Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Прадпрыемствы Беларускай чыгункі ўдастоены Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь у галіне якасці

14 красавіка 2021

Лаўрэатамі Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці 2020 года сталі ПВРУП «Інстытут «Белчыгунпраект» і ААТ «Барысаўскі шпалапрапітны завод», акцыі якога перададзены ў кіраванне БЧ.

Акрамя таго званне лаўрэата прэміі пацвердзіла Віцебскае вагоннае дэпо (дадзенае прадпрыемства раней ужо двойчы станавілася лаўрэатам прэстыжнай Прэміі Урада за дасягненні ў галіне якасці - па выніках работы за 2014 і 2017 год).

Галоўнымі крытэрыямі ўдзелу ў конкурсе з'яўляюцца дасягненне значных вынікаў у галіне забеспячэння якасці вырабленай прадукцыі, выконваемых работ або паслуг, укараненне інавацыйных тэхналогій і сучасных метадаў менеджменту.

Мадэль, па якой праводзіцца конкурс на саісканне Прэміі Урада, улічвае тэндэнцыі сучаснага менеджменту, гарманізавана з крытэрыямі Прэміі Садружнасці Незалежных Дзяржаў за дасягненні ў галіне якасці прадукцыі і паслуг і мадэлі дасканаласці Еўрапейскага фонду кіравання якасцю (EFQM). Гэта дазваляе экспертам больш дэталёва ацаніць узровень работ па якасці ў арганізацыях, а прадпрыемствам-удзельнікам будаваць свой падыход у галіне менеджменту якасці на прынцыпах, якія прымяняюцца іх замежнымі партнёрамі.

Праектна-вышукальнае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Інстытут «Белчыгунпраект» Беларускай чыгункі - адна з найстарэйшых праектных кампаній у Рэспубліцы Беларусь, якая мае больш чым 80-гадовую гісторыю і рэпутацыю надзейнага партнёра. Сёння - гэта сучасны праектны інстытут з высокапрафесійнай кіраўніцкай і выканальніцкай камандай, які дазваляе паспяхова работать на айчынным і замежным рынку.

Адкрытае акцыянернае таварыства «Барысаўскі шпалапрапітны завод» сёння з'яўляецца самым сучасным профільным прадпрыемствам на тэрыторыі СНД. ААТ «Барысаўскі шпалапрапітны завод» забяспечвае ў поўным аб'ёме патрэбнасці Беларускай чыгункі ў драўляных шпалах, брусах для стрэлачных пераводаў, маставых брусах. Высокая якасць прадукцыі дазволіла прадпрыемству стаць пастаўшчыком шпальной прадукцыі для буйных замежных кампаній. Важнейшы прыярытэт вытворчай дзейнасці - забеспячэнне паказчыкаў якасці і бяспекі прадукцыі. На заводзе дзейнічае сістэма менеджменту якасці СТБ ISO 9001-2015.

Віцебскае вагоннае дэпо - адно з найстарэйшых прадпрыемстваў Беларускай чыгункі. Асаблівасцямі дэпо з'яўляюцца яго высокая тэхнічная аснашчанасць і наяўнасць разам з тыпавой арганізацыяй працэсу рамонту грузавых вагонаў такіх вытворчых магутнасцяў як комплекс вонкавай шротаструменнай ачысткі і афарбоўкі даўгавечнымі лакафарбавымі матэрыяламі грузавых вагонаў; вытворчасць капітальнага рамонту вагонаў-цыстэрнаў для перавозкі нафтапрадуктаў з мадэрнізацыяй і прадаўжэннем тэрміну службы; вытворчасць рамонту колавых пар са зменай элементаў з участкам прэсавага фарміравання колавых пар і інш. У 2003 годзе Віцебскае вагоннае дэпо ў ліку першых на БЧ укараніла сістэму менеджменту якасці. Сёння на прадпрыемстве дзейнічае сістэма менеджменту якасці капітальнага і дэпоўскага рамонту грузавых вагонаў ISO 9001-2015.

Інфармацыя падрыхтавана прэс-цэнтрам БЧ



Да спісу навін за 2021 год