Напярэдадні Дня Перамогі работнікі Беларускай чыгункі адправяцца ў Брэст на цягніку Памяці «Скрозь гады звініць Перамога»
05 мая 2021
7 – 8 мая 2021 года ў рамках патрыятычнай акцыі, прымеркаванай да Дня Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, і мерапрыемстваў Года народнага адзінства адбудзецца экскурсійная паездка на цягніку Памяці «Скрозь гады звініць Перамога».
У акцыі прымуць удзел 160 прадстаўнікоў Беларускай чыгункі.
Арганізатарамі праекта выступае Турыстычны цэнтр «Дартур» і прафсаюзныя арганізацыі Беларускай чыгункі.
Удзельнікі мерапрыемства на цягніку Памяці «Скрозь гады звініць Перамога» пройдуць па маршруце Мінск – Брэст – Мінск. У Брэсце для чыгуначнікаў прадугледжана патрыятычная экскурсійная праграма з наведваннем мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць – герой» і ўскладаннем кветак да Вечнага агню. Акрамя таго, запланавана наведванне музея чыгуначнай тэхнікі і тэматычны святочны канцэрт «Па дарогах песні франтавой», падрыхтаваны калектывамі культурна-спартыўных цэнтраў Брэсцкага і Мінскага аддзяленняў БЧ.
Пры пасадцы ў цягнік пасажыраў сустрэнуць праваднікі ў стылізаванай ваеннай форме, а ў дарозе для іх будуць арганізаваны тэматычныя конкурсы і віктарыны, пад акампанемент баяна прагучаць песні ваенных гадоў.
Варта адзначыць, што сярод пасажыраў цягніка Памяці ёсць і перадавікі вытворчасці станцый Мінск-Сартавальны і Орша, лакаматыўных дэпо Мінск і Орша, Мінскай і Аршанскай дыстанцый сігналізацыі і сувязі, Мінскай дыстанцыі пуці, якія ў гэтым годзе адзначаюць 150-годдзе з дня ўтварэння. Многія з іх заахвочаны дадзенай паездкай за добрасумленную працу.
Аналагічны тур для ўсіх жадаючых Турыстычны цэнтр «Дартур» Беларускай чыгункі плануе арганізаваць напярэдадні Дня вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ
Да спісу навін за 2021 год