельнікі мерапрыемства абмеркавалі перспектывы развіцця і актуальныя праблемы арганізацыі транс'еўразійскіх чыгуначных перавозак, у тым ліку адзначылі сувязную ролю КСТП у развіцці перавозак у зносінах Азія–Еўропа, разгледзелі пытанні цыфравізацыі перавозачнага працэсу, развіцця інфраструктуры чыгуначных маршрутаў і транспартных магутнасцяў марскіх партоў для забеспячэння бесперабойнай арганізацыі мультымадальных перавозак у еўра-азіяцкіх зносінах.

Акрамя таго, удзельнікі пасяджэння вызначылі стратэгічныя задачы на бліжэйшую перспектыву па развіцці кантэйнернага бізнесу ў зносінах Азія–Еўропа.

Як адзначыў у сваім выступленні Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў, нават у няпростых умовах уплыву пандэміі грузавыя чыгуначныя перавозкі ў міжнародных зносінах ажыццяўляюцца без перабояў і перапынкаў, у тым ліку ў зносінах Азія–Еўропа–Азія.

2020 год стаў важным для Беларускай чыгункі ў частцы кантэйнерызацыі бізнесу. Упершыню ва ўсіх відах зносін было перавезена больш аднаго мільёна кантэйнераў у ДФЭ (140% да ўзроўню 2019 года).

Значны аб'ём перавозак грузаў у кантэйнерах займаюць перавозкі ў зносінах з Кітаем.

Усяго за 8 месяцаў 2021 года транзітам праз Беларусь у зносінах Кітай–Еўропа–Кітай перавезена больш за 470 тысяч кантэйнераў у ДФЭ, або 143% да мінулага года.

У дадатак да памежнага пераходу Брэст–Цярэспаль арганізаваны перавозкі кантэйнернымі цягнікамі праз беларуска-польскія пагранічныя пераходы Брузгі–Кузніца Беластоцкая і Свіслач–Семянуўка. Актыўна развіваюцца кантэйнерныя праекты праз Калінінградскую вобласць, у тым ліку праз порт Калінінград у мультымадальных зносінах.

Таксама Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў у сваім выступленні акцэнтаваў увагу на неабходнасць выканання шэрагу задач для захавання тэмпаў развіцця кантэйнерных перавозак, такіх як фарміраванне дакладных і збалансаваных планаў па развіцці чыгуначнай інфраструктуры маршрутаў Кітай–Еўропа–Кітай, асабліва на памежных пераходах на стыках каляі 1520 і 1435, павышэнне якасці планавання перавозак кантэйнернымі цягнікамі, работа над укараненнем скразнога раскладу руху кантэйнерных цягнікоў на ўсім маршруце руху і над стварэннем «адзінай лічбавай прасторы».

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ


Да спісу навін за 2021 год